Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стаіць за візытам А.Лукашэнкі ў Казахстан?


Валер Каліноўскі, Менск Аляксандар Лукашэнка сёньня прыбыў з двухдзённым візытам у Казахстан. Сярод тэмаў для абмеркаваньня з Нурсултанам Назарбаевым — двухбаковае палітычнае і эканамічнае супрацоўніцтва, у тым ліку ў галіне нафтаперапрацоўкі, а таксама апошнія падзеі на постсавецкай прасторы.

Паводле афіцыйных паведамленьняў, Казахстан — адзін з галоўных гандлёвых партнэраў Беларусі ў СНД, і візыт Аляксандра Лукашэнкі мае спрыяць павелічэньню двухбаковага таваразвароту, які летась склаў 145 мільёнаў даляраў. Акрамя таго, Менск і Астана мяркуюць інтэнсыфікаваць сваё супрацоўніцтва ў рамках рэгіянальных аб’яднаньняў ЭўрАзЭЗ і Адзінай эканамічнай прасторы. Аляксандар Лукашэнка летась у сьнежні наведваў Казахстан з прыватным візытам — адпачываў там на лыжным курорце і гуляў у хакей. Цяперашні візыт мае статус афіцыйнага. Акрамя перамоваў з казахстанскім кіраўніком А.Лукашэнка адкрые новы будынак беларускай амбасады ў Астане.

Аляксандар Лукашэнка ў Астане заявіў пра неабходнасьць абмеркаваць ня толькі двухбаковыя адносіны, але і апошнія падзеі ў сьвеце ды рэгіёне.

Незалежны палітоляг з Алматы Эдуард Палятаеў называе невыпадковай інтэнсыфікацыю кантактаў кіраўнікоў Казахстану, Расеі і Беларусі пасьля падзеяў ва Ўкраіне, Кыргызстане і Ўзбэкістане: учора Назарбаеў вёў перамовы з Пуціным, а сёньня — з Лукашэнкам

(Палятаеў: ) “Вельмі можа быць, што цяпер створыцца такі клюб паводле палітычных інтарэсаў, на чале якога будуць Пуцін і Назарбаеў, і, магчыма, да іх далучацца Лукашэнка і Карымаў, людзі старой савецкай фармацыі, якія не ўспрымаюць таго ж тандэму празаходнікаў Юшчанка—Саакашвілі. Відавочна, што ў гутарках не для публікі такія рэчы будуць абмяркоўвацца. На мой погляд, рэжымы будуць збліжацца перад пагрозай агульнай небясьпекі”.

Паводле Эдуарда Палятаева, рэжымы ў Менску і Астане ў многім падобныя: у казахстанскім парлямэнце няма ніводнага прадстаўніка апазыцыі, на рэфэрэндуме падаўжаліся паўнамоцтвы прэзыдэнта Назарбаева, які зьбіраецца перамагчы і падчас чарговых выбараў у 2006 годзе. Два месяцы таму на зьезьдзе руху “За справядлівы Казахстан” апазыцыя вылучыла свайго адзінага кандыдата ў прэзыдэнты — былога сьпікера ніжняй палаты парлямэнту Жармахана Туякбая. Аднак атмасфэра ў казахстанскім грамадзтве неспрыяльная для пераменаў, лічыць алмацінскі палітоляг Эдуард Палятаеў.

(Палятаеў: ) “Ёсьць пэўныя індыфэрэнтныя адносіны да палітыкі, абыякавасьць сярод большасьці насельніцтва, паколькі ўсе занепакоеныя, як зарабіць грошай”.

Прадстаўнік АГП Аляксандар Дабравольскі мяркуе, што, нягледзячы на падабенства праблемаў у беларускім і казахстанскім грамадзтвах, беларуская апазыцыя мае разьвіваць супрацоўніцтва ў іншай сетцы каардынатаў, эўрапейскай. А што да яўнай тэндэнцыі да стварэньня ў рамках СНД клюбу прэзыдэнтаў, не зацікаўленых у рэвалюцыях, то спадар Дабравольскі кажа, што толькі вітаў бы такі клюб, але даў бы яму адну параду:

(Дабравольскі: ) “Дзеля таго, каб не было рэвалюцыяў, трэба зрабіць зусім іншае — забясьпечыць магчымасьць для людзей самім на свабодных выбарах усё вырашаць. І ня будзе ніякіх рэвалюцыяў”.
XS
SM
MD
LG