Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Народная Воля": Баль сатаны ў Беларусі


Юлія Шарова, Менск Агляд сёньняшняй незалежнай прэсы.

"Народная воля" сёньня публікуе вялікі артыкул публіцыста Віктара Дашука “Баль сатаны”, у якім аналізуецца палітычная сытуацыя ў краіне. Таксама газэта знаёміць сваіх чытачоў з новымі падрабязнасьцямі ў справе затрыманьня былога дэпутата Сяргея Скрабца ды яшчэ публікуе інтэрвію зь беларусамі, якія сталі сьведкамі падзеяў ва Ўзбэкістане.

Агромністы бела-чырвона-белы сьцяг лунаў з ранiцы да поўдня 14 траўня ў самым цэнтры Віцебску – побач з амфітэатрам, на адной з асьвятляльных вежаў, паведамляе “Витебский курьер”. Сьцяг добра бачылі здалёк, бо знаходзіўся ён прыкладна на вышыні пяціпавярховага дому. Хутчэй за ўсё сымбаль беларускага Адраджэньня быў замацаваны ўначы спрытнымі хлопцамі з “Маладога Фронту”. Гэта іхная традыцыйная акцыя пратэсту, прысьвечаная чарговай гадавіне рэфэрэндуму 1995 году.

“Витебский курьер” таксама апавядае пра тое, як мясцовая міліцыя разагнала пікнік віцебскіх літаратараў, відавочна, прыняўшы іх за апазыцыянэраў.

Студэнтаў не пускаюць па заробкі за мяжу – пра гэта піша сёньняшняя “Камсамолка”. Ім не дазваляюць датэрмінова здаваць сэсію, хоць удзельнікі студатрадаў ад БРСМ могуць здаваць экзамэны і загадзя. Пасьля таго, як выйшаў вядомы прэзыдэнцкі дэкрэт №3, скіраваны супраць гандлю людзьмі, вну для падстрахоўкі перасталі даваць дазвол на датэрміновую здачу сэсіі. Цяпер студэнты бяруць акадэмічны адпачынак, толькі каб трапіць за мяжу й кажуць, што лепей ужо наагул не вярнуцца.

"БДГ" сёньня апавядае пра супрацоўніцу Гомельскага абласнога краязнаўчага музэю Марыю Багдановіч, якую звальняюць як быццам за парушэньні працоўнай дысцыпліны. Адпаведны загад падпісаў дырэктар музэю Аляксандар Алейнік. Спадарыня Багдановіч перакананая, што гэта толькі фармальная падстава: парушальніцай яна стала пасьля таго, як 7 лістапада 2004 году яна выйшла на афіцыйны мітынг з лёзунгам “Далоў самадзяржаўе”.

У сёньняшнім нумары аўтар "БДГ" Сяргей Сацук разважае пра тое, чаму ў Беларусі гэтак шмат разводаў. Летась больш за 27 тысяч сямейных параў скасавалі шлюбы. Праўда, чатыры гады таму разводаў было значна болей, але, як піша аўтар артыкула, сухая статыстыка шлюбаў і разводаў ня можа даць аб’ектыўную карціну. Для гэтага трэба ладзіць сур’ёзныя дасьледаваньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG