Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Андрэя Клімава, які сядзіць у ізалятары, будуць судзіць у розных судах


Любоў Лунёва, Менск Жонка Тацяна наведала свайго мужа Андрэя Клімава ў сьледчым ізалятары. Яго трымаюць пад вартай з 22 красавіка паводле крымінальнай справы за арганізацыю вулічнай дэманстрацыі 25 сакавіка. Сьледзтва скончылася і справу накіравалі ў суд Цэнтральнага раёна. Цягам двух тыдняў старшыня суду вызначыцца з датай судовага паседжаньня.

Тацяна паведаміла Радыё Свабода, што яе муж мае бадзёры настрой, але на яго фізычным стане адбіваюцца ўмовы сьледчага ізалятара – недахоп паветра і сонца.

(Клімава: ) “Сёньня я сустракалася з Андрэем. Выглядае ён як чалавек, які сядзіць у турме. На яго твары адбіўся недахоп паветра і сонца. Але ж трымаецца ўпэўнена, настрой бадзёры, і гэта настрой на перамогу. Старшыня суду сказаў мне, што яшчэ не вызначыўся з датай. Цягам двух тыдняў стане вядома, калі пачнецца паседжаньне і прозьвішча судзьдзі.”

Андрэя Клімава абвінавачваюць у арганізацыі вулічнай дэманстрацыі, у часе якой нібыта адбываліся масавыя беспарадкі. Акцыя праходзіла 25 сакавіка пад лёзунгамі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Андрэю пагражае абмежаваньне, альбо пазбаўленьне волі.

Тым часам у Першамайскім судзе знаходзіцца яшчэ адна крымінальная справа супраць Андрэя Клімава за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Першае паседжаньне адбылося 6 красавіка. 19 траўня мусіць адбыцца наступнае паседжаньне. Судзьдзя пастанавіла, каб Андрэя прывезьлі ў суд пад аховай.

Нагадаем, раней апазыцыйны палітык адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі паводле абвінавачваньняў у фінансавых злачынствах. Цяпер супраць яго – яшчэ дзьве крымінальныя справы.
XS
SM
MD
LG