Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд пастанавіў: пісьмовае віншаваньне да Дня Волі – парушэньне грамадзкага парадку


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Cуд у Наваполацку пацьвердзіў, што распаўсюд пісьмовых віншаваньняў з нагоды Дня Волі парушае дзяржаўны і грамадзкі парадак.

У Наваполацкім гарадзкім судзе разглядалася скарга грамадзяніна Трубкіна на рашэньне адміністрацыйнай камісіі мясцовага гарвыканкаму, якая вызначыла яму штраф 102 тысячы рублёў. Такое пакараньне было вынесенае за распаўсюд віншавальных матэрыялаў без выходных зьвестак. Суд пакінуў рашэньне камісіі бязь зьменаў.

Разгледзеўшы справу, судзьдзя Аляксандар Федзюкевіч вынес пастанову, паводле якой пісьмовае віншаваньне зьяўляецца друкаваным выданьнем, а таму павінна мець выходныя зьвесткі. На гэтых высновах абвінавачаньне Аляксея Трубкіна ў парушэньні ім часткі 3 артыкулу 172 КоАП прызнана правамоцным і абвінавачаны мусіць выплаціць вызначаны камісіяй штраф. Апроч таго ён павінен сплаціць судовыя выдаткі на 3 тысячы 880 рублёў.

25 сакавіка спадар Трубкін завітаў у кабінэт рэктара Полацкага дзяржунівэрсытэту, каб павіншаваць яго са сьвятам і ўручыў віншавальную ўлётку. У выніку хлопца затрымала спачатку ўнівэрсытэцкая ахова, а потым ён быў дастаўлены ў міліцыю, дзе на яго быў складзены пратакол затрыманьня. 14 красавіка адміністрацыйная камісія Наваполацкага гарвыканкаму прызнала, што грамадзянін Трубкін сваімі дзеяньнямі нанёс шкоду дзяржаўнаму і грамадзкаму парадку і прысудзіла яму 102 тысячы рублёў штрафу. Гаворыць Аляксей Трубкін:

(Трубкін: ) “Калі б мне далі не 102 тысячы штрафу, а менш, я б яго заплаціў і ў суд не зьвяртаўся. Я наіўна лічыў, што суд разьбярэцца ў справе і вызначыць, што віншаваньне са сьвятам — гэта ня сродак масавай інфармацыі. Аднак я памыляўся. Разам з тым хачу задаць ім усім адно пытаньне: што беларусы зрабілі такога дрэннага, што іх цягнуць у акалотак за віншавальную ўлётку з нагоды беларускага нацыянальнага сьвята?”
XS
SM
MD
LG