Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі патлумачыў прычыны інцыдэнту з польскім дыпляматам


Валер Каліноўскі, Менск МЗС Беларусі патлумачыў прычыны непажаданасьці знаходжаньня ў Беларусі дарадцы польскай амбасады Марэка Буцька.

Гаворыць намесьнік кіраўніка інфармацыйнай управы МЗС Руслан Есін:

(Есін: ) “Рашэньне аб непажаданасьці далейшага знаходжаньня ў Беларусі дарадцы амбасады Польшчы Марэка Буцькі зроблена ў адказ на дзеяньні польскага боку ў адносінах да супрацоўніка амбасады Беларусі ў Польшчы, якому некалькі тыдняў таму было прапанавана пакінуць тэрыторыю Польшчы”.

Руслан Есін не патлумачыў, хто зь беларускіх дыпляматаў і за што быў вымушаны вярнуцца на радзіму.

А вось адносна Марэка Буцька ён заявіў, што той вёў “актыўныя дзеяньні, накіраваныя на дэстабілізацыю беларускага грамадзтва”, за што яму і было прапанавана завяршыць камадзіроўку і пакінуць Беларусь цягам месяцу.

Беларускі бок пры гэтым зазначыў, што імкнуўся не агалошваць гэты інцыдэнт “з мэтай разьвіцьця прагматычнага дыялёгу з суседняй краінай”, і выступіў з гэтай заявай пасьля таго, як у польскіх СМІ зьявіліся публікацыі на гэты конт. МЗС Беларусі зазначае, што пакідае за сабою права прадпрымаць адэкватныя захады ў далейшым.

МЗС Беларусі абвінаваціў польскі бок ва ўмяшальніцтве ў дзейнасьць грамадзкіх беларускіх арганізацыяў. Размова ідзе перш за ўсё пра Саюз палякаў Беларусі.

Гл. таксама • Супрацоўнік амбасады Польшчы абвешчаны пэрсонай нон грата? • Разгараецца канфлікт паміж Саюзам палякаў і беларускімі ўладамі • Беларускае МЗС адказвае палякам, што яны рэагуюць занадта "эмацыйна"
XS
SM
MD
LG