Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захад асуджае ўзбэцкія ўлады; у краіне адключаныя заходнія і расейскія TV-каналы


Юры Дракахруст, Прага Заходняя рэакцыя на крывавыя падзеі ва Ўзбэкістане робіцца больш жорсткай. Вялікабрытанія просіць узбэцкія ўлады дапусьціць дыпляматаў і журналістаў у Андзіжан, дзе на мінулым тыдні адбыліся моцныя забурэньні. У той жа час узбэцкія ўлады жорстка кантралююць інфармацыю пра драматычныя падзеі на ўсходзе краіны.

Паводле афіцыйнай вэрсіі хваляваньні ў Андзіжане і іншых гарадох на ўсходзе Ўзбэкістану былі арганізаваныя ісламскімі экстрэмістамі, падчас забурэньняў загінула 30 чалавек. Аднак іншыя крыніцы прыводзяць інфармацыю, адрозную ад афіцыйнай: паводле дадзеных праваабарончых арганізацыяў лік загіблых ідзе на сотні, падаецца лічба 745 забітых.

Ставіцца пад сумнеў і палітычная трактоўка падзеяў.

Сёньня міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Джэк Стро назваў падзеі ў Андзіжане “відавочным парушэньнем правоў чалавека” і падкрэсьліў, што агонь, адкрыты войскамі па няўзброеных людзях, “ня можа быць апраўданы”.

Джэк Стро зьвярнуўся да ўзбэцкіх уладаў з просьбай дапусьціць у зону канфлікту прадстаўнікоў гуманітарных арганізацыяў, дыпляматаў і журналістаў. Чакаецца, што гэтая просьба будзе задаволеная сёньня ці заўтра.

З рэзкай заявай наконт падзеяў ва Ўзбэкістане выступіў прэсавы сакратар дзярждэпартамэнту ЗША Рычард Баўчар.

(Баўчар: ) "Мы глыбока занепакоеныя паведамленьнямі, што ў мінулую пятніцу ўзбэцкія ўлады стралялі па дэманстрантах. Мы асуджаем несэлектыўнае ўжываньне сілы супраць няўзброеных цывільных асобаў і шкадуем аб страце кожнага чалавечага жыцьця. Мы пераконвалі, пераконваем і будзем пераконваць узбэцкі ўрад праяўляць стрыманасьць, падкрэсьліваючы, што гвалт ня можа прывесьці да доўгатэрміновай стабільнасьці. Мы падкрэсьліваем гэтага ў размовах з вышэйшымі прадстаўнікамі ўзбэцкай ўлады ў Вашынгтоне і ў Ташкенце".

Разам з тым Рычард Баўчар асудзіў дзеяньні радыкалаў, якія са зброяў у рукох захапілі арсэнал і турму ў Андзіжане.

Дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс заклікала Іслама Карымава зрабіць узбэцкую палітычную сыстэму больш адкрытай і лібэральнай.

Іслам Карымаў зьяўляецца важным саюзьнікам антатэрарыстычнай кааліцыі ў рэгіёне, ва ўзбэцкім горадзе Ханабад дзейнічае амэрыканская ваенная база. Аднак заходнія краіны, якія вядуць змаганьне зь міжнародным тэрарызмам, ня лічаць, што ўдзел Ташкенту ў гэтым змаганьні забясьпечвае яму індульгенцыю на любыя дзеяньні ўнутры краіны. Больш таго, існуе меркаваньне, што менавіта брутальны характар узбэцкай ўлады робіць яе нестабільнай, адкрывае перад тэрарыстамі дадатковыя магчымасьці.

Кіраўнік Міжнароднай Хэльсынскай арганізацыі ў правох чалавека Арон Роўдз мяркуе, што праліцьцё крыві падрывае легітымнасьць рэжыму Карымава.

(Роўз: ) "Шмат у чым рэжым страціў законнасьць ужо даўно, бо ён ужывае катаваньні, ужывае сьмяротнае пакараньне ў выпадках, калі прызнаньні атрыманыя пад катаваньнем, парушае свабоду сумленьня, перасьледуе людзей за іх рэлігійныя перакананьні, падаўляючы любы палітычны плюралізм. Гэта дыктатура".

У той жа час узбэцкія ўлады працягваюць жорстка кантраляваць паведамленьні з рэгіёну канфлікту. Пра зьмест паведамленьняў афіцыйных мэдыяў распавядае карэспандэнт Радыё Свабода Андрэй Бабіцкі, які цяпер знаходзіцца ва Ўзбэкістане.

(Бабіцкі: ) "Фактычна няма ніякай інфармацыі. На працягу двух дзён па тэлебачаньні круцілі выступ Карымава, дзе ён даў сваю вэрсію падзеяў, якая вельмі адрозьнівалася ад таго, што адбывалася ў рэчаіснасьці. Учора па мясцовым тэлебачаньні паведамлялі, што ў Андзіжане ўсё ў парадку, што людзі ненавідзяць “акрамістаў” і жыцьцё вяртаецца на нармальныя рэйкі. Звычайная, абсалютна савецкага тыпу прапаганда".

Паводле ўзбэцкай апазыцыйнай актывісткі Надзіры Хайдаятавай ўлады не даюць магчымасьць людзям атрымаць альтэрнатыўную інфармацыю ані ад замежных расейскіх, ані з заходніх крыніцаў.

(Хайдаятава: ) "Першае, што парушаецца – гэта права на атрыманьне інфармацыі. Ня толькі мясцовыя мэдыі нічога не асьвятляюць, нам адключаюць расейскае тэлебачаньне, нам адключаюць сувязь з такім інтэрнэт-сайтамі, як centralasia.ru, fergana.ru".

У гэтыя дні кабэльныя сеткі, па якіх трансьлююцца расейскія і заходнія тэлеканалы, ва Ўзбэкістане адключаныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG