Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрыецца выстава Валянціна Волкава


Галіна Жарко, Менск У Нацыянальным мастацкім музэі 3 ліпеня будзе выстаўленая карціна мастака Волкава "Мінск. 3 ліпеня 1944 году". Мастацтвазнаўцы і публіка ўпершыню пабачаць арыгінал твору, вакол якога існуе шмат чутак.

Да дня вызваленьня Беларусі ў межах сумеснага з Нацыянальным архівам літаратуры і мастацтва праектам будзе выстаўлена 5-ці мэтровае адрэстаўраванае палатно Волкава, якое дагэтуль захоўвалася, накручанае на барабан, у музэйных запасьніках. Вялікія памеры карціны тлумачацца тым, што яна пісалася на замову для Дому ўраду, але зь нейкіх прычынаў выстаўляць яе там адмовіліся.

Якія менавіта прычыны – ніхто дакладна ня ведае і сёньня. Але на хвалі галоснасьці ў газэце "Літаратура й мастацтва" зьявілася нататка, што мастак Волкаў пісаў яшчэ і іншы твор, супрацьлеглага зьместу: беларусы вітаюць прыход немцаў.

Каб нешта высьветліць, тэлефаную дырэктару мастацкага музэя Уладзімеру Пракапцову.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце калі ласка, карціна Волкава "3 ліпеня..." - гэта тая самая карціна, якая намаляваная паверсе іншай?..”

(Пракапцоў: ) “Гэта проста плёткі. Гэта некаму выгадна. Яна вялікая і не было магчымасьці яе выстаўляць”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж ажыятаж будзе вакол гэтай карціны...”

(Пракапцоў: ) “Канечне, бо яе ня бачылі ўжо два пакаленьні людзей. І мастакі й мастацтвазнаўцы - ніхто ня бачыў арыгіналу. Ніякай карціны пад ёй няма”.

(Карэспандэнт: ) “Аналіз нейкі рабіўся?”

(Пракапцоў: ) “Ды ніхто нічога не рабіў. Няма чаго рабіць. Яна напісана проста на халсьце. Калі былі б нейкія замалёўкі, падмалёўкі - гэта было б бачна. За іншыя карціны, хто дзе маляваў, я не магу казаць”.

Побач з палатном "Мінск. 3 ліпеня 1944 году" будуць выстаўленыя малюнкі і эцюды, зробленыя Волкавым да гэтай каціны. А што кажуць пра калегу сучасныя мастакі? Уладзімер Крукоўскі.

(Крукоўскі: ) “Волкаў быў, безумоўна, прафэсіяналам. Ня толькі ўмеў маляваць, але з гэтага і жыў. Што тычыцца мастацкіх якасьцяў карціны?.. Зроблена прафэсійна. Іншая рэч, што гэты твор 100% ідэалягічны. Гэта сьведчаньне эпохі. Эпохі таталітарызму. Ва ўсім. І ў кампазыцыі, і ў памеры карціны, і ў постцях герояў”.

(Карэспандэнт: ) “Ці могуць заўважыць нешта мастцтвазнаўцы?”

(Крукоўскі: ) “Для гэтага трэба браць цнатлівага мастацтвазнаўцу. Які зялёнага паняцьця не мае, ні хто такі Волкаў, ні што такое акупацыя, ні што такое вызваленьне. Тады можна чакаць аб’ектыўнага меркаваньня. А што тычыцца гэтай карціны, дык усе беларускія мастацтвазнаўцы добра ведаюць яе гісторыю”.

Мастацтвазнаўца Ірына Паньшына кажа, што пра гэта ніколі не расказвалі.

(Паньшына: ) “Валянцін Віктаравіч быў вельмі прыстойным чалавекам. Выдатным мастаком. А што ўжо там было пад час вайны, я ня ведаю. "Мінск. 3 ліпеня..." – ніякай іншай карціны не было, была толькі гэта. Гэта клясыка. Зь любой рэчы можна зрабіць такі піяр, што захістаесься”.

Існуе меркаваньне мастацтвазнаўцаў, што Волкаў мог бы стаць імпрэсіяністам, калі б у краіне быў магчымы такі накірунак. Вока спэцыяліста атрымлівае задавальненьне ад халодных серабрыстых таноў твора. Што тычыцца зьместу, дык "Бурлакі на Волзе" таксама пісаліся на замову.

Усё ж цікавасьць да карціны Волкава моцна падагравае зьвязаная зь ёю таямнічая гісторыя. Вось што кажа Уладзімер Крукоўскі.

(Крукоўскі: ) “Калі народ будзе валам валіць на гэтую карціну, дык толькі зь цікаўнасьці. Валам валіць народ на Мону Лізу. Калі ў Моны Лізы гэты піяр складаўся цягам стагодьдзяў і ня толькі не зьмяншаўся, а ўсё больш і больш наварочваўся, дык што тычыцца карціны Волкава - гэта нераскручаная карціна”.
XS
SM
MD
LG