Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да зьняволенага Бандажэўскага завітаў шэф місіі АБСЭ


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску пасол Эбэргард Гайкен наведаў зьняволенага прафэсара Юрыя Бандажэўскага, які другі год адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі-пасяленьні №26.

Паводле прадстаўніка офіса АБСЭ, гэты візыт разглядаецца ў шэрагу сустрэчаў Эбэргарда Гайкена, які раней наведаў зьняволеных Аляксандра Васільева і Міхаіла Марыніча.

Пасол Гайкен наведаў прафэсара Бандажэўскага ўжо на ягоным новым месцы пасяленьня, у сельскагаспадарчым вытворчым каапэратыве “Беліца-агра” у Лідзкім раёне, куды яго перавезьлі некалькі дзён таму.

Ад заўтрашняга дня былы рэктар Гомельскага мэдычнага інстытута, вядомы ў сьвеце навуковец Юры Бандажэўскі пачне працу сьлесарам на фэрме. На ранейшым месцы пасяленьня ў Пескаўцах ён працаваў вартаўніком.

Жонка прафэсара Галіна выказвае занепакоенасьць умовамі працы на фэрме.

(Бандажэўская: ) “Там жа аміяк і хлёрка, там нельга працаваць чалавеку зь язвай, гэта ўсё абвастраецца, плюс да ўсяго разарваны пэрыяд працы. Я кажу лепшай працы ўжо табе не знайшлі, там жа ёсьць і ўчастковая лякарня. Карацей, адно зьдзек”.

Прафэсара Бандажэўскага пасялілі ў вясковай хаце, у якой ніхто ня жыў цягам гадоў сямі.

(Бандажэўская: ) “Пах пацучынага гною, пашарпаныя сьцены, абарваныя шпалеры і ўсё астатняе. Вось такія ўмовы, але спадзявацца ж няма на што”.

Што да чаканай амністыі, то пакуль пэўнасьці ў гэтым няма, абяцаньням скасаваць адзін год спадарыня Галіна ня надта верыць.

(Бандажэўская: ) “Усюды хлусьня. Нашым праваахоўным органам верыць практычна наогул нельга. Для нас пішуць законы асобна і як хочуць, так гэты закон і прымяняюць”.

Нагадаем, Юры Бандажэўскі быў асуджаны да васьмі гадоў пазбаўленьня волі. На пачатку году прафэсар меў шанец на ўмоўна – датэрміновае вызваленьне, паколькі адбыў дзьве траціны тэрміну, але яго ня вызвалілі. Вядомы праваабаронца Гары Паганяйла мяркуе, што прафэсар Бандажэўскі не падпадае пад цяперашнюю амністыю, бо раней двойчы амністыя да яго ўжо прымянялася. Як сказаў Гары Паганяйла ў інтэрвію БелаПАН, астатнія вядомыя зьняволеныя могуць быць амніставаныя. Можа выйсьці на волю Міхаіл Марыніч альбо тэрмін пакараньня яму будзе скарочаны на год. Адзін год здымуць таксама ў лідэраў стачкаму Валеры Леванеўскага і Аляксандра Васільева. Можа быць прымененая амністыя да Андрэя Клімава, калі яго асудзяць больш чым на год зьняволеньня. Усе яны названы міжнароднымі арганізацыямі палітычнымі зьняволенымі.
XS
SM
MD
LG