Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Саша і Сірожа” пад пагрозаю забароны


Галіна Абакунчык, Менск Канцэрт-прэзэнтацыя папулярнага комікс-дуэту “Саша і Сірожа” пад пагрозаю забароны. Імпрэза мусіла адбыцца ў менскім клюбе “Рэактар” 19 траўня. Аднак напярэдадні адміністрацыя гэтай установы адмовіла арганізатарам у арэндзе залі.

У адміністрацыі клюбу не паведамляць прычыны забароны, хоць самога гэтага факту не адмаўляюць. Вось што паведаміў “Свабодзе” арт-дырэктар “Рэактару” Аляксей, які не пажадаў назваць свайго прозьвішча:

(Аляксей: ) “Мне сказалі часова афішы зьняць, я так і зрабіў. Я ня ведаю, чаму адмянілі канцэрт, чаму такая сытуацыя склалася, мне самому цікава”.

Паводле арганізатара, прадстаўніка агенцтва “Лінія гуку” Ўладзімера Шаблінскага, афіцыйна дамова арэнды не скасаваная, але пра забарону канцэрту ён таксама чуў. А вось што паведаміў “Свабодзе” прад’юсар дуэту Яўген Калмыкоў:

(Калмыкоў: ) “Нехта патэлефанаваў дырэктару клюбу “Рэактар” і сказаў, каб гэтага канцэрту не было. Вось і ўсё. Цяпер жа вельмі цяжка ад некага дамагчыся нейкіх афіцыйных тлумачэньняў. Гэта ж зразумела”.

Паводле спадара Калмыкова, першы музычны альбом пад назваю “Ска-ты”, які комікс-дуэт плянаваў прэзэнтаваць у “Рэактары”, ужо займеў папулярнасьць ва Ўкраіне. У Беларусі ж альбомы “Ска-ты” і “Калыханкі” распаўсюджваюцца толькі ў выглядзе відэа- і аўдыёдыскаў. Чаму артыстаў не жадаюць папулярызаваць на радзіме, дырэктар дуэту Віталь Драздоў патлумачыў так:

(Драздоў: ) “Дробныя чыноўнікі ад культуры і ад іншых галінаў дзяржавы баяцца невядома чаго, а таму лішні раз вельмі моцна перастрахоўваюцца”.

Паводле спадара Драздова, спадзяваньне на тое, што вусная забарона канцэрту будзе адмененая, пакуль застаецца.

Комікс-дуэт “Саша і Сірожа” — гэта праект мастака Алеся Хацкевіча і лідэра гурту “Ляпіс Трубецкой” Сяргея Міхалка. Артысты выконваюць ролю вясковых хлопцаў, якія пераехалі жыць у горад і спрабуюць па-новаму асэнсаваць навакольны сьвет. Пры гэтым яны размаўляюць на распаўсюджанай у народзе трасянцы. У 2003 годзе “Саша і Сірожа” мелі адмысловую гумарыстычную праграму “Зьвезданутыя” на першым канале Беларускага тэлебачаньня. Але пасьля інтэрвію расейскаму тэлеканалу, падчас якога артысты жартавалі над падзеямі ў Беларусі, праграма была зачыненая. Напрыканцы мінулага году “Саша і Сірожа” плянавалі прэзэнтаваць праграму “Новыя калыханкі” на Сталічным тэлеканале СТВ, аднак яна таксама была забароненая. Цяпер “Саша і Сірожа” зьяўляюцца вядучымі тэле- і радыёпраграмаў ва Ўкраіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG