Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады лічаць непажаданым знаходжаньне ў Беларусі першага сакратара амбасады Польшчы ў Менску


Альгерд Невяроўскі, Менск Цягам месяца Марэк Буцька павінен пакінуць тэрыторыю краіны. Міністар замежных справаў Польшчы Адам Ротфэльд сказаў, што будзе афіцыйны адказ на высылку польскага дыплямата.

Інфармацыю пра тое, што беларускія ўлады настойваюць на выдаленьні Марэка Буцькі з тэрыторыі Беларусі, пацьвердзіла сёньня амбасада Польшчы ў Менску. Гаворыць прэсавы сакратар амбасады Моніка Садкоўска:

(Садкоўска: ) “Магу сказаць, што мы атрымалі інфармацыю з пэўных беларускіх урадавых колаў пра тое, што далейшае знаходжаньне спадара дарадцы Буцькі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь непажаданае. І ён павінен пакінуць Беларусь цягам месяца”.

Пры гэтым спадарыня Садкоўска не хавае, што некалькі дзён таму амбасадар Польшчы Тадэвуш Паўляк быў выкліканы ў Міністэрства замежных справаў Беларусі, дзе яго папрасілі адклікаць свайго намесьніка Марэка Буцьку. Афіцыйна абвяшчаць польскага дыплямата пэрсонай нонграта беларускія ўлады ня сталі.

У амбасадзе Польшчы ў Менску не камэнтуюць прычынаў, паводле якіх беларускі бок настойвае, каб Марэк Буцька пакінуў Беларусь цягам месяца. Хаця тэрмін працы ў Менску першага сакратара амбасады заканчваецца сёлета ў кастрычніку.

Міністэрства замежных справаў Беларусі пакуль ня выступіла ў гэтай справе з афіцыйнай заявай.

Тым часам цягам апошніх некалькіх дзён дзяржаўныя беларускія СМІ двойчы згадвалі імя спадара Буцькі. Спачатку Беларускае тэлебачаньне паказала фільм “Хто заказаў Саюз палякаў?”, у якім было паказана, як Марэк Буцька нібыта ўмешваўся ва ўнутраныя справы гэтай арганізацыі і хваліў антырасейскае паўстаньне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі. А газэта “Советская Белоруссия”, са спасылкай на нейкіх ананімных сябраў Саюзу палякаў, сьцьвярджала, што Марэк Буцька “апошнім часам літаральна спрабаваў кіраваць арганізацыяй”.

У абавязкі Марэка Буцькі, як першага сакратара, уваходзілі кантакты з прадстаўнікамі беларускіх палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў і мэдыяў.

Міністар замежных справаў Польшчы Адам Ротфэльд заявіў, што справа высылкі Марэка Буцькі “ёсьць атакай на амбасаду Польшчы, якая павінна раззлаваць Польшчу”. Польскі міністар лічыць, што ўлады Беларусі баяцца “страціць кантроль над падзеямі з прычыны страху перад дэмакратычнымі зьменамі, падобнымі на тыя, якія адбыліся ва ўсіх краінах рэгіёну”. Кіраўнік польскага замежнапалітычнага ведамства сказаў, што будзе адпаведны адказ на высылку спадара Буцькі. Пры гэтым польскі міністар падкрэсьліў, што гэтыя дзеяньні будуць скіраваная супраць беларускіх уладаў, а ня супраць грамадзтва.

Сам Марэк Буцька, які цяпер знаходзіцца ў Польшчы, у інтэрвію шэрагу СМІ сказаў, што не рабіў нічога, што супярэчыла б беларускаму заканадаўству ці статусу дыплямата. Спадар Буцька спадзяецца вярнуцца ў Менск, дзе ў яго засталася сям’я — жонка і дачка.

Варта дадаць, што міністар замежных справаў Польшчы Адам Ротшэльд назваў меры, прынятыя беларускімі ўладамі адносна польскага дыплямата, “поўнай паранойяй”. Паводле польскага міністра бягучыя падзеі ў Беларусі тлумачацца “страхам Лукашэнкі страціць кантроль, страхам дэмакратычных пераменаў, якія ахапілі ўсе краіны рэгіёну”.
XS
SM
MD
LG