Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андыжан: улады кажуць пра 169 забітых, апазыцыя пра 750


ТАШКЕНТ. Генэральны пракурор Узбэкістану Рашыд Кадыраў заявіў, што ў часе пратэстаў у Андыжане загінулі 169 чалавек. Раней улады казалі пра 30 ахвяраў, а апазыцыя цьвердзіць, што забітыя каля 750 чалавек. Між тым аўтарытэтная праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” заявіла пра неабходнасьць правесьці незалежнае сьледзтва ў справе падзеяў, што адбыліся напярэдадні ў Андыжане. Праваабаронцы лічаць, што ўлады Узбэкістану могуць выкарыстаць хваляваньні ў Андыжане дзеля далейшага наступу на грамадзянскія свабоды. Прадстаўнікі ведамства ААН у справах уцекачоў наведалі паўднёвыя раёны Кіргізстану, дзе знаходзяцца людзі, якія ўцяклі з Узбэкістану пасьля апошніх падзеяў. Паводле прадстаўнікоў ААН, большасьць уцекачоў – мірныя жыхары. (Прадстаўнік ААН) “Гэта ў большасьці мужчыны, але ёсьць таксама і жанчыны. Яны казалі нам, што яны простыя мірныя жыхары гораду Андыжан, якія хацелі, каб улады іх пачулі. І казалі, што ня маюць ніякіх сувязяў з тэрарыстамі ці незаконнымі рухамі” Між тым сакратар Рады бясьпекі Кіргізстану Міраслаў Ніязаў, прамаўляючы ў кіргізскім парлямэнце, сказаў: (Ніязаў) “Мы зрабілі захады, каб распачаць фільтрацыйныя работы. Пазьней мы высьветлілі колькасьць уцекачоў –іх было 538 чалавек. 12 зь іх былі параненыя, а яшчэ 12 – тыя, хто ўцёк з вязьніцы”.
XS
SM
MD
LG