Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці ёсьць вада на Марсе – адказ дае “Марс-Экспрэс”


Юрась Бушлякоў, Прага Ці ёсьць на Марсе вялікія запасы вады? Шматлікія вучоныя лічаць, што ёсьць. Канчатковы адказ на гэтае пытаньне блізкі цяпер, як ніколі раней, – дзякуючы касьмічнай станцыі “Марс-Экспрэс”. Станцыі ўжо ўдалося паблізу марсіянскага экватару выявіць, як мяркуюць, агромністае замерзлае возера.

Цяпер “Марс-Экспрэс” запускае радар, які, прасьвятляючы паверхню плянэты, зможа ўстанаўляць наяўнасьць вады – незалежна ад таго, знаходзіцца яна пры паверхні ці ў глыбінях. Такая вада на Марсе можа быць натуральным асяродзьдзем для мікрабіялягічнага жыцьця. Знаходжаньне вады можа таксама стаць каталізатарам пілятаваных палётаў на чырвоную плянэту.

Мроі чалавецтва ступіць нагамі на Марс найбліжэйшымі тыднямі могуць стаць больш рэальнымі. Прафэсар Айван Ўільямз зь лёнданскага коледжу каралевы Мэры – адзін з тых людзей, што адказваюць за радыёлякацыйную сыстэму эўрапейскай касьмічнай станцыі “Марс-Экспрэс”:

(Уільямз: ) “Так пакуль выглядае, што ў нейкі час у мінуўшчыне на Марсе былі вялізныя запасы вады. Мы бачылі ўсе тыя высахлыя рэчышчы... Няма прычын, каб тая вада пад зямлёю магла выпарыцца. Вось жа я спадзяюся, мы знойдзем ваду”.

Такое адкрыцьцё магло б значна пашырыць пляны асваеньня астранаўтамі чырвонай плянэты. Замарожаная вада ўжо была знойдзеная ў кліматычна суровых прыпалярных рэгіёнах Марсу. Калі ўдасца яе знайсьці дзе яшчэ на Марсе, будучыя астранаўты змогуць высьвідроўваць сабе студні і здабываць ваду – і каб піць, і каб гадаваць цяплічную гародніну. А з дапамогаю электролізу льга таксама раскласьці ваду на кісларод і вадарод – як для дыханьня, так і для ракетнага паліва, патрэбнага, каб вярнуцца на Зямлю. Як вынік, ракеты, што будуць дастаўляць касманаўтаў на Марс, змогуць стаць меншымі й таньнейшымі.

Рудальф Шміт – дырэктар праекту “Марс-Экспрэс”:

(Шміт: ) “Мы мусім пачакаць, пакуль радар вышле зьвесткі. Але я асабіста настроены аптымістычна. Цяпер, пасьля таго як мы знайшлі так шмат вады ў стане лёду на паверхні, я думаю, зусім праўдападобна, што вада ёсьць і пад паверхняю”.

Рудальф Шміт гаворыць пра радар “Марсіс” – наватарскае прыстасаваньне, здольнае “прасьвятляць” паверхню плянэты на глыбіню да чатырох кілямэтраў і распазнаваць у глыбінях ваду або лёд.

“Марс-Экспрэс” знаходзіцца на арбіце чырвонай плянэты зь сьнежня 2003 году. Колькі дзён назад з борту станцыі была выпушчаная адна з трох тэлескапічных стрэлаў радара. Другая 20-мэтровая страла будзе разгорнутая празь некалькі тыдняў. І тады ўжо, як зазначае Рудальф Шміт, можна будзе сур’ёзна ўзяцца за пошукі вады.

(Шміт: ) “Як выпусьцім абедзьве стралы, у нас будзе антэна даўжынёю 40 мэтраў, і радар ужо зможа быць уключаны. Як толькі разгорнецца другая страла, навукоўцы могуць пачаць дасьледаваньні і атрымаць першыя навуковыя зьвесткі”.

Зададзенай працягласьці работы эўрапейскай касьмічнай станцыі замала для пошукаў вады на ўсёй плянэце. Таму “Марс-Экспрэс” будзе шукаць ў геалягічна пэрспэктыўных зонах. Удакладняе прафэсар Айван Ўільямз:

(Уільямз: ) “Час службы станцыі “Марс-Экспрэс” недастатковы, каб мы маглі дасьледаваць пры яе дапамозе ўвесь Марс. Мы можам дасьледаваць толькі паасобныя рэгіёны. Я спадзяюся, што ўдасца знайсьці вельмі вялікія прасьцягі з вадою. Я маю на ўвазе прасьцягі на дзясяткі кілямэтраў”.

Найбольш пэрспэктыўна, паводле вучоных, выглядае пласкагор’е Элізіюм паблізу марсіянскага экватару. Камэры “Марса-Экспрэса” ўжо зафіксавалі ляндшафт, блізкі з выгляду да ледзяных палёў у раёне Паўночнага полюсу Зямлі. Вучоныя дапускаюць, што пад ледзяным слоем крыецца адносна нядаўна замерзлае марсіянскае мора.
XS
SM
MD
LG