Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць пратэстантаў у Беларусі павялічваецца


Галіна Жарко, Менск. Амэрыканскія экспэрты ў дакладзе па міжнароднай свабодзе рэлігій ставяць Беларусь у шэраг з Эгіптам, Інданэзіяй, Кубай і Нігерыяй, якія маюць патрэбу ў назіраньні з прычыны парушэньня свабоды сумленьня з боку дзяржавы. Беларускія ўлады цьвердзяць пра этнаканфэсыйны мір і заяўляюць аб збалянсавансьці ўзаемаадносінаў рэлігійных аб''яднаньняў і дзяржавы. І паспрыяў гэтаму быццам бы нядаўна прыняты закон "Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях".

Прыняты ў 2002 годзе закон тры разы адпраўляўся на дапрацоўку, і цяпер, на думку беларускіх чыноўнікаў, працуе бездакорна. У чарговы раз высокую адзнаку ўчора даў закону старшыня Камітэту ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Станіслаў Буко падчас сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў.

У якасьці доказу спадар Буко прывёў вынікі перарэгістрацыі рэлігійных арганізацыяў, якую здолелі прайсьці больш за 99% дзеючых рэлігійных суполак. У тым ліку і пратэстанты, хоць менавіта яны сутыкнуліся з праблемамі.

Справа ў тым, што паводле закону, грамада цяпер рэгіструецца пры наяўнасьці 20 вернікаў. Але большасьць пратэстантаў некампактна жыве ў вёсках паўночна-заходняй часткі Беларусі. Вось што кажа гісторык Юры Шаўцоў, які займаецца пытаньнямі рэлігіі.

(Шаўцоў: ) "Калі гэты закон прымалі, дык меркавалася, што грамады вясковыя рухнуць. Бо цяжка знайсьці 20 чалавек хрышчаных. Была вялікая праблема. Без рэгістрацыі немагчыма праводзіць легальныя малітоўныя сходы. Але калі закон быў прыняты, зьмяньшэньня пратэстанцкіх суполак не адбылося. Гэта было нечаканасьцю. Відаць з прычыны, што ў іх ідзе хуткі рост. За кошт росту яны пакрылі значную частку Беларусі сваёй заўважнай прысутнасьцю".

Прырост пратэстанцкіх суполак адбываецца менавіта за кошт перахрышчаных праваслаўных вернікаў. Між тым чыноўнікі па-ранейшаму прыводзяць лічбу колькасьці пратэстантаў толькі 2%. На фоне 80% праваслаўных і 14% католікаў гэтая лічба выглядае мізэрна. Юры Шаўцоў.

(Шаўцоў: ) "2% -- гэта глупства. Справа не ў сьвядомай фікцыі, а ў тэрміналягічнай блытаніне. У пратэстантаў вернікамі лічацца толькі хрышчаныя чальцы. У іх звычайна вялікія сем''і. Дзяцей, якія таксама выконваюць абрады, па праваслаўных правілах таксама б лічылі вернікамі. Але пратэстанты не ўключаюць дзяцей у склад вернікаў, бо яны не прайшлі абрад хрышчэньня. Калі прымяніць лёгіку праваслаўных, усё будзе супаставіма".

Структура суполак розная. Хрышчаным пратэстантам, якія толькі і лічацца вернікамі, у праваслаўных адпавядаюць гэтак званыя ўвацаркоўленыя -- тыя хто выконваюць усе правілы і актыўна ўдзельнічаюць у жыцьці прыхода. Колькасьць хрышчаных пратэстантаў у грамадах прыкладна такая самая як увацаркоўленых у праваслаўных.

Паводле Юрыя Шаўцова, Закон хоць і не прывёў да зьмяншэньня колькасьці пратэстанцкіх суполак, усё ж абмежаваў іх функцыянаваньне

(Шаўцоў: ) "Гэты закон, на жаль, парушыў тую раўнавагу, што была да яго. Закон ня вельмі моцна, але стварыў перавагу для праваслаўных. І ў меншай ступені для каталікоў. Ён адбудаваў ня надта жорсткую, але іерархію, дзе пратэстанты апынуліся на 3-ім месцы пасьля праваслаўных і католікаў".

Між тым, на думку некаторых рэлігіязнаўцаў, Беларусь адзіная краіна ў Эўропе, дзе адбываецца рэлігійная трансфармацыя. Пратэстантызм атрымлівае шанец стаць найбольш уплывовай канфэсіяй. Гэта ўнікальная культурная сытуацыя.
XS
SM
MD
LG