Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Гомельскай вобласьці браніруюць працоўныя месцы для амніставаных


Казімір Яноўскі, Гомля. На прадпрыемствах Гомельскай вобласьці забраніравана звыш 300 працоўных месцаў для людзей, якія выйдуць з турмаў на волю пасьля амністыі з нагоды 60-х угодкаў Перамогі.

Працоўныя месцы рэзэрвуюць цэнтры занятасьці насельніцтва. Месцы гэтыя браніруюць найперш на прамысловых прадпрыемствах і ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Паводле сьцьвярджэньня абласной управы службы занятасьці, багата тых, хто выйдзе на волю, прыме машынабудаўнічае аб`яднаньне “Гомсельмаш”.

Амніставаным у цэнтры занятасьці будуць прапаноўваць і працаўладкаваньне ў вёсцы, дзе бракуе рабочых рук. Да прыкладу, у суседнім з абласным цэнтрам Веткаўскім раёне налічваецца цяпер звыш 80 вакансіяў.

Паводле зьвестак абласной міліцэйскай управы, у рэгіёне на волю на падставе амністыі выйдзе каля 600 чалавек. Многім пакараньне будзе паслаблена. Але ж цэнтры занятасьці зьбіраюцца ўладкаваць на працу толькі тры сотні з ліку тых, хто выйдзе на волю. Але гэта пакуль толькі намер. У рэальным жыцьці былым асуджаным не так проста ўладкавацца на сталую працу.

Распавядае старшыня рэгіянальнай суполкі Беларускага Хэльсінскага Камітэту Алесь Яўсеенка:

(Яўсеенка:) “Працаўладкавацца таму, хто ўжо адбыў пакараньне, вельмі складана. На іх глядзяць ужо, як на патанцыйных злачынцаў. На прадпрыемствах, калі ім даюць накіраваньне з цэнтру занятасьці, нярэдка кажуць, што інфармацыя састарэла, месцаў ужо няма. У сваёй праваабарончай дзейнасьці мы сутыкаемся з такою праблемаю. Гэтыя людзі, што выйшлі на волю з месцаў пакараньня і не знайшлі працу, яны, каб жыць, проста ідуць на супрацьпраўныя дзеяньні – узломваюць дачы ў людзей, крадуць ежу, крадуць з падвалаў усё, што трапляе пад рукі. У лепшым выпадку ідуць бамжаваць, прасіць міласьць”.

Спадар Яўсеенка лічыць, што ў Беларусі зашмат людзей знаходзіцца ў месцах пазбаўленьня волі. Прычым, зусім не за цяжкія злачынствы. Праваабаронца лічыць, што ў Беларусі, у адрозьненьне ад эўрапейскіх краінаў, за нязначныя ўчынкі мала практыкуецца пакараньне штрафамі, вызваленьне пад заклад, абмежаваньне перамяшчэньня, забарона наведваць пэўныя месцы:

(Яўсеенка:) “Каб гэта практыкавалася, многія людзі не былі б асуджаны. Мера пакараньня да іх учынена, але воля не абмяжоўваецца. На іх інакш глядзелі б. Калі чалавек адсядзеў у турме альбо калёніі і выходзіць на волю, на яго ўжо глядзяць з падазрэньнем, таму што адтуль у нас нармалёвым чалавекам ужо не выйдзеш. Гэта не папраўчыя установы, хаця яны такімі павінны быць і назву такую маюць. Яны ў прынцыпе ломяць чалавека, ягоную псіхіку. Людзі адтуль выходзяць раззлаванымі, схільнымі на больш сур`ёзныя злачынствы, чым тыя, за якія яны ў калёнію патрапілі”, - лічыць старшыня рэгіянальнай суполкі Беларускага Хэльсінскага Камітэту Алесь Яўсеенка.
XS
SM
MD
LG