Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працягваецца судовы разгляд справы Андрэя Клімава


Любоў Лунёва, Менск 19 траўня Першамайскі раённы суд Менску працягне разгляд крымінальнай справы Андрэя Клімава. Пракуратура абвінавачвае яго ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку. Першае паседжаньне адбылося 6 красавіка, а 22 красавіка Андрэя затрымалі ў цэнтры Менску і дагэтуль трымаюць пад вартай у сьледчым ізалятары. Паводле яшчэ адной крымінальнай справы апазыцыйнага палітыка абвінавачваюць у арганізацыі вулічнай дэманстрацыі, у часе якой нібыта адбываліся масавыя беспарадкі.

Паплечнікі Андрэя Клімава ня ведаюць, ці будзе агучаны нарэшце прысуд. Справу завялі яшчэ ў сьнежні за публікацыі, якія распаўсюджваліся на тэрыторыі Беларусі. На сьледцтве і на судзе Андрэй Клімаў адмовіўся ад паслугаў адваката, спаслаўшыся на тое, што ў палітычных справах рашэньне загадзя вядомае. Судовыя паседжаньні праходзяць за зачыненымі дзьвярыма. Андрэй Клімаў заявіў: ягоныя творы напісаныя ў жанры палітычнага памфлету. Прадстаўніца пракуратуры папрасіла даць ёй час, каб падрыхтавацца да наступнага паседжаньня, якое мусіла адбыцца 23 красавіка. Але менавіта ў той дзень Андрэя арыштавалі паводле новай крымінальнай справы. Усе чакалі, што яе аб’яднаюць зь першай і суд пройдзе ў адным месцы, але пакуль такога рашэньня не прынята. Хутчэй за ўсё сёньня будзе агалошаны прысуд, бо ў Цэнтральным судзе ўжо знаходзіцца крымінальная справа за арганізацыю дэманстрацыі 25 сакавіка. Жонка Андрэя Клімава Таццяна Леановіч сказала некалькі слоў Радыё Свабода:

(Клімава:) “Канешне, я сёньня буду прысутнічаць на судзе. Разумею, што гэта не паўплывае на рашэньне суду, але гэта маральная падтрымка. Хаця ён барацьбіт, гэта падыме яму настрой, надасьць аптымізму і будуць сілы для далейшай барацьбы. Яны яму спатрэбяцца, бо яго чакае яшчэ адзін суд у Цэнтральным судзе.”

Андрэй Клімаў ня першы чалавек, якога судзяць за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Абмежаваньнем волі былі пакараныя Павал Мажэйка, Мікола Маркевіч, Віктар Івашкевіч. Аляксандр Васільеў і Валеры Леванеўскі трапілі за краты. Але супраць Клімава завялі яшчэ адну крымінальную справу.

Паўла Севярынца і Міколу Статкевіча 23 траўня пачнуць судзіць за арганізацыю вулічных выступленьняў. Тое, што Андрэя Клімава будуць судзіць два разы запар, на думку Паўла Севярынца ёсьць сьведчаньнем страху ўладаў перад людзьмі, якія з’яўляюцца патэнцыйнымі лідэрамі ў часе вулічных выступленьняў.

(Севярынец:) “Сапраўдная прычына таго, што Андрэя Клімава вядуць паводле двух крымінальных спраў і дастаўляюць у суд у кайданках палягае ў тым, што ён палітык неардынарны, палітык са сваёй харызмай, здольны павесьці за сабой людзей на вуліцы. А менавіта такіх людзей баіцца сёньняшняя ўлада. Пасьля рэвалюцыйных падзей ва Ўкраіне, Грузіі, Кіргізіі, сёньняшніх падзей ва Ўзбэкістане, такія людзі выклікаюць папросту жах ва ўлады. Напэўна, улады перастрахоўваюцца, бо дзьве крымінальныя справы – і абраза прэзыдэнта і масавыя беспарадкі – гэта фактычна адназначна турма для Андрэя Клімава.”

Сьледства падоўжыла тэрмін зьняволеньня Андрэя Клімава да 22 чэрвеня. Але напрыканцы траўня стане вядома дата судовага паседжаньня і прозьвішча суддзі. Хутчэй за ўсё Андрэя пачнуць судзіць адразу пасьля таго, як скончыцца суд над Паўлам Севярынцам і Міколам Статкевічам. Гэта будзе ўжо трэцьцяя крымінальная справа ў жыцці Андрэя Клімава. Чатыры гады – з 1998-га да 2002-га – ён правёў за кратамі паводле абвінавачваньняў за злоўжываньні і крадзяжы. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі яго вязьнем сумленьня.
XS
SM
MD
LG