Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дасьледаваньне Свабоды: які стан дзіцячага спорту ў Беларусі?


Алег Дашкевіч, Менск За савецкім часам дзіцячы й юнацкі спорт быў заўсёдным козырам савецкай сыстэмы. У шматлікіх беларускіх ДЮСШ займаліся дзясяткі тысяч дзяцей. Асобым гонарам дзяржавы было тое, што займаліся там дзеці бясплатна. Якая ж сёньня сытуацыя ў галіне дзіцячага спорту ў Беларусі? Тэму дасьледуе наш карэспандэнт.

Сёньняшні дзень дзіцячага спорту Беларусі нагадвае савецкую мінуўшчыну хіба што вонкава. Бадзёрыя рапарты пра ўсё большую колькасьць дзяцей, якія займаюцца самымі рознымі відамі спорту, рэанімаваныя й ідэалягічна правільныя “Залатыя шайбы” ды “Скураныя мячы” ня здольныя схаваць сапраўдных праблемаў, што перажывае нацыянальны дзіцячы спорт. Найперш, гэта неадпаведны сацыяльны статус і матэрыяльнае становішча маладых спэцыялістаў.

Гаворыць дырэктар Рэспубліканскай школы вышэйшага спартовага майстэрства па лёгкай атлетыцы Аляксандар Падаляка.

(Падаляка: ) "Я працую дваццаць пяць гадоў і бачу – колькасьць дзяцей, якія хочуць займацца лёгкай атлетыкай, не памяншаецца. Але праблема ў тым, што за апошнія дваццаць гадоў колькасьць трэнэраў скарацілася ў пяць разоў, калі ня болей. Калі раней у спартовых школах працавалі па дваццаць-трыццаць трэнэраў, то цяпер ёсьць школы, дзе працуюць па тры, па пяць трэнэраў. Сама колькасьць школаў скарацілася. Самае галоўнае, што няма жадаючых працаваць трэнэрамі. У нас у школе ніводнага новага трэнэра не прыйшло, апрача тых, каго мы самі падрыхтавалі ў сваёй школе з нашых спартоўцаў. Ніхто ня хоча ісьці працаваць, таму што вельмі нізкая заработная плата".

Паводле Падалякі, стаўка маладога спэцыяліста пры ўмове поўнай нагрузкі складае каля 250 тысяч рублёў. Калі за савецкім часам праца трэнэра лічылася больш складанай, прэстыжнай і аплачвалася ў паўтара-два разы болей, чым у настаўніка фізкультуры, то цяпер наадварот.

***

Таксама праблемай дзіцячага спорту спэцыялісты лічаць стаўленьне да яго самой дзяржавы. Няма сакрэту, што, напрыклад, у хакей укладаюцца сродкі, будуюцца палацы, пры якіх адкрываюцца дзіцячыя спартшколы, але Беларусь не імпэрыя з залежамі нафты й газу – грошай на ўсіх не хапае, і таму, калі недзе дадаецца, у іншым месцы адымаецца...

Напрыклад гандбол, хіба найлепшы цяпер від спорту, калі браць пад увагу дасягненьні на міжнароднай арэне, які яшчэ з пятнаццаць гадоў таму можна было назваць нацыянальным, цяпер перажывае цяжкія часіны. Калі раней сэкцыі існавалі амаль ва ўсіх школах, у тым ліку і вясковых, то цяпер карціна зусім іншая. Гаворыць Генэральны сакратар Беларускай фэдэрацыі гандболу Ігар Юдчыц:

(Юдчыц: ) "Гандболу няма ў праграме агульнаадукацыйных школ, гэта асноўная бяда. Раней у нас на першынство гораду кожны раён па некалькі камандаў выстаўляў. Вы ў курсе, што наш від спорту прызнаны непрыярытэтным, нягледзячы на ўсе дасягненьні. Калі ня будзе дзяржаўнай праграмы, нічога ня зьменіцца, бо тыя людзі, якія ідуць працаваць трэнэрамі ў дзіцячую спартшколу, маюць заробак каля ста пяцідзесяці тысяч рублёў".

***

На разьвіцьцё дзіцячага спорту, на яго папулярызацыю ўплываюць посьпехі дарослых спартоўцаў. Калі канкрэтны від спорту не прыносіць мэдалёў і ня мае прывілеяў з боку ўлады, то лёс яго можа быць незайздросным. У прэсу праточваліся чуткі аб скасаваньні бюджэтнага фінансаваньня нацыянальнай каманды па сынхронным плаваньні, якая кепска выступіла на апошняй алімпіядзе. Рэалізацыя такіх плянаў безумоўна адаб’ецца і на дзіцячых групах гэтага прыгожага віду, бо ліквідуецца базавы складнік любога віду – спартовы стымул. Гаворыць трэнэрка Сьвятлана.

(Сьвятлана: ) "Натуральна, калі ня будзе зборнай каманды, навошта ўтрымліваць школы, куды трэба ўліваць мільёны грошай. Хоць у нас і зараз усе групы ідуць на самаакупнасьць. Па напаўняльнасьці групаў справы рухаюцца вельмі нядрэнна, таму што гэткі від разьвівае дзяўчат ва ўсіх напрамках".

