Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сельскую гаспадарку адродзяць з дапамогай "хімікаў"?


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць На Пухавіччыне сельскую гаспадарку адраджаюць з дапамогай асуджаных да абмежаваньня волі — так званых “хімікаў”. Яны разьмеркаваныя ў найбольш занядбаныя каапэратывы — былыя калгасы і саўгасы. Выкарыстоўваюць іх на працаёмкіх і нізкааплатных работах.

Беларусь — адна з краінаў-лідэраў па колькасьці зьняволеных, іх каля 500 чалавек на кожныя 100 тысяч насельніцтва.

Пакараньне “хіміяй” у Беларусі ўжывалася і для асуджаных паводле палітычных абвінавачаньняў. Розныя тэрміны “хіміі” адбылі гарадзенскія журналісты ліквідаванай газэты “Пагоня” Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка, рэдактар газэты “Рабочы” Віктар Івашкевіч. Цяпер на Лідчыне адбывае “хімію” вядомы беларускі вучоны-мэдык прафэсар Юры Бандажэўскі.

У сельскагаспадарчым каапэратыве “Турынскі” працуе каля двух дзясяткаў “хімікаў”. Амаль усе яны занятыя ў жывёлагадоўлі. “Хімік”, які назваў сябе Віктарам, займаецца тут, напрыклад, ачысткай мясцовай фэрмы ад гною:

(Віктар: ) “Вось нарві ды выкінь. Тут павінен працаваць трактар. Нарваць. А то нам трэба рукамі рваць”.

Паводле “хімікаў”, яны выконваюць самую цяжкую працу ў “Турынскім”. Там, дзе павінна быць тэхніка — занятыя іхныя рукі. Гэта ж пацьвярджае і “хімік” Андрэй, паводле якога яны працуюць там, дзе мясцовыя жыхары адмаўляюцца:

(Андрэй: ) “На гэтых “хіміках” усе фэрмы трымаюцца. Даглядаюць цялят, працуюць пастухамі, вартаўнікамі і ўсім на сьвеце. Трэба падгрэбсьці ўвесь кароўнік. Колькі трэба пачысьціць?! 220 кароваў. І цэлы дзень. Бульбу вязі — раздай, салому вязі, муку раздай. Суткамі тут. Тут я паглядзеў: забіты калгас”.

Мясцовае начальства лічыць інакш. Паводле іх меркаваньня, гаспадарка — добрая. У прыватнасьці, так мяркуе старшыня выканкаму Турынскага сельсавету Соф’я Губар:

(Губар: ) “Беспрацоўных у нас няма. Людзі ўсе робяць. І жывуць, я б сказала, нядрэнна. Атрымліваюць таксама добра. У нас на пасяўной, на ўборцы займаюць прызавыя месцы, атрымліваюць, напрыклад, тэлевізары”.

Старшыня сельвыканкаму лічыць, што крыўдзіцца “хімікам” няма чаго:

(Губар: ) “Праблемаў у нас ніякіх няма. Яны дапамагаюць калгасу. Якая розьніца, дзе яны будуць адпрацоўваць? Іх тры разы кормяць у калгасе, плацяць ім грошы”.

Паводле “хіміка” Аляксея, умовы так званага працоўнага перавыхаваньня, якое праходзяць асуджаныя ў “Турынскім”, далёкія ад цывілізаваных:

(Аляксей: ) “Абы-што плацяць. За абеды вылічваюць. Вось зь мяне ў гэтым месяцы вылічылі 84 тысячы рублёў. Калі палічыць, то бывае, што яшчэ застаесься ў даўгу. Абеды вельмі дарагія”.

Не задаволены ўмовамі ў гаспадарцы і спадар Андрэй:

(Андрэй: ) “Калі цябе пакорміць старшыня, дохлай ялавічынай, цяляцінай, дык вылічаць за абеды, што на рукі няма чаго атрымліваць. На рукі атрымаеш 8—15 тысяч рублёў. Калі цяля здохне, дык зь цябе вылічаць. Як хочаш, так і жыві. Ад новага году сядзім бяз газу. Нават гарбаты няма на чым закіпяціць”.

Турынскія “хімікі”, як вынікае зь іх тлумачэньня, пакараныя не за цяжкія злачынствы. Найчасьцей — за бойкі, крадзяжы, няплату алімэнтаў. Многія — упершыню. Насельніцтва ставіцца да іх без варожасьці:

(Спадар: ) “Нармалёва яны робяць. Але як ім плацяць?!”

(Іншы спадар: ) “Па дварах ня ходзяць, здароўкаюцца. Дапамагаюць”.

(Іншы спадар: ) “Якія гэта злачынцы? Калі, скажам, есьці захацеў. Ды мех бульбы скраў. Дык хіба гэта злачынца?!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG