Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 17 траўня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 17 траўня.

“Заря Запада”, 1925 год. Пра Нью-Ёрк у будучыні:

“Згодна з разьлікамі амэрыканскага таварыства дойлідаў і будаўнікоў, насельніцтва Нью-Ёрку ў 1975 годзе дасягне, па ўсёй верагоднасьці, 50 мільёнаў чалавек… Таварыства лічыць неабходным у найбліжэйшай будучыні прыступіць да распрацоўкі праектаў гарадзкіх камунікацыяў да гэтага пэрыяду. Найбольш мэтазгодным зьяўляецца праект арганізацыі пнэўманічных камунікацыяў у спэцыяльных трубах дзейнасьцю сьціснутага паветра. Пры гэтым можна будзе дасягнуць хуткасьці 150 міляў на гадзіну, што дазволіць хутка пераадолець вялізныя адлегласьці будучага Нью-Ёрку”.

“Вечерний Минск”, 1985 год. Пастанова ЦК КПСС “Аб мерах дзеля пераадоленьня п’янства і алькагалізму”:

“Ідэалягічным установам, сродкам масавай інфармацыі і прапаганды, творчым саюзам, таварыству “Веды” неабходна рашуча палепшыць антыалькагольную прапаганду, выхоўваць людзей у духу цьвярозасьці, нецярпімага стаўленьня да п’янства, ярка і пераканаўча раскрываць шкоду алькаголю нават у малых дозах для здароўя людзей, а таксама ягонае адмоўнае ўзьдзеяньне на ўсе бакі грамадзкага жыцьця — эканоміку, побыт, маральнае аблічча і сьвядомасьць людзей. Не дапускаць, каб у тэатры, кіно, тэле- і радыёперадачы, мастацкія творы прабіраліся матывы, якія прапагандуюць выпіўкі, застольлі”.

“Имя”, 1995 год. Аляксандар Старыкевіч пра судовы працэс З.Пазьняка супраць А.Лукашэнкі:

“Суд прызнаў распаўсюджаныя адказчыкам зьвесткі не адпаведнымі сапраўднасьці, якія зьнеслаўляюць гонар і годнасьць пазоўніка… Абвяржэньне іх павінна было прагучаць у адной з інфармацыйных праграмаў Беларускага радыё. Заля сустрэла рашэньне суду воплескамі. Па сканчэньні працэсу Зянон Пазьняк заявіў, што задаволены ягонымі вынікамі… А вечарам у той жа дзень падчас прамога тэлеэфіру Аляксандар Лукашэнка прынёс прабачэньні Зянону Пазьняку. Праўда, такім чынам, што ў якасьці прабачэньня іх ніхто не ўспрыняў”.
XS
SM
MD
LG