Але пэрспэктыўны і камэрцыйны накірунак застаецца па-за ўвагай спортфункцыянэраў: у краіне няма для яго адмысловай базы, вось і туляюцца спартоўцы з трэнэрамі па разных басэйнах... Гэта падвышае кошт абанэмэнту, бо толькі арэнда гадзіны заняткаў у басэйне на адной дарожцы каштуе каля дваццаці тысяч, сам абанэмэнт каля сарака. Да таго ж кошты, як вядома, маюць імкненьне да росту. Гаворыць трэнэрка Юлія Санфірава:

(Санфірава: ) "Бацькі ўжо ня мараць пра тое, што нейкі спорт зараз будзе бясплатным. Калі ім гаворыш, што столькі будзе каштаваць абанэмэнт, рэагуюць з разуменьнем, аднак калі цана пачынае расьці, я бачу, што яны незадаволеныя... Але што рабіць: такое жыцьцё, яны вымушаны плаціць, бо што ня зробіш дзеля свайго дзіцяці."

***

Недахоп бюджэтнага фінансаваньня спараджае розныя ініцыятывы сярод спартовага начальства. Цяпер абмяркоўваецца ідэя частковага пераводу дзіцячага спорту на самаакупныя групы. Фактычна гэта проста канстатацыя цяпер існуючага, але наступствы такога кроку могуць быць фатальнымі для некаторых відаў дзіцячага спорту. Гаворыць дырэктар спортшколы па плаваньні пры басэйне “Хваля” Георгі Лебедзеў:

(Лебедзеў: ) "Ёсьць віды спорту папулярныя і прывілеяваныя. Плаваньне не адносіцца да прывілеяваных, але плаваньне вельмі папулярны від. У нас, калі ідзе продаж абанэмэнтаў, то з шасьці раніцы займаюць чэргі, як за савецкім часам. Наша школа знаходзіцца ў Менску, мае ўласную спартовую базу і яна выжыве. Але большасьць школ без дзяржаўнае падтрымкі, без бюджэтнага фінансаваньня, я больш чым упэўнены, проста памрэ. Мы езьдзілі ў Нямеччыну, Швэцыю – у гэтых эўрапейскіх краінах сацыяльная база на вельмі высокім узроўні і амаль усе дзеці там займаюцца бясплатна".

У той жа Эўропе і ўзровень заработнай платы дзіцячых трэнэраў, пэдагогаў роўны заробку спэцыялістаў з самых розных галінаў вытворчасьці. А іхным беларускім калегам даводзіцца выкручвацца: напрыклад, дадаткова весьці платныя групы для дарослых... Але й гэта магчыма далёка не ва ўсіх відах спорту.

(Лебедзеў: ) "Мы, адміністрацыя, у вольны ад асноўнае працы час даем магчымасьць падзарабіць трэнэрам на платных групах, але гэта таксама ня выхад. Ён восем гадзінаў заняты на асноўнай працы, пасьля чатыры на падпрацоўцы, а дзе вольны час, каб адпачыць ды падрыхтавацца да наступных заняткаў?"

Георгія Лебедзева дапаўняе Аляксандар Падаляка:

(Падаляка: ) "Ёсьць папулярныя віды, напрыклад каратэ, плаваньне, гімнастыка, куды дзяцей вядуць: колькі б ні было сэкцый, усё адно яны будуць запоўненыя. А ў лёгкай атлетыцы, лыжах іншая спэцыфіка, і яны павінны датавацца дзяржавай".

***

Я зьвярнуўся да тых бацькоў, чые дзеці займаюцца спортам, каб яны выказалі сваю пазыцыю адносна платных спартовых гурткоў, і пачуў такія адказы:

(Першы спадар: ) "Хутка мы будзем плаціць за ўсё, нават за тое, што мы працуем".

(Другі спадар: ) "Ясна, што калі ты плаціш грошы, то тады вымушаны больш пільна сачыць за гэтым. Атрымваецца, што спорт – справа людзей з поўнымі кашалькамі".

(Трэці спадар: ) "Усё сваё жыцьцё я займаўся ў спартовых сэкцыях – дзюдо, плаваньне, баскетбол і ў звычайных школах, і ў спартовых. Усё гэта было бясплатна. Зараз дэкляруецца, што ў нас вельмі сацыяльная дзяржава, хоць фактычна не застаецца сфэры, дзе ня трэба плаціць грошы. Як можна гаварыць, што дзяржава клапоціцца пра здароўе нацыі! Атрымліваецца, там дзе рыхтуюцца алімпійскія мэдалі й рэзэрвы, гэта робіцца за кошт дзяржавы, а здароўе нацыі – за грошы з кішэні бацькоў, нягледзячы на тое, што мы плацім падаткі".

Застаецца толькі канстатаваць: здароўе дзяцей у Беларусі – у руках іхных бацькоў! І добра, калі гэтыя рукі моцныя.
XS
SM
MD
LG