Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларускае пытаньне” на саміце Рады Эўропы


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 17 траўня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: кіраўнік аналітычнай службы кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і журналістка газэты “Белорусский рынок” Марыя Садоўская.

(Валер Карбалевіч: ) “Рада Эўропы (РЭ) аб’ядноўвае 46 краінаў, прычым, ня толькі эўрапейскія, але і тыя краіны Азіі, якія ўваходзілі ў склад СССР. Толькі адна краіна Эўропы не зьяўляецца чальцом гэтай арганізацыі, Беларусь. Другі дзень у Варшаве праходзіць саміт Рады Эўропы. Сымбалічна, што ён праходзіць у сталіцы Польшчы, краіны Ўсходняй Эўропы. Гэта сымбалізуе посьпех працэсу распаўсюду эўрапейскіх каштоўнасьцяў на Ўсход. Адрозна, напрыклад, ад другой агульнаэўрапейскай арганізацыі — АБСЭ, у Радзе Эўропы няма сур’ёзных супярэчнасьцяў паміж яе сябрамі. Усе яны прызнаюць прынцыпы прыярытэту свабоды і правоў чалавека, ва ўсялякім разе, ніхто публічна не аспрэчвае гэтага. Толькі міністар замежных справаў Расеі Лаўроў казаў пра двайныя стандарты. Саміт павінен прыняць шэраг дакумэнтаў, якія вызначаюць праграму дзеяньняў арганізацыі на пэрспэктыву. Як можна ацаніць працу саміту і ягоныя вынікі?”

(Аляксандр Класкоўскі: ) “Першая выснова, якая проста ляжыць на паверхні: як ніколі выразна відаць, што Беларусь сталася “цёмнаю плямаю” ці “чорнаю дзіркаю” на мапе Эўропы. Напрыклад, у выпуску “Эўраньюс”, калі гэты сюжэт закранаўся, то гэта літаральна было відаць, бо паказвалі мапу Эўропы з гэтай “чорнаю плямаю”. Гэта ілюструе поўнае фіяска замежнай палітыкі Беларусі, што б ні казала беларуская прапаганда пра шматвэктарнасьць. Гэта ганебная сытуацыя. Калі афіцыйны Менск проста апынуўся па-за гульнёй.

Зь іншага боку, я паглядзеў, як асьвятляюць гэты саміт нашыя некаторыя апазыцыйныя мэдыі. Там ідзе зьмяшчэньне акцэнтаў. Зь іхных паведамленьняў вынікае, што, нібыта, уся Эўропа адклала ў бок свае справы і толькі гаворыць пра Беларусь. Гэта таксама не зусім так. Тут жаданае выдаецца за існае. Таму што і ў самой Эўропе, і, у прыватнасьці, у РЭ ёсьць шмат уласных праблемаў. Напрыклад, так бы мовіць, крызіс самаідэнтыфікацыі гэтай арганізацыі. Таму што вельмі мацнее Эўразьвяз і цягне коўдру на сябе. Гэта асобная праблема. Факт той, што аб’яднаная Эўропа сутыкнулася з цэлым шэрагам глябальных выклікаў, кшталту тэрарызму, нелегальнай міграцыі. І гэта адлюстравана ў сумесных дакумэнтах саміту.

Іншы момант. У Расеі даволі складаныя адносіны з Эўропай. Тут шмат нявырашаных пытаньняў. І калі гэта праецыраваць на беларускую сытуацыю, то Масква будзе і надалей выступаць у ролі адвакату беларускага рэжыму. Што прадэманстраваў і міністар замежных справаў Расеі Лаўроў у Варшаве. Таму сытуацыя неадназначная. Саміт у Варшаве — гэта важнае мерапрыемства, яно будзе мець пэўны ўплыў на Беларусь. Але перабольшваць яго таксама ня трэба”.

(Марыя Садоўская: ) “Па-першае, трэба адзначыць, што гэты саміт толькі трэці ў гісторыі РЭ, якая існуе з 1946 году. Такое мерапрыемства — гэта новая форма сустрэчы лідэраў краінаў-сябраў арганізацыі. Зразумела, што галоўнаю мэтаю саміту было не “беларускае пытаньне”, а тое, як каштоўнасьці, пад якімі падпісаліся паўнамоцныя прадстаўнікі 800 мільёнаў эўрапейскіх грамадзянаў, распаўсюдзіць на кожнага грамадзяніна.

І яшчэ праблема: як не дапускаць падвойных стандартаў. Таму што пра іх казаў ня толькі Лаўроў, але і Тэры Дэвіс у сваім уступным слове. Пытаньне пра тое, як уніфікаваць тыя нормы і правілы, якіх прытрымліваюцца вельмі розныя краіны Эўропы, Расея, краіны Каўказу, будзе заставацца важным і надалей. Але зь іншага боку, калі лідэры краінаў зьбіраюцца разам і бачаць, што ўвесь эўрапейскі кантынэнт аб’яднаны ў гэты саюз, ёсьць толькі адна пляма, якую Адамкус назваў “шэраю зонаю”, то яны ўсё больш увагі будуць надаваць Беларусі. Гэтае пытаньне будзе зьяўляцца на парадку дня РЭ. Але нельга ім абмяжоўваць дзейнасьць РЭ, якая спрабуе цяпер вызначыць сваё месца ў Эўропе, супрацоўніцтве зь іншымі эўрапейскімі арганізацыямі, то бок з Эўразьвязам і АБСЭ”.

(Карбалевіч: ) “Беларускае пытаньне”, можа, адзінае, якое выклікала спрэчкі. Пра яго згадалі прэзыдэнты Літвы, Грузіі, іншыя выступоўцы. Прэзыдэнт Літвы Адамкус назваў Беларусь “шэрай зонай”, казаў, што сытуацыя, якая склалася тут, гэта агульная параза ўсёй Эўропы. Як гучала “беларускае пытаньне” на саміце ў Варшаве?”

(Класкоўскі: ) “З аднаго боку, у задачы саміту не ўваходзіла задача прыняць нейкую жорсткую рэзалюцыю па Беларусі. І ў выніковых дакумэнтах яна, магчыма, ня будзе фігураваць. Іншая рэч, сам дух, атмасфэра гэтага саміту. І тут агульная заклапочанасьць, што Беларусь выпала з эўрапейскага кантэксту, будзе гучаць. Прычым, з розных бакоў. Нават выступ Лаўрова — гэта таксама своеасаблівая праява гэтай заклапочанасьці.

Адметнымі сталі выступы Адамкуса, Саакашвілі. Адамкус — кіраўнік суседняй дзяржавы. Саакашвілі — лідэр ружовай рэвалюцыі. Іх аб’ядноўвае тое, што гэта лідэры постсавецкіх дзяржаваў. Таму яны лепей адчуваюць, што адбываецца ў Беларусі, чым, напрыклад, пэўныя функцыянэры ў Страсбуры ці Брусэлі. Саміт РЭ дае такі агульны імпульс, ён, нібыта, дабраслаўляе нашых суседзяў, лідэраў постсавецкіх краінаў, якія здолелі пайсьці шляхам дэмакратыі, спрыяць таму, каб у гэтым кірунку пайшла Беларусь”.

(Садоўская: ) “Аб’яднаная Эўропа наблізілася да межаў Беларусі. З свайго боку, Беларусь дэманстравала намер стаць сябрам РЭ. Шмат краінаў-суседзяў, іншых краінаў спрабавалі стаць пасярэднікамі паміж Беларусьсю і Эўропай. Але апошнім часам найбольш выразна акрэсьліваюць сваю пазыцыю адносна Беларусі прэзыдэнты Літвы і Грузіі. Яны неаднаразова падымаюць гэтае пытаньне. Апошнім разам менавіта прэзыдэнт Літвы Адамкус узьняў “беларускае пытаньне” на сустрэчы зь лідэрамі ГУУАМ. Але гэтыя лідэры будуць лабіяваць інтарэсы грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

І ў гэтым ім дапамагае ЗША. Таму што нядаўна прэзыдэнты Літвы і Грузіі мелі сустрэчы з Бушам, на якіх, магчыма, таксама абмяркоўвалася “беларускае пытаньне”. Калі б не было гэтых сустрэчаў, кансалідаванай пазыцыі ЗША і Эўропы наконт Беларусі, то гэтае пытаньне не было б такім выразным. Таму што, напрыклад, камісар Эўразьвязу па зьнешніх пытаньнях і палітыцы суседзтва, якая выступала на саміце, пра Беларусь не сказала ні слова, хоць Беларусь зьяўляецца суседкай Эўразьвязу”.

(Карбалевіч: ) “Зразумела, казаць пра нейкі моцны ўплыў гэтага саміту, увогуле Рады Эўропы на сытуацыю ў Беларусі не даводзіцца. Але з дыскусіі на саміце можна зрабіць пэўныя высновы пра важнасьць “беларускай праблемы” для эўрапейскай супольнасьці, расклад сілаў, пазыцыі розных краінаў у дачыненьні да Беларусі. Што можна сказаць з гэтага гледзішча?”

(Класкоўскі: ) “Вынікі гэтага саміту будуць мець на Беларусь апасродкаваны ўплыў. Натуральна, гэта ня будзе сфармулявана ў выглядзе нейкіх імпэратываў у выніковых дакумэнтах. Але разам з тым, я думаю, дух гэтага саміту вызначыцца ў тым, каб весьці больш акрэсьленую палітыку ў дачыненьні да Беларусі. Будзе праяўляцца тэндэнцыя да таго, каб больш жорстка ставіцца да афіцыйнага Менску і, разам з тым, разьвіваць наўпроставыя непасрэдныя кантакты зь беларускай апазыцыяй, грамадзянскай супольнасьцю, трэцім сэктарам.

Гэтая тэндэнцыя, якая акрэсьлілася на саміце, пра тое, што нельга пакідаць Беларусь “чорнай плямай”, будзе знаходзіць сваё афармленьне ў лякальных мерапрыемствах. У прыватнасьці, напэўна, будзе наладжана і тэлерадыёвяшчаньне з-за межаў Беларусі, будзе падтрымка трэцяму сэктару, недзяржаўным мэдыям. Натуральна, гэтае спрыяньне будзе вельмі важным, хаця і не вызначальным. Таму што асноўныя чыньнікі пераменаў усё ж такі палягаюць унутры Беларусі”.

(Садоўская: ) “Гэты саміт цяпер акрэсьлівае пазыцыі. Была пазыцыя Беларусі, што яна гатовая супрацоўнічаць з РЭ. Афіцыйны Менск просіць: вазьміце нас, мы нічога ня будзем мяняць, але ня супраць быць сябрамі РЭ. А ў дачыненьнях з Эўразьвязам пазыцыя Беларусі іншая. Доўгі час пазыцыя РЭ грунтавалася на тым, што, мусіць, трэба прыняць Беларусь, і гэта дапаможа вырашэньню праблемаў. Але мінулым годам пасьля некалькіх справаздачаў па Беларусі стала зразумела, што цяпер РЭ на такіх умовах прыняць Беларусь у якасьці сябра арганізацыі ня можа.

І гэты саміт пазбаўляе ілюзіяў афіцыйны Менск наконт таго, што Беларусь можа быць прынята ў РЭ, не зьвяртаючы ўвагу на тыя праблемы з правамі чалавека, якія існуюць у краіне. Пакуль у Беларусі ня будуць зробленыя крокі дзеля дэмакратызацыі, ніякага супрацоўніцтва эўрапейскімі структурамі ня будзе. За выключэньне праблемаў міграцыі, наркатрафіку. Але з-за таго, што Беларусь не зьяўляецца сябрам РЭ, яна не змагла падпісаць адпаведных дакумэнтаў. Галоўнае значэньне будуць мець дачыненьні Беларусі з Эўразьвязам, ЗША, Расеяй. Менавіта гэтыя гульцы, а ня Рада Эўропы, будуць граць вырашальную ролю ў наступныя гады”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, саміт Рады Эўропы засьведчыў, што “беларускае пытаньне” стаіць на парадку дня эўрапейскай супольнасьці, якая імкнецца, насуперак пазыцыі яе кіраўніцтва, выцягнуць Беларусь з стану “шэрай зоны”, зрабіць краіну часткай агульнаэўрапейскай гуманітарнай прасторы”.
XS
SM
MD
LG