Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Упершыню ў Менску экспануецца жывапісная работа Марка Шагала


Ганна Соусь, Менск Ад учорашняга дня карціна Шагала дэманструецца на перадаўкцыённай выставе, якую праводзіць антыкварна-аўкцыённы дом “Парагіс” у памяшканьні Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі.

Разам з творам Марка Шагала экспануюцца таксама работы Аляксандра Ісачова, Мікалая Селяшчука, Анатоля Зьверава ды іншых вядомых беларускіх, расейскіх і заходнеэўрапейскіх мастакоў.

Прадстаўнікі антыкварна-аукцыённага дому “Парагіс” лічаць сапраўднай сэнсацыяй тое, што ўпершыню за 80 гадоў у Беларусі экспануецца жывапісная работа Марка Шагала. Справа ў тым, што ў Беларусі ёсьць калекцыя толькі графічных работ мастака. Прапаную паслухаць прадстаўніцу дому “Парагіс” Тацяну Арцімовіч:

(Арцімовіч: ) “Ва ўсіх мастацкіх энцыкляпэдыях Марк Шагал лічыцца францускім мастком, але ён нарадзіўся ў Беларусі, у Ліёзне на Віцебшчыне. Перад ад’ездам за мяжу Марк Захаравіч пакінуў вельмі значную творчую спадчыну ў Беларусі. У цэнтры Марка Шагала ў Віцебску ёсьць калекцыя яго графічных работ, яе падаравалі родныя Шагала, а таксама калекцыянэры з Заходняй Эўропы менавіта гэтаму цэнтру”.

Карціна Марка Шагала знаходзілася ўвесь гэты час на тэрыторыі Беларусі ў прыватнай калекцыі. Цяпер яе можна пабачыць на выставе. Гэта выява пеўніка. Тацьцяна Арцімовіч працягвае:

(Арцімовіч: ) “Гэта работа без назвы. Але ў спадчыне Марка Шагала ёсьць падобныя працы. Гэта вельмі цікавая і прыгожая работа. Асабліва тым, што там вельмі шмат цікавых маленькіх элемэнтаў. Калі мы глядзім на гэтую працу, то бачым яшчэ нейкія цікавыя сюжэты”.

Дадам да гэтага, што стартавы кошт карціны Марка Шагала – 250 тысячаў даляраў. Аўкцыён адбудзецца 29 траўня.

Работа экспануецца ў памяшканьні Тэатру беларускай драматургіі, і, на першы погляд, ніякай аховы няма. Але, калі я запыталася пра захады бясьпекі выканаўчую дырэктарку дома “Парагіс” Людмілу Конанаву, то яна адказала мне наступным чынам.

(Конанава: ) “Мы ня можам гаварыць пра гэта. Безумоўна, вельмі сур’ёзная ахова. Таму Вы проста паспрабуйце нешта ўзяць… І тады Вы зразумееце, як гэта захоўваецца. Канечне, гэтае пытаньне было вырашанае найперш”. Апрача твора Марка Шагала на перадаўкцыённай выставе экспануюцца 3 графічныя і 2 жывапісныя работы вядомага мастака з Рэчыцы Аляксандра Ісачова, некалькі работ Мікалая Селяшчука, які трагічна загінуў пры канцы 90-х гадоў, раньнія работы расейскага мастака Анатоля Зьверава, карціны такіх заходнеэўрапейскіх мастакоў як Томас Брукс, Арнольдо Салдзіні, Фрыц Бэкэрт ды іншых. На аўкцыёне будуць таксама выстаўленыя парцалянавыя вырабы, манэты, антыкварная мэбля, срэбра, гадзіньнікі.
XS
SM
MD
LG