Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каляндар Свабоды – 17 траўня


RFE/RL Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 17 траўня.

17 траўня ў Беларусі афіцыйна адзначаецца Дзень работнікаў фізычнай культуры і спорту.

17 траўня 1838 году наш зямляк Ігнат Данейка ўпершыню ступіў на чылійскую зямлю. Тут ён стане навукоўцам з сусьветным імем і нацыянальным героем Чылі. Падарожжа Дамейкі на параходзе ад берагоў Францыі да чылійскага берагу цягнулася два з паловай месяцы.

Сёньня спаўняецца 160 гадоў беларускаму вучонаму-этнографу Міколу Нікіфароўскаму. Родам ён зь вёскі Вымна пад Віцебскам. Скончыў Віцебскую духоўную сэмінарыю, але кар’еры сьвятара не рабіў і ўсё жыцьцё прысьвяціў навуцы – вывучэньню роднага краю. Напісаў восем тамоў “Нарысаў Віцебскай Беларусі” ды шмат іншых кніг пра традыцыйную народную культуру. Адна зь ягоных працаў называецца “Нячысьцікі: Збор простанародных у Віцебскай Беларусі паданьняў пра нячыстую сілу”.

Таксама сёньня спаўняецца 65 гадоў Міколу Ігнатовічу – першаму генэральнаму пракурору незалежнай Беларусі. Нарадзіўся Ігнатовіч у 1940-м годзе ў Адахаўшчыне пад Баранавічамі, працаваў сьледчым, пры падтрымцы БНФ “Адраджэньне” стаў дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР. Генэральным пракурорам Беларусі пабыў адзін год – да свае раптоўнае сьмерці ў канцы 1992-га.

17 траўня 1931 году пакінуў гэты сьвет мітрапаліт Менскі і Беларускі Мэльхісэдэк. У 1922 годзе, калі беларуская праваслаўная царква ў БССР абвясьціла сваю аўтаномію ад Масквы, мітрапаліт Мэльхісэдэк узначаліў гэты працэс аддзяленьня. Як прапаведнік ён быў вядомы сваёй прыхільнасьцю да беларускага нацыянальнага адраджэньня. І якраз за гэта падпаў пад перасьлед бальшавіцкіх спэцслужбаў. Ягоны шлях па турмах пачаўся ў 1925 годзе, пасьля Мэльхісэдэк быў пераведзены ў Маскву, дзе і памёр раптоўна ў адным з храмаў проста падчас набажэнства.

А яшчэ 17 траўня ў розныя гады нарадзіліся італьянскі мастак Сандра Батычэлі і францускі кампазытар Эрык Саці, францускі празаік Анры Барбюс і лідэр украінскіх нацыяналістаў Сымон Пятлюра, знакаміты францускі кінаактор Жан Габэн. Таксама ў гэты дзень прыйшлі на сьвет дзьве расейскія жанчыны-палітыкі беларускага паходжаньня – Галіна Старавойтава і Валерыя Навадворская.
XS
SM
MD
LG