Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Скрабец чацьверты дзень трымае галадоўку за кратамі


Уладзімер Глод, Менск Адвакат Сяргея Скрабца Міхаіл Хоміч паведаміў Радыё Свабода, што самаадчуваньне галадоўніка здавальняючае. Адзін з актывістаў беларускай палітычнай апазыцыі, кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец быў арыштаваны 15 траўня і цяпер знаходзіцца ў сьледчым ізалятары ў Берасьці. Яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — падрыхтоўка да злачынства і хабарніцтва. Расейскае агенцтва навінаў "Интэрфакс" тымчасам паведамляе, што Скрабец не праводзіць галадоўкі.

Прычынай галадоўкі, паводле памочніка былога дэпутата Сяргея Галаганюка, сталі арышт ды абвінавачаньні, якія Сяргей Скрабец лічыць беспадстаўнымі. Адвакат Міхаіл Хоміч у сёньняшняй тэлефоннай размове са мной адмовіўся камэнтаваць абвінавачаньні супраць былога дэпутата, спаслаўшыся на тое, што даў падпіску аб нераспаўсюдзе зьвестак, датычных справы. Што да стану здароўя Сяргея Скрабца, Міхаіл Хоміч сказаў:

(Хоміч: ) “На сёньняшні дзень ён адчувае сябе больш-менш нармальна”.

(Карэспандэнт: ) “Галадоўку ён працягвае? Не адмовіўся ад яе?”

(Хоміч: ) “Калі я ўпершыню ішоў да Скрабца ў ізалятар, дык мне ўжо сказалі, што ён распачаў гэтую справу. І ён працягвае галадаваць”.

Адвакат таксама паведаміў, што 18 траўня Сяргея Скрабца перавялі зь Берасьцейскага ізалятару часовага ўтрыманьня ў сталы ізалятар. На маё пытаньне, што гэта можа азначаць, спадар Хоміч адказаў, што “там Скрабцу будзе лепш, бо ўмовы ўтрыманьня ў сталым ізалятары лепшыя параўнальна з часовым”.

Уладзімер Парфяновіч — калега Сяргея Скрабца па дэпутацкай групе “Рэспубліка”, упэўнены, што афіцыйныя ўлады Беларусі помсьцяць дэпутату за ягоныя дэмакратычныя перакананьні ды актыўную апазыцыйную дзейнасьць:

(Парфяновіч: ) “Яны абяцалі яго пасадзіць за ўдзел у выбарах, і яны гэты зрабілі”.

Спадар Парфяновіч згадаў пра пагрозы ўладаў пакараць Сяргея Скрабца. Пагрозы выказваліся адкрыта, і таму некаторыя зьдзіўляюцца, навошта экс-дэпутат заставаўся ў Беларусі. Памочнік Сяргея Скрабца спадар Галаганюк сказаў мне, што ён сам неаднойчы задаваў Скрабцу тое ж пытаньне:

(Галаганюк: ) “Перадусім, ён заўжды казаў: “Я гэтага ўсяго не баюся. Я буду да канца ў Беларусі, я не баязьлівец. І ўцякаць я ня буду”. Гэта — ягоныя словы. Таму, што ён яшчэ казаў: “Мае перакананьні ёсьць мае перакананьні”.

Пачуўшы гэта, я нагадаў спадару Галаганюку пра тое, што летась Сяргей Скрабец зьвяртаўся з просьбаю да прэзыдэнта Расеі аб атрыманьні палітычнага прытулку, але атрымаў адмоўны адказ. Памочнік экс-парлямэнтара гаворыць, што ён і не разьлічваў на іншае, а заява на імя Ўладзімера Пуціна пісалася дзеля таго, каб яшчэ раз зьвярнуць увагу на сытуацыю ў Беларусі:

(Галаганюк: ) “Ён падаваў дакумэнты без усякай надзеі. Галоўнае было, каб яго пачулі расяяне, каб яны даведаліся пра тое, што адбываецца тут, у Беларусі, што ён з гэтым змагаецца. Каб яго пачулі там на самым версе”.

Сяргей Скрабец зьяўляецца сябрам назіральнага сойму Беларускага Хэльсынскага камітэту. Гэтая грамадзкая арганізацыя выступіла з адмысловай заявай, у якой сьцьвярджаецца, што адносна Сяргея Скрабца парушана прэзумпцыя невінаватасьці. БХК зьвярнуўся ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацыяў з просьбаю зрабіць усе захады “дзеля папярэджаньня парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі”.

Летам 2004 году Сяргей Скрабец удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў — нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.

17 траўня судовая выканаўца апісала мэблю ды іншыя рэчы ў кватэры Сяргея Скрабца — дзеля пагашэньня судовай запазычанасьці, якая ўзьнікла пасьля таго, як суд у Горадні пакараў былога дэпутата штрафам на 4 мільёны 800 тысяч рублёў за арганізацыю несанкцыянаванага ўладамі мітынгу прадпрымальнікаў.

***

Тым часам агенцтва "Интерфакс" са спасылкай на кіраўніка Берасьцейскага ізалятара часовага ўтрыманьня Мікалая Сухадольскага 18 траўня паведаміла што "узяты пад варту Сяргей Скрабец не праводзіць галадоўкі і харчуецца нармальна".

Наш карэспандэнт Уладзімер Глод зьвязаўся па тэлефоне са спадаром Сухадольскім:

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, калі ласка, галадуе ці не Сяргей Скрабец?"

(Сухадольскі: ) "Ніякіх заяваў ад узятага пад варту Скрабца наконт адмовы ад ежы ды галадоўкі не паступала. У камэры сядзіць, як і усе".

(Карэспандэнт: ) "А рэальна ён галадуе ці не?"

(Сухадольскі: ) "Разумееце, я ж ня буду стаяць і глядзець, ці есьць. Але ніякіх заяваў – ні вусных, ні пісьмовых – аб адмове ад ежы ён не выказваў".
XS
SM
MD
LG