Лінкі ўнівэрсальнага доступу

* Выган кароваў у Старажоўцах (фотагалерэя і real audio)


Ягор Маёрчык, Гомельская вобласьць (Эфір 16 траўня). Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”. Старажоўцы, Жыткаўскі раён, Гомельшчына.

Выган кароваў — гэта ня сьвята, і не зусім абрад. Папросту ёсьць такая завядзёнка ў вёсках Жыткаўскага раёну Гомельшчыны. Калі худобу першы раз выпраўляюць на пашу, перад дзьвярыма хляву кладуць ланцуг. На зьвёнах вісіць адамкнуты замок. Пасьвяцонымі дубцамі вярбы гаспадыня гоніць кароўку ў чараду ды прымаўляе:

(Спадарыня: ) “Ідзі, кароўка, ў чараду. Сам Гасподзь папераду. Травіцу паядай, вадзіцу папівай. Сваю дабычу нікому не аддавай. Нясі яе дадому сваёй хазяйцы ў двор. Ідзі, кароўка, ў чараду. Ай-лё! Ай-лё!”



Перад полем кабета прыпыняе кароўку, дае ёй зьесьці коржык і гоніць далей. Гаспадыню асабліва не параспытваеш. Ёй не да мяне — на дадзены момант жывёла перадусім. Усе гэтыя дзеяньні займаюць ня болей за пяць хвілінаў.

Ля аднаго з падворкаў састарэлыя пэнсіянэркі сядзяць на перагорнутым чоўне і назіраюць, як іншыя выпраўляюць худобу ў першы пасьля зімы шлях.



Вера Савонава і Марыя Акуліч ня супраць пагутарыць.

(Карэспандэнт: ) “Выганяюць карову, і яна мусяць пераступіць праз замок ланцугом. А што гэта значыць?”

(Вера Савонава: ) “Гэта каб яна не баялася зарокаў”.

(Марыя Акуліч: ) “Каб яе ня зглазілі”.

(Карэспандэнт: ) “Ёй яшчэ нешта зьесьці даюць. Што гэта за коржык?”

(Вера Савонава: ) “Хрэсьнікам завецца”.

(Марыя Акуліч: ) “Вось я гэты хрэсьнік зараз ямо”.

(Карэспандэнт: ) “Смачны?”

(Марыя Акуліч: ) “Вазьміце да паспытайце!”

(Карэспандэнт: ) “Сапраўды смачны. А цяпер шмат людзей паводле традыцыі кароваў выганяюць?”

(Марыя Акуліч: ) “У каго ёсьць, тыя выганяюць. А ў мяне каровы няма”.

(Карэспандэнт: ) “А ў вёсцы шмат людзей ужо кароваў пазбавіліся?”

(Марыя Акуліч: ) “Багата. На вуліцу ўсяго адна карова засталася”.

Зіна Акуліч выгнала кароўку, нашаптала замову і перажагнала вярбінкаю. На што Мошка адказала няўдзячнасьцю і есьці хрэсьнічак адмовілася.

(Карэспандэнт: ) “А чаму яна ў нас яго есьці не хацела?”

(Зіна Акуліч: ) “Яна тлустага ня есьць”.

(Карэспандэнт: ) “Яна ў вас на дыеце?”

(Зіна Акуліч: ) “Так. Яна сапраўды тлустага ня есьць. Нават калі нешта такое ў пойле патрапіцца, яна ў рот ня возьме”.



(Карэспандэнт: ) “А замовы, якія вы кажаце, калі кароўку выганяеце, яны дапамагаюць? Яны сапраўды кароваў абараняюць?”

(Зіна Акуліч: ) “Натуральна, што так. Ёсьць такі прыказ, каб яна дадому прыходзіла і нікуды не ўцякала. Яна аднойчы па садзе бегла, а я ёй кажу: “Што ты, Мошка, дадому не ідзеш?” Яна спынілася, паглядзела і прыйшла ў адрыну сама”.

