Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадчыну рабуюць свае і чужыя


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня ў сьвеце адзначаецца Міжнародны Дзень музэяў. У Беларусі напярэдадні стала вядома аб чарговым рабаўніцтве музэйнай экспазыцыі. І цяпер, паводле Міністэрства культуры, у вышуку знаходзіцца больш як паўсотні каштоўных экспанатаў з Горадні, Шуміліна, Косава, Воршы, Краснапольля ды іншых мясьцінаў краіны.

Сямя беларускіх настаўнікаў Людмілы і Леаніда Лабаноўскіх з Краснапольля стварыла ў школе нумар два ўзорны музэй пра мінуўшчыну тамтэйшага кутка Магілёўшчыны. На вялікі жаль, зусім нядаўна сьмерць падпільнавала Леаніда Васільевіча. А ў ноч на 14 траўня бандыты скралі сабраныя ягонымі рукамі гістарычныя каштоўнасьці. Удава Людміла Адамаўна ў адчаі.

(Лабаноўская: ) “Для мяне гэта вельмі цяжка. Толькі тры тыдні прайшло пасьля сьмерці… Я не магу нічога гаварыць. Няхай гаворыць дырэктар школы пра экспанаты, пра музэй. А я не магу”.

Паводле дырэктаркі другой краснапольскай школы Сьвятланы Маргуновай, ахоўная сыгналізацыя школьнага музэю адключаная ад каравульнай службы міліцыі, мясцовы бюджэт такім чынам эканоміць сродкі.

(Маргунова: ) “Скрадзеныя ўзнагароды былога нашага дырэктара. Баявыя мэдалі й ордэны. Грашовыя знакі розных часоў, пачынаючы ад 18-га стагодзьдзя. Кіцелі з усімі ўзнагародамі. Біблія. Старыя абразы. Ваенная нямецкая зброя. Яе прынесьлі дзеці гадоў 20 таму”.

Музэй у Краснапольлі – адзін зь няпоўнай тысячы дробных музэяў краіны. Спэцыялісты даводзяць, што ўстановы ў рэгіёнах слаба абароненыя ад крадзяжоў замкамі і законам.

(Чэрнік: ) “Я ведаю, чуў пра крадзяжы. Але гэта музэі мясцовага падпарадкаваньня. Яны не падпарадкоўваюцца Міністэрству культуры, на жаль”.

Васіль Чэрнік – начальнік упраўленьня Міністэрства культуры сказаў пра адмежаваньне пэрыфэрыйных музэяў ад дзяржаўнага бюджэту. Паводле сталічнага чыноўніка, менавіта кіруючая вертыкаль на месцах вызначае ідэалёгію ўшанаваньня памяці. Як лічыць дырэктар народнага краязнаўчага музэя ў Воранаве Іван Фясенка, тутэйшыя начальнікі ня толькі эканомяць сродкі на ахове скарбніцаў мінуўшчыны, але і ня супраць зарабіць на спадчыне.

(Фясенка: ) “На ўзроўні сёняшняга рэгіёну гэтыя людзі ў асноўным з аграпрамысловага комплексу. Практычна іхная духоўнасьць нязначная. Яны ніколі ня ведалі сваіх каранёў”.

Па словах Івана Фясенкі, мясцовая ўлада прадала за мікрааўтобус радзінную хату габрэйскага філёзафа Хафеза Хайма, якую вывезьлі ў Ізраіль. А нядаўна, як кажа краязнаўца, гістарычная памяць памежжа страціла яшчэ адну згадку стагодзьдзяў.

(Фясенка: ) “Скрадзены помнік гэнэрал-маёру Рамановічу. Ён – татарскі герой, які пахаваны ў Некрашонцах. У Летуву вывезены ўнікальны культавы камень з трыма місамі. Такіх камянёў у Эўропе толькі 7 штук. На жаль, культавыя камяні законам не абароненыя. А калі якая-небудзь каштoўнасьць не абароненая, то мясцовая ўлада карыстаецца гэтым прававым полем, каб дамовіцца, зьвесьці, прадаць і гэтак далей”.

Сказаў Іван Фясенка пра страты спадчыны на Гарадзеншчыне. У Беларусі, нагадаю, няма праваахоўчага органа, які б каардынаваў вышук каштоўных экспанатаў гістарычнай і культурнай спадчыны. А паводле Міністэрства культуры, толькі ў блізкім часе з дробных музэяў выкрадзеныя некалькі дзесяткаў унікальных рэчаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG