Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць Міколы Статкевіча можа быць пачатая яшчэ адна крымінальная справа


Любоў Лунёва, Менск Менская гарадзкая пракуратура патрабуе распачаць новую крымінальную справу супраць лідэра сацыял-дэмакратаў Міколы Статкевіча. Сьледзтва вядзе міліцыя Маскоўскага раёну. Гэты ўжо другая крымінальная справа супраць Міколы Статкевіча. 23 траўня яго будуць судзіць за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму. Лідэр сацыял-дэмакратаў лічыць, што новая крымінальная справа дасьць уладам магчымасьць зьнішчыць партыйныя структуры ў рэгіёнах.

17 траўня Міколу Статкевіча наведаў сьледчы міліцыі Маскоўскага раёну. Ён высьвятляў, за якія грошы ўтрымліваюць офіс партыі, ці ёсьць на балянсе якая-небудзь маёмасьць, і іншыя пытаньні. Сьледчы паведаміў, што гарадзкая пракуратура загадала правесьці новае расьсьледаваньне. У лютым ужо праводзілася праверка паводле заявы былога паплечніка лідэра сацыял-дэмакратаў спадара Ляўковіча, у якой той прасіў прыцягнуць Міколу Статкевіча да крымінальнай адказнасьці. Мікола Статкевіч заявіў Радыё Свабода, што новая крымінальная справа паставіць пад пагрозу ліквідацыі рэгіянальныя структуры. Паводле яго, улады робяць “зачыстку” напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

(Статкевіч: ) “Гэтая заява спадароў Казуліна і Ляўковіча зьяўляецца падарункам для ўладаў, таму што яна дае магчымасьць аказваць уціск на мяне і ўсё гэта рабіць рукамі нібыта апазыцыянэраў. Гэтак жа, як рукамі гэтых спадароў ужо зьнятыя з уліку амаль 80% афіцыйна зарэгістраваных рэгіянальных арганізацыяў партыі. Такім чынам, па партыі нанесены вельмі моцны ўдар. Увесь гэты праект — гэта праект уладаў. Ён скіраваны на раскол апазыцыі і на зьнішчэньне найбольш здольных апазыцыйных структураў”.

Нагадаем, у сваёй заяве спадар Ляўковіч прасіў адабраць у М.Статкевіча партыйную маёмасьць і прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасьці. Спадар Ляўковіч спаслаўся на тое, што Мінюст прызнае паўнамоцтвы партыі на чале з Аляксандрам Казуліным. Супрацоўнікі міліцыі наведалі офіс сацыял-дэмакратаў і ўзялі тлумачэньні наконт заявы. Паплечнікі Міколы Статкевіча правялі зьезд, на якім зноў абралі яго лідэрам партыі, а дзеяньні Ляўковіча назвалі правакацыйнымі. Удзельнікі Сталай нарады дэмакратычных сілаў прызналі Міколу Статкевіча лідэрам сацыял-дэмакратаў. “Эўрапейская кааліцыя” вылучыла яго прэтэндэнтам на адзінага кандыдата ад апазыцыі на маючыя адбыцца прэзыдэнцкія выбары.

Мікола Статкевіч лічыць, што новая крымінальная справа стала яшчэ адным сродкам псыхалягічнага ўзьдзеяньня напярэдадні суду.

(Статкевіч: ) “Гэта ўсё зьвязана з прэзыдэнцкімі выбарамі. Гэтак жа і крымінальная справа, якая будзе слухацца ў панядзелак 23 траўня. Гэта ўжо ідзе нейкая псыхалягічная падрыхтоўка да суду: прыходзяць міліцыянты дахаты, стаяць пад вокнамі… Патрабуюць выплаты штрафу 2000 даляраў. Пагражаюць канфіскаваць маёмасьць”.

Анатоль Ляўковіч не адмовіўся ад сваіх патрабаваньняў у міліцыю. Ён паведаміў Радыё Свабода:

(Ляўковіч: ) “Ён папросту мусіць аддаць статут, арыгіналы дакумэнтаў аб рэгістрацыі партыі. Вось і ўсё пытаньне. Прабачце, крымінальную справу заводзяць не партыйныя функцыянэры. Гэта кампэтэнцыя органаў, а не наша кампэтэнцыя”.

23 траўня ў Цэнтральным судзе Менску пачнецца суд над Міколам Статкевічам і Паўлам Севярынцам, якіх абвінавачваюць у арганізацыі вулічных дэманстрацыяў супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG