Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Выстава памяці Васіля Быкава адкрылася ў Палацы мастацтваў


Валянціна Аксак, Менск “Залучаны на вечнасьць” — так называецца выстава, якая сёньня ўвечары адкрываецца ў сталічным Палацы мастацтваў. Яна прысьвечаная памяці народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава, якому празь месяц споўніўся б 81 год.

Экспазыцыя выставы “Залучаны на вечнасьць” займае адну з трох заляў Палацу мастацтваў. Яна складзеная з твораў, напісаных беларускімі мастакамі ў розныя гады. Гаворыць ініцыятар выставы кіраўнік творчае суполкі “Пагоня” Мікола Купава:

(Купава: ) “Тэма Васіля Быкава ў нашым мастацтве ўжо дастаткова распрацаваная, я думаю, што ад 1960-х гадоў. У 1970—80-я росквіт быў, паколькі шмат выдавалі Быкава, таму і мастакі шмат працавалі. Будзем гаварыць, што тут дзьве асноўныя плыні: інтэрпрэтацыя літаратурных яго твораў, ілюстрацыі (наагул мастацтва кнігі даволі высока ў нас узьнялося дзякуючы і ілюстрацыям паводле твораў Быкава) і ягоныя вобразы”.

У экспазыцыі шырока прадстаўленая кніжная графіка паводле твораў Васіля Быкава. Гэта найперш аркушы народнага мастака Беларусі Арлена Кашкурэвіча і Юрася Жызьнеўскага-Герасіменкі, якія ў свой час афармлялі аповесьці “Яго батальён” і “Знак бяды”.

На выставе шмат партрэтаў Васіля Быкава. Народнага пісьменьніка малявалі Леанід Шчамялёў, Май Данцыг, Міхаіл Савіцкі, Міхаіл Моўчан. Тут жа краявіды, напісаныя Міколам Купавам і Ўладзімерам Сулкоўскім на радзіме Быкава ў вёсцы Бычкі.

Калі гэтая выстава плянавалася, то меркавалася, што ў яе экспазыцыю ўвойдуць і творы, напісаныя падчас леташняга мастацкага пленэру на Вушаччыне, прысьвечанага 80-годзьдзю Быкава і наладжанага таксама суполкаю “Пагоня”. Аднак менская пленэрная выстава адчынілася ў Чырвоным касьцёле толькі пяць дзён таму і на гэтую рэтраспэктыўную творы зь яе не патрапілі.

Дзьве адначасовыя мастацкія экспазыцыі ў сталіцы краіны, прысьвечаныя памяці народнага пісьменьніка, толькі падкрэсьліваюць значнасьць асобы Васіля Быкава, гаворыць Мікола Купава.

(Купава: ) “Мы такім чынам сьцьвярджаем, што Васіль Быкаў, як тое дрэва, расьце і цягнецца да Бога, у вышыню, і ён ніколі нікуды не зьнікаў. Наадварот, зь ім нам належыць і нашая цяпершчына, і нашая будучыня”.

Падчас адкрыцьця выставы прагучала ідэя сабраць сродкі і выкупіць партрэт Быкава, напісаны мастаком Моўчанам, з тым, каб павесіць яго ў кватэры народнага пісьменьніка. Куды наагул вернуцца з выставы творы, прысьвечаныя Быкаву? Мікола Купава так адказаў на гэтае пытаньне:

(Купава: ) “Раней распараджалася гэтым міністэрства — яно купляла альбо не купляла, а цяпер няхай хоць трошкі народ наш пацікавіцца гэтым, куды яно пойдзе”.

Міністэрства культуры ніякае цікавасьці да выставы, прысьвечанай памяці Васіля Быкава, ня выявіла.
XS
SM
MD
LG