Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйныя СМІ атрымаюць зь дзяржбюджэту больш за 40 мільёнаў даляраў


Алесь Дашчынскі, Менск Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш днямі падпісаў дакумэнт пра дапамогу былым краінам Савецкага Саюзу, дзе асобным радком пазначана дадатковая падтрымка праграмаў для разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі памерам 5 мільёнаў даляраў.

Паводле гэтага дакумэнту, усяго на дапамогу незалежным краінам былога СССР Злучаныя Штаты выдзяляюць 560 мільёнаў даляраў. Прызначаныя з гэтай агульнай сумы 5 мільёнаў для Беларусі будуць разьмяркоўвацца праз упраўленьне ў пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працы дзярждэпартамэнту ЗША.

Сродкі пойдуць на падтрымку дэмакратыі, грамадзянскай супольнасьці, мэдыяў. Паводле прадстаўніка амбасады ЗША ў Беларусі, рашэньне аб разьмеркаваньні гэтага фонду пакуль не прынятае і цяпер гэтае пытаньне абмяркоўваецца. Як успрымаюць паведамленьне аб амэрыканскай дапамозе прадстаўнікі афіцыйнага Менску? Старшыня камісіі міжнародных справаў і нацыянальнай бясьпекі Мікалай Чаргінец кажа, што прэзыдэнту ЗША не падабаецца Лукашэнка і тое, што адбываецца ў Беларусі.

(Чаргінец: ) “А што тычыцца гэтых 5-ці мільёнаў, то, канечне, яны накіраваны проста на падрыўную дзейнасьць супраць улады ў Беларусі. Гэта мы цудоўна разумеем. З горыччу можна адзначыць, што Буш-малодшы памыляецца ў чарговы раз, як ён памыліўся ў Югаславіі. Ён проста не пайшоў на дыялёг. Ён у цэлым стаў на адну дошку з нашай апазыцыяй ”.

Фактычна, сэнатар Мікалай Чаргінец паўтарае ранейшыя выказваньні кіраўніка ФСБ Расеі Мікалая Патрушава, што, быццам, нейкая заходняя няўрадавая арганізацыя накіравала 5 мільёнаў даляраў на арганізацыю "аксамітнай" рэвалюцыі ў Беларусі. Нагадаю, афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Рычард Баучар заявіў у зьвязку з гэтым, што праца амэрыканскіх недзяржаўных арганізацый празрыстая, мірная і не зьяўляецца часткай патаемнай змовы для зьвяржэньня Лукашэнкі. Баўчэр заявіў: “Наша дапамога ў правядзеньні выбараў у Беларусі і ў любым іншым месцы заключаецца ва ўдзеле грамадзян у гэтым працэсе, узважаным асьвятленьні выбараў прэсай, бесстароньнім навучаньні палітычных партый, маніторынгу і правядзеньні выбараў”.

Як камэнтуюць у апазыцыі заявы Мікалая Чаргінца аб “падрыўной дзейнасьці” супраць уладаў Беларусі? Старшыня рады інтэлігенцыі, патэнцыйны ўдзельнік прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, Уладзімер Колас зьвязвае гэты, як ён называе, лямант з падрыхтоўкай правакацый і рэпрэсій супраць апазыцыі перад чарговай палітычнай кампаніяй.

(Колас: ) “Мы ведаем, што вынікі выбараў былі скрадзеныя, сфальшаваныя і мы ведаем, што ўлады рыхтуюцца ў чарговы раз сфальшаваць выбары і скрасьці гэтую ўладу. Яны падгрэблі пад сябе ўсе рэсурсы краіны і трацяць іх абсалютна незаконна. Давайце палічым, колькі ў іх мільёнаў гэтых народных грошай, колькі каштуе адзін дзень эфіру гэтага, з дазволу сказаць, тэлебачаньня, якое ўводзіць у зман людзей, хлусіць людзям. І, безумоўна, паколькі тут мы ня зможам знайсьці праўды і ня можам знайсьці абароны, мы будзем зьвяртацца, як і зьвярталіся да міжнароднай грамадзкасьці”.

А ці вялікая гэта сума для Беларусі – 5 мільёнаў даляраў?

Параўнаем, колькі выдаткоўваюць беларускія ўлады афіцыйным сродкам масавай інфармацыі і праўрадавым грамадзкім арганізацыям. Нагадаю, Аляксандр Лукашэнка выдаў указ аб дзяржаўнай падтрымцы Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі. Міністэрству фінансаў да 2006 году загадана ўключаць у бюджэт краіны сродкі дзеля выплаты заробкаў апаратчыкам гэтай арганізацыі, а таксама грошы на ўтрыманьне яе Цэнтральнага камітэту.

Далей, паводле гэтага ўказу, “вэртыкаль” павінна знаходзіць у мясцовых бюджэтах грошы на ўтрыманьне тэрытарыяльных камітэтаў БРСМ. Прычым, гэтыя сумы штогод павялічваюцца. Да прыкладу, сёлета для адной гэтай арганізацыі бюджэтам краіны прадугледжана каля 2,5 мільёнаў даляраў. Калі параўнаць - гэта ж палова ўсёй амэрыканскай дапамогі!

Першы сакратар Цэнтральнага камітэту ЛКСМБ Дзьмітры Яненка адзначае, што ягоная апазыцыйная арганізацыя ў адрозьненьне ад пралукашэнкаўскага БРСМ не атрымлівае ад уладаў ніякай дапамогі.

(Яненка: ) “У нас у канстытуцыі запісана, што ўсе арганізацыі роўныя паміж сабой, але ж адны ёсьць “добрыя” арганізацыі, а іншыя “дрэнныя” арганізацыі, “нячэсныя”. Таму першым дапамогу аказваюць, а другіх проста кідаюць. Улада выбірае тыя арганізацыі, якія пляскаюць ёй у далоні, якія не кажуць ніводнага слова супраць таго, што сёньня робіцца ў нашай краіне. А тыя арганізацыі, якія маюць сваё бачаньне на тыя працэсы, якія праходзяць у краіне, яны, зразумела, знаходзяцца пад ціскам дзяржавы, не кажу ўжо аб тым, каб дзяржава аказвала ім нейкую дапамогу”.

Яшчэ больш значную фінансавую падтрымку ад уладаў Беларусі атрымоўваюць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Прычым гэтыя датацыі з году ў год таксама павялічваюцца. Сёлета афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі атрымаюць зь дзяржаўнага бюджэту больш за 40 мільёнаў даляраў. Тлумачыць намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

(Бастунец: ) “Прычым у гэтым годзе выдаткі на тэлевяшчаньне плянуецца павялічыць на 42 працэнты, а выдаткі на пэрыядычны друк і выдавецтвы - на 14 працэнтаў. Вось, на тэлерадыёвяшчаньне гэта будзе 33,8 мільёнаў даляраў, а на друк і выдавецтвы – 5, 86 мільёнаў даляраў. Гэта што тычыцца наўпроставай фінансавай падтрымкі СМІ, але ж пры гэтым ідзе і прымусовая падпіска на дзяржаўныя выданьні. А ёсьць яшчэ мясцовыя бюджэты, я думаю, што гэтыя лічбы яны будуць яшчэ большыя, якія выдае ўлада для падтрымкі тых СМІ, якія сёньня ў першую чаргу прапагандуюць дзейнасьць гэтай самай улады. Недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі не могуць разьлічваць ні на якія датацыі. Па другое, магчымасьць атрымаць нейкую дапамогу з-за мяжы таксама ўвесь час абмяжоўваецца, вядомыя дэкрэты прэзыдэнта, якія на гэта накіраваны ”.

Такім чынам, параўнаем гэтыя сумы – 5 мільёнаў, якія вылучаюць ЗША на розныя праграмы ў разьвіцьці дэмакратыі ў Беларусі й 40 мільёнаў датацыяў, якія выдае сваім сродкам масавай інфармацыі кіраўніцтва Беларусі. Падвесьці вынік гэтай размове я прапаную былому дэпутату Палаты прадстаўнікоў, алімпійскаму чэмпіёну Уладзімеру Парфяновічу, які лічыць, што выдзеленая амэрыканская дапамога зусім нязначная.

(Парфяновіч: ) “Грошы ніяк не вырашаць сытуацыю ў Беларусі. Не грошы павінны вырашаць, а людзі. Мы павінны выконваць тое, што кажуць людзі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG