Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Лічу, што Карымава трэба судзіць міжнародным судом і гнаць у шыю з прэзыдэнцкага крэсла"


RFE/RL Званок на Свабоду – водгукі слухачоў 16 траўня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Спадар, Пінск: ) “Сёньня мы атрымалі разьлікі за квартплату за кватэру. Ёсьць новая графа – аплата за зямлю. Што можна сказаць з нагоды гэтага.

27 год мы пражылі ў пяціпавярховым панэльным доме, ніякага падатку не плацілі. А вось зараз дзяржава, савет міністраў прыдумалі яшчэ адзін варыянт, як зь людзей у бюджэт выманіць сродкі. Гэта ніяк не стыкуецца з тым, што ў нас, як увесь час гавораць, жыцьцё паляпшаецца і паляпшаецца, а эканоміка ўзрастае; і сьвет, як быццам бы, яшчэ ня бачыў такіх эканамічных паказчыкаў, якія ў нас назіраюцца на Беларусі”.

(Міхаіл Валодзька: ) “Добры дзень, радыёстанцыя Свабода! У “Народнай волі” №87 за 7 траўня 2005 года я прачытаў адкрытае пісьмо Аляксандра Казуліна Лукашэнку. Я расьсьмяяўся зь яго пісьма і ўзгадаў Станіслава Шушкевіча, які шукаў згоды з камуністамі і застаўся з пэнсіяй 4 тысячы беларускіх рублёў. Аляксандар Казулін шукае згоды з Лукашэнкам. Па-першае, Лукашэнка – не прэзыдэнт. Мы за яго не галасавалі! Ён – начальнік Беларусі, пастаўлены фашысцкімі сіламі Масквы і ад іх залежыць. Інакш бы не ўсталёўвалі б яны помнік Сталіну. Усім сьветам даказана, што Сталін і Гітлер аднолькавыя. Нам трэба змагацца з фашызмам і сталінізмам!”

(Спадарыня: ) “На гэтым тыдні прагучала заява спадара Патрушава, што расейскае ФСБ мае інфармацыю, што ў Беларусі нібыта рыхтуецца чарговая каляровая рэвалюцыя. У мяне адразу ўзьнікла пытаньне. Чаму бясьпекай Беларусі займаюцца маскоўцы і нават гэтага не хаваюць? Або беларуская служба бясьпекі проста філія расейскай? Але ж Беларусь – незалежная дзяржава. Чаму тады Масква займаецца нашай унутранай справай? Узьнікае падазрэньне, што расейцы самі нешта рыхтуюуць у адносінах да Беларусі. І гэтая заява проста пракол – расейска-імпэрскія вушы вылезьлі. А што далей? Для чаго гэтая заява зроблена? Магчыма, расейцы неўзабаве і войска сваё раскватэруе ў Беларусі, як калісьці ў Празе, каб задушыць рэвалюцыю”.

(Спадар: ) “Вось толькі што прайшоўся па вуліцы. І, ведаеце, я зноў жахнуўся. Колькі людзей, сотні людзей капаюцца ў памыйніцах! Па вуліцах шукаюць, мо дзе бутэлька ляжыць, дзе б макулятуру якую-небудзь узяць і г.д. Ганьба! Сорам які! Пры чым сярод іх я бачу людзей, якія былі гонарам нашай рэспублікі, гораду Менску. І я сарамліва адвярнуўся, бо сам у такім самым становішчы. Во як! Вось да чаго давёў Лукашэнка са сваёй бандай, бо яны арганізавалі генацыд супраць беларускага народу. Усе міністэрства, ведамствы дзяруць як толькі могуць, падвышаюць кошты, хапаюць, лапаюць! А па тэлебачаньні гэтыя клоўны глупства гародзяць замест таго, каб разабраліся, паказалі, як людзі жывуць”.

(Маісеенка Генадзь:) “Шчырае прывітаньне! Учора слухаў абодвух спэцыялістаў па мове. І прыйшоў да высновы, што абодва так і не зразумелі сэнсу ганебнага рэфэрэндуму, ні яго наступстваў да канца, ні лячэньня ад гэтых наступстваў пасьля зьнікненьня рэжыму Лукашэнкі. Таму мушу сказаць спадарам лібэралу і сьвядомаму беларусу ды астатнім памяркоўным людзям наступнае.

Да Беларусі, як і вялікай Літвы, самым надзейным і стоадсоткавым будзе прыкладна праз год апасьля зьнікненьня рэжыму ўвядзеньне закону, які будзе падобны на закон у Латвіі, з адной папраўкай: замест расейскай мовы, як мовы паміжнацыянальных зносін, увядзеньне ангельскай і толькі беларускай. Што ж да расейскай мовы, то яна павінна стаць мовай нацыянальнай меншасьці як у Латвіі і выкарыстоўвацца як толькі замежная. А трасянку, акрамя пабытовага ўзроўню, увогуле забараніць трэба! Як гаворыцца: Не падабаецца – едзь у Расею! Бо лепей араб, габрэй, іуда ці кітаец будзе гаварыць па-беларуску і любіць нашую зямлю, чым карэнныя беларусы будуць зьдзекавацца з мовы. Прыклад Латвіі ды Шатляндыі трэба ўзяць на сябе, бо па іншаму нельга”.

(Спадар: ) “Добрай раніцы, паважаная Свабода! Хачу сказаць некалькі словаў наконт сёньняшніх падзеяў у Беларусі. Як казалі ў народзе: Адзін збродлівы казёл увесь статак псуе. Вось і ўсё. Мне здаецца, усё зразумела”.

(Спадар: ) “Яшчэ раз зьвяртаюся да тэмы перайменаваньня вуліц. Гэта ж самая сапраўдная хлусьня, што па жаданьні народу і вэтэранаў назвалі праспэкт Машэрава праспэктам Пераможцаў, а праспэкт Скарыны праспэктам Незалежнасьці. Каго не пытаў – усе супраць! У нас сусед – вэтэран вайны. Калі я яму расказаў, ён пальцам пакруціў каля скроні, сказаў, што толькі дурні маглі такое прыдумаць.

Я добра памятаю тыя часы, калі Масква ўсталёўвала катэгорыі абслугоўваньня для насельніцтва саюзных дзяржаваў. Колькі раз прыходзілася адстойваць перад Масквой Мазуру, а потым Пятру Міронавічу Машэраву вышэйшую катэгорыю абслугоўваньня для нашага народу. Мазураў так і ня трапіў у члены палітбюро СССР, а Машэрава, лічу, проста ўбралі па загадзе Масквы. Гэта былі сапраўдныя кіраўнікі! А потым пайшлі Кісялёвы, Паляковы, Сакаловы, Малафеевы – і ўсё зьмянілася. Гэта адказ той кабеце, якая крытыкавала нядаўна Машэрава.

А што робіцца ва Ўзбэкістане? Зьявіўся першы злачынца ў СНД. Колькі народу ўгробілі – 500 чалавек! А параненых колькі! Лічу, што за расстрэл Карымава трэба судзіць міжнародным Гаагскім судом і гнаць у шыю з прэзыдэнцкага крэсла. Гэта вораг узбэцкага народу! Правільна сказаў па тэлебачаньні адзін кіргіз, што адныя ікру жруць, а другія зямлю грызуць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG