Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўніка-ліквідатара накіравалі на мэдычную рэабілітацыю


Казімер Яноўскі, Калінкавічы Пасьля працяглай галадоўкі чарнобыльскага ліквідатара, інваліда 2-й групы, Васіля Сіліверста з Калінкавічаў мэдыкі тэрмінова накіроўваюць у санаторый на аздараўленьне.

Васіль Сіліверст галадаваў тры тыдні. Здароўе яго пагоршылася.

(Сіліверст: ) “У мяне абвастрыўся панкрэатыт, халецыстыт, гастрыт. Лекары тэрмінова накіроўваюць мяне ў санаторый імя Леніна ў Бабруйск на рэабілітацыю органаў страваваньня. Я там з 20 траўня буду праходзіць курс рэабілітацыі. Такая пуцёўка ў мяне ўжо ёсьць на руках. Да 20 траўня я працягваю гэтую галадоўку”, — паведаміў нашаму радыё чарнобыльскі ліквідатар Сіліверст.

У сувязі з пагаршэньнем здароўя галадоўнік стаў спажываць вітамінізаваныя сокі. Ён спадзяецца, што ў санаторыі ў Бабруйску здолее прайсьці чарговае дасьледаваньне — і рэспубліканскі экспэртны савет Міністэрства аховы здароўя нарэшце прызнае, што ягоныя захворваньні ды інваліднасьць зьвязаныя з удзелам у ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Калі ж будзе чарговая адмова, Васіль Сіліверст наважаны дамагацца накіраваньня на дасьледаваньне ў суседнюю Ўкраіну.

(Сіліверст: ) “Я буду дамагацца, каб мне далі дазвол на незалежную экспэртызу ў Кіеве. Там, на іхнай тэрыторыі, я браў удзел у ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы, калі быў прызваны ў войска. Думаю, што ўкраінскі бок дасьць мне незалежнае заключэньне, не зважаючы на тое, колькі яшчэ будуць беларускія лекары разглядаць маё пытаньне — год, два ці тры”.

Спадар Сіліверст абвясьціў галадоўку 25 красавіка на знак пратэсту супраць таго, што ягоныя захворваньні ды інваліднасьць не прызнаюць вынікам удзелу ў ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы.
XS
SM
MD
LG