Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Каляндар Свабоды – 16 траўня


RFE/RL Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 16 траўня.

Сьпярша – пра каляндар учорашняе нядзелі.

15 траўня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваліся сьвятыя Барыс і Глеб. “Барыс і Глеб сеюць хлеб”. У гэты дзень нашыя продкі ішлі хросным ходам да крыніцаў, што не замярзаюць узімку. Вада ў такіх крыніцах лічылася гаючаю на хваробы вачэй.

Афіцыйна 15 траўня ў Беларусі – Дзень сям’і. Наўпрост гэтае сьвята не зьвязанае зь якой-небудзь памятнай датай у гісторыі краіны. Па-беларуску гэтаму дню хутчэй пасавала б назва Дзень дэбюту. Бо менавіта 15 траўня дэбютаваў у друку Янка Купала. Гэта адбылося ў 1905 годзе ў газэце “Северо-Западный край”, верш называўся “Мужык”.

15 траўня 1928 году дэбютаваў на экранах папулярны герой мульцікаў Мікі Маўс, яшчэ зусім не падобны да такога, якім мы прызвычаіліся яго бачыць. А 15 траўня 1997 году Аляксандар Лукашэнка дэбютаваў у якасьці старшыні Алімпійскага камітэту Беларусі. Галасавалі за яго амаль адзінадушна: 116 – за, супраць быў толькі адзін, міжнародны шахматны грасмайстар Віктар Купрэйчык.

А вось некалькі імёнаў славутасьцяў, што прыйшлі на сьвет 15 траўня. Гэта беларускі геоляг Іван Чэрскі, які за ўдзел у паўстаньні Каліноўскага быў сасланы ў Сыбір і стаў выдатным дасьледнікам Забайкальля. Гэта францускі фізык П’ер Кюры, які разам з жонкай, Марыяй Складоўскай Кюры, вынайшаў радый, і беларускі драматург Уладзіслаў Галубок.

15 траўня 1971 году ў Лёндане адчынілася беларуская бібліятэка імя Францішка Скарыны – унікальны збор літаратуры зь Беларусі і пра Беларусь, роўнага якому няма на Бацькаўшчыне. Кіруе лёнданскай бібліятэкай часты госьць Радыё Свабода айцец Аляксандар Надсан.

Цяпер – пра памятныя даты дня сёньняшняга.

16 траўня ў розныя гады прыйшлі на сьвет беларускі дзіцячы паэт Васіль Вітка, які прыдумаў віртуальнага піянэра Васю Вясёлкіна, літоўскі празаік Ёнас Авіжус, творы якога перакладаў па-беларуску Алесь Разанаў, і славутая гімнастка Вольга Корбут. Яна нарадзілася ў Горадні, першая ў сьвеце выканала сальта на бервяне, чатыры разы станавілася альмпійскай чэмпіёнкай, а цяпер ужо шмат гадоў жыве ў амэрыканскім горадзе Атлянце. Сёньня ў яе самы круглы юбілей – 50 гадоў.

16 траўня 1985 году Міхаіл Гарбачоў падпісаў “сухі закон“. Пастанова ЦК КПСС і Савету Міністраў СССР называлася “Аб мерах па пераадоленьні п`янства і алькагалізму і выкараненьні самагонаварэньня“. Шмат тады з гэтае нагоды было і сьмеху і саркастычных кпінаў і перабору ў імкненьні дагадзіць уладам. Памятаеце – безалькагольныя вясельлі? Мінуў час, а самагонаварэньне ня толькі ня выкаранілі ў вёсцы, яно яшчэ й шырокім крокам прыйшло ў горад.
XS
SM
MD
LG