Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрылася выстава мастацтва беларускае літары – ЛІТ-АRT’05


Валянціна Аксак, Менск Увечары 17 траўня ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі адкрылася рэспубліканская выстава мастацтва каліграфіі “ЛІТ-АRT’05”. Выступаючы на ўрачыстай цырымоніі яе адкрыцьця, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Вялікай Брытаніі ў Рэспубліцы Беларусь Бэнэт Браен прызнаўся, што таксама аддаў заняткам гэтым старажытным мастацтвам шмат лепшых дзён свайго жыцьця. Афіцыйных беларускіх асобаў на ўрачыстасьці заўважана не было.

Гэтая выстава – пятая ў гісторыі творчае суполкі беларускіх мастакоў каліграфіі. І самая шматстайная па жанрах, самая прадстаўнічая па ўдзельніках і самая багатая па колькасьці экспанатаў.

Беларускія літары сустракаюць наведнікаў каванымі скульптурнымі кампазыцыямі Аляксандра Міхалевіча і графічнымі аркушамі Сяржука Цімохава, кніжнымі ілюстрацыямі Генадзя Мацура і публіцыстычнымі плякатамі Ўладзімера Цесьлера і Сяргея Войчанкі, фатаграфікай Уладзімера Цярэньцьева і мэталяграфікай заснавальніка беларускае школы мастацтва літары прафэсара Паўлы Семчанкі.

Павал Семчанка – нязьменны ініцыятар і арганізатар хіба ўсіх беларускіх выставаў каліграфіі, якую лічыць самым складаным і філязофскім, а таму рэдкім сёньня відам мастацтва.

(Семчанка: ) “Ня так было проста знайсьці чалавека, які так зможа валодаць плястыкай, рытмам, потым доўгі час быць у пэўным стане – тут шмат патрабаваньняў… Гэта можа самае інтэлігентнае мастацтва, я так лічу, таму што той, хто валодае лініяй, рысай, той валодае і законамі прасторы, і зьядноўвае графію з музыкай, а гэта ўжо нешта новае, таму што новае ўзьнікае толькі на злучэньні зь нейкіх двух… І вось мы бачым, якія магчымасьці гэта дае…”

У экспазыцыі апрача твораў сучасных мастакоў літары прадстаўленыя ўзоры старажытнае каліграфіі й прылады працы перапісчыка, аркушы старадрукаў і стол каліграфа, за якім студэнты мастацкіх вучэльняў змогуць паспрабаваць сябе ў якасьці майстра-перапісчыка ці аздабляльніка старых рукапісных тэкстаў. Пасьля чаго, магчыма, да двух дзесяткаў удзельнікаў гэтае экспазыцыі на наступнай выставе дададуцца яшчэ колькі імёнаў творцаў літары, якімі будзе ганарыцца прафэсар Семчанка. Як ганарыцца ён ранейшымі сваімі вучнямі, якія ўжо даўно прызнаныя майстры беларускае каліграфіі.

(Семчанка: ) “Я ганаруся імі, бо я так не зраблю. Гэта і Генадзь Мацур, і Юры Тарэеў… Мне гэта крылы дае, калі я бачу, што яны ідуць далей. Яны больш тонкія, больш сучасныя, а я ўжо так, як апантаны чалавек прывучаны працаваць”.

У кулюарах выставы некаторыя яе ўдзельнікі выказвалі меркаваньні, што прадстаўнікоў Міністэрства культуры на адкрыцьці “ЛІТ-ARTУ’05” не было таму, што прысьвечаная яна мастацтву менавіта беларускай літары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG