Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Многія жыхары заражаных тэрыторый жывуць у антысанітарных умовах


Казімер Яноўскі, Веткаўскі раён На Гомельшчыне бракуе грамадзкіх лазьняў. У вёсках на заражаных радыяцыяй раёнах Гомельскай вобласьці бракуе грамадзкіх лазьняў. Многія людзі ня маюць магчымасьці нармальна памыцца.

Вёска Старое Сяло Веткаўскага раёну адносіцца да зоны, дзе ўзровень радыяцыі складае 5—10 кюры. Жыве тут больш за паўтысячы чалавек. Грамадзкай лазьні ў вёсцы ня стала ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Распавядае жыхарка вёскі, пэнсіянэрка сталага веку:

(Пэнсіянэрка: ) “Развалілі лазьню. Будавалі лазьню, стараліся. Я сама асабіста будавала лазьню. Цягалі перамычкі на сабе, цягалі ўсё на сабе, а яны развалілі. Адны сьцены засталіся ад лазьні”.

(Карэспандэнт: ) “А дзе цяпер людзі мыюцца?”

(Пэнсіянэрка: ) “А хто дзе папала мыецца. У начоўках”.

Старасельцы згадваюць, што на загад колішняга дырэктара мясцовай гаспадаркі шыфэр з лазьні скарысталі на будаўніцтва летняга загону для саўгаснага статку.

(Леанід: ) “Дах зьнялі. Каб кароваў даіць, павець шыфэрам накрылі. А людзям няма дзе памыцца”, — кажа рабочы, які назваўся Леанідам.

Бяз лазьні вяскоўцам складана жыць, захоўваць гігіену. Распавядае спадарыня Тацяна, пэнсіянэрка з вуліцы Каапэратыўнай:

(Тацяна: ) “Лазьня патрэбная кожнаму чалавеку. Як жа безь яе?! Ваннаў у нас няма. У дзяцей у школе ўжо вошы знаходзяць”.

Пасьля Чарнобылю ў Веткаўскім раёне засталося ўсяго пятнаццаць калгасаў і саўгасаў. Але бальшыня нават цэнтральных сядзібаў гэтых гаспадарак ня маюць грамадзкіх лазьняў.

Гаворыць галоўны санітарны доктар раёну Аляксандар Тарасенка:

(Тарасенка: ) “Складанае пытаньне. Грамадзкія лазьні павінны быць хаця б у цэнтрах гаспадарак. Рашэньні на гэты конт прымаліся, але выконваюцца яны цяжка. Наколькі ведаю, у вёсках толькі чатыры лазьні на пятнаццаць гаспадарак. Людзям складана захоўваць асабістую гігіену. У вёсцы Вялікія Нямкі багата прыватных лазьняў, але такое становішча далёка ня ўсюды. Многія грамадзкія лазьні, як у Старым Сяле, разбураныя. Іх наўрад ці мэтазгодна аднаўляць, лепей ужо новыя будаваць. Такая ў нас сытуацыя з лазьнямі”.

На жаль, Веткаўскі раён не зьяўляецца выключэньнем сярод чарнобыльскіх раёнаў. Людзям няма дзе памыцца ў бальшыні моцна заражаных радыяцыяй вёсак. І на пытаньне, дзе яны мыюцца, адказваюць “У рэчцы”, альбо, як старасельцы:

(Жанчына са Старога Сяла: ) “У возеры!”

(Карэспандэнт: ) “А зімою?”

(Жанчына са Старога Сяла: ) “А колькі той зімы?!”
XS
SM
MD
LG