І з замовамі ня ўсё так проста. Пра такія рэчы тут асабліва не гавораць. Іх перадавалі ад бабулі да маці, ад маці да дочкі. Спадарыня Зіна ў наказы верыць. Ейная суседка Тацяна Ярмоліч ставіцца скептычна:

(Тацяна Ярмоліч: ) “Я выганяю з двара і сьвечанаю вярбінкаю перажагнаю. І гавару: “Сустрэнь, Госпадзі, усім добрым”. І на гэтым усё. Болей я нічога не гавару”.

(Карэспандэнт: ) “А гэтыя замовы сапраўды дапамагаюць, каб было болей малака?”

(Тацяна Ярмоліч: ) “Ня ведаю. Я гэтаму ня веру”.

(Карэспандэнт: ) “Вы на пэнсіі, а карову яшчэ хапае сілаў трымаць”.

(Тацяна Ярмоліч: ) “Ужо не. Майму гаспадару нагу адрэзалі. Я адна, і карова нам ўжо не па сілах. Я яе на зіму здам”.

Жыхары згадваюць, што пару дзесяцігодзьдзяў таму ганялі ажно дзьве чарады. А ў адзінай сёньняшняй і паўсотні галоў не набярэцца. Старыя збываюць быдла, бо бракуе сілаў даглядаць яго.



Самы малочны, калі можна так выказацца, чалавек у Старажоўцах — гэта Наста Бердава. Яна зьбірае малако з прыватных падворкаў. У ейным голасе чуюцца ноткі шкадаваньня: кароваў у паселішчы становіцца ўсё меней і меней. І справа тут ня толькі ў немачы пэнсіянэраў.

(Наста Бердава: ) “У мяне карова прапала два гады таму. Я яе болей не бяру. І ўсе, у каго карова, прапалі па хваробе, болей не бяруць. Ім страшна. Аддасі мільён за карову... Трэба, каб яна была здаровая. А ты вазьмі, выгадуй, а яна зноў хворая. У нашым статку толькі дзесяць каровак здаровых”.

(Карэспандэнт: ) “А ад чаго яны хварэюць?”

(Наста Бердава: ) “А Бог іх ведае. У іх леўкоз. Яны на пашы ходзяць і хваробаў набіраюцца. Галоўны лекар сказаў, зь леўкозных кароваў малако ня браць. А раён гаворыць, што браць трэба”.

(Карэспандэнт: ) “Бяруць?”

(Наста Бердава: ) “Канечне, бяруць”.

Пасьля таго, як пэнсіянэр збыў карову, у яго пачынаецца зусім іншае жыцьцё. Некаторыя набываць малако ў краме. А тыя, хто ня можа ўжываць, як яны кажуць, белую ваду, настальгічна згадваюць мінулае.



Дамо слова пэнсіянэрцы Вользе Альфіравец:

(Вольга Альфіравец: ) “Я сама здала кароўку. І мне цяпер падаецца, што голы стол: то я і масла зраблю, і сьмятанкі, і сыр пастаўлю, і малако стаіць — і салодкае і кіслае. А цяпер гэтага няма. І я выглядаю, каб хто літра малака падарыў”.

Апроч рытуалу першага выгану кароваў, жыцьцё 120 падворкаў Старажоўцаў мала чым выбітнае. У калгасе плацяць няшмат, а таму ўлетку людзі кормяцца з грыбоў ды ягадаў. У гэтым сэнсе блізкія лясы Нацыянальнага парку Прыпяцкі вельмі дарэчы. Паслухаем пэнсіянэрку Ніну Бабарыку.



(Ніна Бабарыка: ) “Я 200 тысяч атрымліваю. На адну хапае. Толькі што ў мяне яшчэ два хлопца. А вы ня ведаеце, як хлопцы дапамагаюць, калі яны ў калгасе працуюць? Здаровыя па ягады і па грыбы ходзяць. А я ўжо не хаджу, бо ў мяне ногі баляць. А хлопцы ідуць. Яны чарніцы здаюць. На грошы віна набіраюць. Вось навошта хлопцы па ягады ходзяць!”

(Карэспандэнт: ) “А ў вас болей па ягады менавіта хлопцы ходзяць?”

(Ніна Бабарыка: ) “У нас хлопцаў поўнае сяло, а дзевак няма! Неўраджай на дзевак! Яны паехалі па гарадах ды там павыходзілі ў замужжа. А хлопцы тут адныя засталіся. А дзевак хоць выпісвай! А як іх выпісаць? Па газэце?”

(Карэспандэнт: ) “Па інтэрнэце!”

(Ніна Бабарыка: ) “У нас такога няма”.

Зь Міхалам Акулічам мы гутарым пра ўладу. Пра стаўленьне да прэзыдэнта, парлямэнту і ўраду можна не распытваць. Вяскоўцы іх падтрымліваюць і тлумачаць тым, што пэнсію аддаюць у час. Што цікавей пачуць развагі пра мясцовую вэртыкаль.



(Міхал Акуліч: ) “Мая жонка — інвалід 2-й групы, а я пэнсіянэр. І нам анічога ніякага! Дровы выйшлі, мы хворыя. Папрасіў у старшыні сельсавету, каб выпісалі дроваў. А ён сказаў, што болей няма. І ніякі чорт ніякае ўвагі не зьвяртае! І што хочаш, тое і рабі. Хоць ты плач”.

Пасьля размовы зь дзедам Міхалам прыгадаў адну з папярэдніх сустрэчаў. Выпадкова спыніў на вуліцы 80-гадовую Марыю Жукоўскую. Разгаварыліся, і я высьветліў, што сына яна выхоўвала бяз сужанца. Адпаведна, адна даглядала і гаспадарку. У час сваёй маладосьці з абыякавасьцю начальнікаў яна змагалася словамі, але радыкальнымі.



(Марыя Жукоўская: ) “Я пайду ў сельсавет, ды як закручу там мацюка! І мне адразу дроваў дадуць”.

(Карэспандэнт: ) “Але мацюкацца некультурна”.

(Марыя Жукоўская: ) “Хоць і некультурна, але жыцьцё прымушала. І яны мяне слухалі”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму яны без мацюкоў нічога не давалі?”

(Марыя Жукоўская: ) “А чорт іх ведае. Старшыняў тых няма — яны ўжо паўміралі. Я іх ужо пяць штук перажыла”.

Мы знаходзімся на ўскрайку калгаснага саду. З аднаго боку тут можна пабачыць вялікі новы крыж, які абвешаны ручнікамі. Зь іншага боку — ля дрэва знаходзіцца стары спарахнелы крыж, які таксама абвешаны ручнікамі.



І яшчэ ёсьць помны камень. Разам са мной тут знаходзіцца супрацоўніца вясковага Дому культуры Алена Якубоўская.

(Алена Якубоўская: ) “Некалі тут стаяла царква, і быў мужчынскі манастыр. У іх быў вельмі добры кіраўнік. Людзі яго тут і пахавалі. І на месцы манастыра стаіць крыж. Але крыж перароблены — ён новы. Той стаяў шмат гадоў і струхнеў. Людзі забыліся на яго. Ён нават паваліўся. Адной жанчыне прысьніўся сон: “Як жа вы маглі забыць пра ўсё гэта! Калісьці ўсё трымалася на нашай веры і абрадах, а сёньня вы ўсё гэта забылі!” І тады людзі зрабілі новы крыж, зноў навышывалі сюды ручнікоў. Зноў пра гэта памятаюць”.

Самае цікавае, што рытуал выгану кароваў супадае зь першым ураджаем парніковых агуркоў. Паколькі быдла ў вёсцы менее, а плянтацыяў пад поліэтыленам более, у вясковым Доме культуры падумваюць, каб да зьяўленьня першых агуркоў прымеркаваць які абрад.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG