Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Няўжо мае ўнукі будуць хадзіць праспэктам Лукашэнкі?”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У нашай пошце па-ранейшаму нямала лістоў-водгукаў на нядаўняе перайменаваньне прэзыдэнтам Лукашэнкам шэрагу цэнтральных вуліц і праспэктаў Менску. Адзін з такіх лістоў даслаў настаўнік-пэнсіянэр зь Менску Мікалай Афанасенка. Ён піша:

“Я сёмы дзясятак жыву на гэтым сьвеце. У дзяцінстве бегаў па праспэкце Сталіна, у маладосьці хадзіў на спатканьні па Ленінскім праспэкце. У сталыя гады крочыў праспэктам Скарыны… Думаў, што Скарына — гэта надоўга: ён жа палітычнай каньюнктуры не падуладны. Аж атрымалася — залічылі і яго ў нацыяналісты. Часам разважаю: няўжо наш Аляксандар Рыгоравіч не задумваецца над тым, якім ён увойдзе ў гісторыю, як нашчадкі ўшануюць памяць пра яго? Век жа чалавечы кароткі. Няўжо думае, што мае ўнукі будуць хадзіць праспэктам Лукашэнкі? Але ў якой краіне добрым словам згадваюць аўтарытарных кіраўнікоў, нават калі яны пры жыцьці і паклапаціліся пра сваё ўвекавечаньне? Дзе гарады Брэжнеў, Андропаў, Чарненка, Жданаў? Дзе Сталінград і Ленінград?”

У нядаўняй гісторыі, сапраўды, шмат паралеляў, якія дазваляюць зь вялікай доляй верагоднасьці меркаваць пра тое, што застанецца ад аўтарытарных рэжымаў, калі іх кіраўнікі сыдуць з палітычнай арэны. Разважаючы пра будучыню Беларусі, відавочна, найперш варта азірнуцца на нядаўняе мінулае, калі рушыліся аўтарытарныя рэжымы ва Ўсходняй Эўропе. Нікалае Чаўшэску ў Румыніі, Эрых Гонэкер ва Ўсходняй Нямеччыне, Тодар Жыўкаў у Баўгарыі, Густаў Гусак у Чэхаславаччыне… Пры жыцьці, цешачыся крывадушнымі ўсхваленьнямі чэлядзі, яны таксама разьлічвалі на тое, што іхнымі імёнамі назавуць праспэкты і гарады. А ў сапраўднасьці яны не дачакаліся нават спакойнай старасьці.

Ліст з пасёлку Лясны Менскага раёну ад Ларысы Ўладыкі-Рыхцікавай. Слухачка паведамляе пра свой складаны лёс: інвалід зь дзяцінства, да дваццаці пяці гадоў не хадзіла, і ўсё ж здолела атрымаць дзьве сярэднія спэцыяльныя адукацыі, паступіць у Менскі інстытут культуры. Потым яе чакала складаная апэрацыя ў Маскве, пасьля якой яна ўсё ж стала на ўласныя ногі. Скончыла інстытут, пачала працаваць у бібліятэцы ў Лясным, стварыла клюб для падлеткаў “Русалачка”, у які ўкладвала ўсю душу. Пра тое, што было потым, Ларыса Ўладыка-Рыхцікава паведамляе ў сваім лісьце на “Свабоду”. Яна піша:

“Непрыемнасьці пачаліся, калі ў сярэдзіне 1980-х гадоў я падняла пытаньне аб наркаманіі сярод моладзі. Мне лемантавалі ў вочы, што я — панікёрка, што ў нас такой зьявы няма. Што мая справа — з кнігамі працаваць, а ня думаць пра нейкія выдуманыя праблемы. Калі ж я напісала матэрыял пра Зянона Пазьняка, а ён яшчэ пры ўсіх падпісаў і падарыў мне ў Бараўлянах сваю кнігу, то кляймо на мяне паставілі назаўсёды. Калі калектыў бібліятэкараў вылучыў мяне на званьне “Заслужаны работнік культуры”, то за першым пратаколам у мяне за сьпіной быў напісаны другі — за адным подпісам і безь пячаткі, у якім мяне проста аблілі брудам.

У культуры я адпрацавала больш за сямнаццаць гадоў. Напісала шмат артыкулаў на тэму сваёй работы. Увяла новыя формы працы ў бібліятэчнай справе (у свой час за іх мне аб’явілі строгую вымову, а цяпер іх выкарыстоўваюць). У мяне вышэйшая катэгорыя. Падзякамі засыпана. Я напісала прэзыдэнту — пра тое, што пляваць супраць ветру найлепш з-за чужой сьпіны. Але чаму ягоная гвардыя зь Менскага райвыканкаму выбрала менавіта ягоную сьпіну — мне не становіцца ясна з гадамі. Мне так і не адказалі, чаму не падалі ўзнагародны ліст у Міністэрства культуры, хоць ніякіх падставаў для гэтага не было”.

Відавочна, Ларыса Фамінічна, вы і сама здагадваецеся, чаму ваша кандыдатура не прайшла шматлікіх узгадненьняў чыноўнікаў. І наўрад ці варта апэляваць у гэтай справе да прэзыдэнта, наракаць на тое, што чыноўнікі прыкрываюцца ягоным імем. Ён іх прызначыў на гэтыя пасады, ягоны палітычны курс яны ажыцьцяўляюць. Вядома, можна зразумець вашы крыўду і абурэньне. Хоць, зь іншага боку, ці такую ўжо вялікую цану мела б узнагарода, атрыманая з рук людзей, якія ставіліся і ставяцца да вас з падазрэньнем і недаверам, зь якімі ў вас узаемная антыпатыя? Мне здаецца, куды важней тое, што вас любяць дзеці, зь якімі працуеце, што паважаюць калегі, якія вылучылі вас на гэтую ўзнагароду. А гэта важыць значна больш, чым нават самы бліскучы значок на штрыфелі пінжака.

Наш даўні сябар Ільля Копыл зь Менску, даведаўшыся, што ў Курапатах аднаўляюцца талокі, вырашыў пайсьці туды і папрацаваць. Уражаньнямі ад убачанага ён падзяліўся ў сваім лісьце на “Свабоду”:

“Я чакаў, што людзей там будзе шмат. І нават апасаўся, што ня ўсім хопіць месца для працы. Але я памыліўся: прыйшло ўсяго крыху больш за 20 чалавек — прыхільнікаў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. У асноўным гэта людзі сталага ўзросту. Я быў упэўнены, што ў талацэ возьмуць удзел Вінцук Вячорка зь сябрамі Партыі БНФ, АГП на чале з Анатолем Лябедзькам, Мікола Статкевіч, “зубры” ды іншыя. Але я памыліўся. На мой погляд, Курапаты маглі б стаць тым памятным месцам, якое здольнае паспрыяць далейшаму аб’яднаньню апазыцыйных партыяў. Там можна і папрацаваць, і пагутарыць, і падыскутаваць. “Амонаўцаў” там не відаць. Даводзілася чуць меркаваньне, што сябры іншых партыяў не наведваюцца туды з той прычыны, што КХП-БНФ нібыта прыватызавала Курапаты. Часткова гэта так: я нават адчуў гэта на сабе. Безумоўна, сябрам гэтай партыі трэба выказаць падзяку за тое, што яны падтрымліваюць у Курапатах нейкі кантроль і парадак. Але адным ім гэта не пад сілу. Абарона і захаваньне Курапатаў — гэта справа ўсіх апазыцыйных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў і неабыякавых людзей”.

Ня думаю, спадар Копыл, што Курапаты варта ператвараць у палітычны клюб апазыцыі. Усё ж гэта найперш нацыянальны нэкропаль, месца пакутніцкай сьмерці дзясяткаў (а можа, і соцень) тысяч ні ў чым не вінаватых людзей. А могілкі — ня тое месца, дзе варта наладжваць палітычныя дыскусіі. Да таго ж, як толькі апазыцыйныя лідэры наважацца недзе сабірацца ў адным месцы, тут жа зьявяцца там і “амонаўцы”, і агенты спэцслужбаў. Курапаты ў гэтым сэнсе ня будуць выключэньнем.

Тое, што асаблівы клопат і ўвагу да гэтай мясьціны выяўляюць сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, зусім апраўдана. Зянон Пазьняк першы адкрыў і ўголас сказаў праўду пра курапацкую трагедыю. Хоць немінуча настане час, калі Курапаты будуць прызнаны агульнанацыянальным помнікам, і дзяржава сама павінна будзе ўзяць на сябе клопат пра годнае ўшанаваньне памяці ахвяраў сталінскага рэжыму.

Наступны ліст даслаў нам Васіль Цюхай з гораду Беразіно Менскай вобласьці. У слухача свой адметны погляд на падзеі другой усясьветнай вайны і ролю ў іх нацысцкага правадыра Адольфа Гітлера:

“У краінах былога Савецкага Саюзу прынята лаяць Гітлера і называць яго дыктатарам і антыхрыстам, асабліва ў гадавіну перамогі над нацысцкай Нямеччынай. Але я катэгарычна ня згодны з такой дэманізацыяй Гітлера. Ён змагаўся з сапраўдным антыхрыстам — Сталіным. А зло не змагаецца са злом. Калі ёсьць змаганьне, то гэта заўсёды змаганьне дабра са злом. Калі б ня Гітлер, Сталін захапіў бы ўвесь сьвет і стварыў бы ўсясьветны калгас і канцлягер. Вось некаторыя параўнаньні. Гітлер рэпрэсаваў некалькі тысяч чалавек, Сталін — некалькі мільёнаў. Гітлер прыйшоў да ўлады шляхам дэмакратычных выбараў, Сталін — з дапамогай інтрыгаў. Гітлер вывеў эканоміку Нямеччыны з крызісу, Сталін прыдумаў калгасы. А параўнайце ўзровень жыцьця ў Нямеччыне і ў краінах-пераможцах, асабліва ў Расеі. А якія суадносіны стратаў з абодвух бакоў у часе вайны? Хіба яны не на карысьць гітлераўскай арміі?”

Даволі дзіўна, спадар Цюхай, чытаць ваш ліст. Нібы вы жывяце ня ў той краіне, дзе гарэла Хатынь і сотні іншых вёсак, дзе сотні тысяч мірных жыхароў загінулі ў полымі Трасьцянца і дзясяткаў падобных лягераў сьмерці. Пра якія некалькі тысяч рэпрэсаваных вы можаце казаць, калі ўвесь сьвет ведае жахі Асьвенціму, Майданэку, Дахаў. Мільёны абарваных жыцьцяў, пакалечаных лёсаў — вось чым разьлічылася цывілізацыя за тое, што своечасова не змагла разгледзець і спыніць дыктатара, які, сапраўды, прыйшоў да ўлады праз дэмакратычныя выбары, але адразу пасьля гэтага зьнішчыў у краіне ўсе дэмакратычныя заваёвы.

А тое, што цяпер у калісьці пераможанай Нямеччыне высокі ўзровень жыцьця, заслуга зусім ня Гітлера, спадар Цюхай. Годнае жыцьцё забясьпечыла сабе нямецкая нацыя, адмовіўшыся ад дыктатуры і асудзіўшы яе, пабудаваўшы сапраўды дэмакратычную краіну, дзе паважаюцца грамадзянскія свабоды і дзе ўсім кіруе закон, а не правадыр.

Цягам мінулых дзён нам таксама даслалі лісты Ўладзімер Гардзейка са Смалявічаў, Іван Цімееў з Наваградку і Раман Зіноўеў зь Лёзна. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG