Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто купляе зброю на міжнароднай выставе зброі "Milex-2005" у Менску?


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Менску адкрылася міжнародная выстава зброі “Milex-2005”, якая дэманструе сьвету тое, з чым Беларусь увайшла ў дзясятку найбуйнейшых экспартэраў зброі і ўзбраеньняў. Расейскія ўдзельнікі выставы задаволеныя сымбіёзам аўтамата Калашнікава зь беларускім прыцэлам, але заяўляюць, што ў гандлі іншай зброяй Беларусь стварае расейцам пэўныя праблемы.

За аркестрам грымнулі пэтарды, і на пляцоўцы перад экспазыцыйным цэнтрам на былым праспэкце Машэрава выразна запахла порахам. Гэтак 17 траўня адкрылася 3-я міжнародная выстава зброі “Milex-2005”.

Экспазыцыя прэзэнтуе зброю і вайсковыя тавары, зробленыя ня толькі ў Беларусі, але і ў Расеі, Украіне, Фінляндыі. На выставу прыехалі прадстаўнікі больш як дваццаці краінаў сьвету, якія лічацца патэнцыйнымі пакупнікамі беларускай зброі. Перш за ўсё гэта дэлегацыі Кітаю ды арабскіх краінаў, сярод іх Сырыя, Аман, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Саудаўская Арабія.

Самая прадстаўнічая дэлегацыя — з Расеі. У цэнтры гэтай дэлегацыі вылучаўся Міхаіл Калашнікаў, вынаходнік аднайменнага аўтамата. Славутаму збройніку 85 гадоў, але ён захаваў актыўнасьць ў гэтым бізнэсе.

Я падышоў да Міхаіла Калашнікава, калі той вывучаў узор свайго аўтамата ў спалучэньні зь беларускім прыцэлам аб’яднаньня БелОМО. Якасьць гібрыду Міхаіл Калашнікаў ацаніў высока.

(Калашнікаў: ) “Лепшай зброі пакуль няма. Беларусь мусіць быць узброеная добрай зброяй, каб абараняць межы сваёй айчыны. Не каб нападаць. Ахоўваць трэба надзейна”.

Крыніцы зь Дзяржаўнага камітэту вайсковай прамысловасьці прызнаюць, што Беларусь у апошнія гады трывала ўваходзіць ў дзясятку самых буйных прадаўцоў зброі. Праўда, дакладны памер прыбыткаў ад гандлю зброяй у Дзяржкамваенпраме не называюць.

Незалежныя экспэрты ацэньваюць гэты гандаль на сотні мільёнаў даляраў. Прычым, Беларусь дагэтуль зарабляе ў асноўным на продажы старой савецкай зброі — танкаў, гарматаў, самалётаў і боепрыпасаў. Але ўсё больш з прапанаваных Беларусьсю ўзораў гэтай тэхнікі мадэрнізавана на беларускіх прадпрыемствах. Асноўныя пакупнікі — краіны Блізкага Ўсходу, Афрыкі, Паўднёвай Амэрыкі. Апошнім часам зьявіліся на рынку ўзбраеньняў і арыгінальныя ўзоры беларускай высокатэхналягічнай зброі, у прыватнасьці, сыстэмы супрацьпаветранай абароны.

Але аналягічнай тэхнікай гандлюе і Расея, якая лічыць сябе галоўнай на гэтым рынку. Наяўнасьць праблемаў ва ўзаемадзеяньні беларускіх і расейскіх гандляроў прызнаў на выставе кіраўнік расейскай дэлегацыі Ўладзімер Паляшчук — намесьнік кіраўніка фэдэральнай службы вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва Расеі.

(Паляшчук: ) “Праблема нашага ўзаемадзеяньня з партнэрамі з блізкага замежжа ў гандлі з трэцімі краінамі вельмі актуальная. Гэта зьвязана з тым, што ў нас аднатыпная тэхніка, аднатыпныя ўзбраеньні. І таму, калі мы не наладзім ўзаемадзеяньня і трывалых кантактаў з партнэрамі, то наступствы будуць сур’ёзныя. Будуць страты ў цэнах, і зброя можа апынуцца там, куды непажадана яе пастаўляць”.

Выстава “Milex-2005” працягнецца яшчэ тры дні. Вайсковая тэхніка будзе прадэманстравана ня толькі на выставе, але і на Барысаўскім палігоне.

Апошнія гады на адрас Беларусі ня раз гучалі прэтэнзіі за пастаўкі зброі ў зоны ўзброеных канфліктаў — у прыватнасьці, у Судан і Этыёпію. Беларускія ўлады абвінавачваліся і ў тым, што зброя і вайсковы рыштунак пастаўляліся ў Ірак за часам Садама Хусэйна. Між тым, аналягічныя прэтэнзіі гучаць і на адрас Расеі, прыкладам, за пастаўкі ракетаў супрацьпаветранай абароны ў Сырыю. У Беларусі афіцыйна прызнаюць, што ў апошнія гады Сырыі таксама прадаваліся сродкі СПА. Аглядальнікі не выключаюць, што менавіта на гэтым рынку маглі сутыкнуцца інтарэсы Расеі і Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG