Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адбываецца ва Ўзбэкістане?


Юры Дракахруст, Прага На мінулым тыдні ва Ўзбэкістане ў гарадох Андзіжан і Кара-Суу адбыліся моцныя забурэньні. У Андзіжане сілы бясьпекі стралялі ў людзей, паводле розных ацэнак ад 70 да 500 чалавек забітыя. Цяпер у Андзіжане і Кара-Суу адноўлены парадак, аднак застаецца шмат пытаньняў: у чым прычыны забурэньняў, ці сапраўды гэта ісламісцкі путч, як сьцьвярджаюць узбэцкія ўлады?

Падзеі пачаліся ў Андзіжане, калі група ўзброеных людзей захапіла мясцовую турму, вызваліўшы 2 тысячы вязьняў – у тым ліку сваіх сяброў, 23-х мясцовых бізнэсмэнаў, якія патрапілі за краты за прыналежнасьць да ісламскай арганізацыі “Акрамія”. Неўзабаве хваляваньні ахапілі ўвесь горад , у акцыях пратэсту ўзялі ўдзел тысячы людзей.

Улады зрэагавалі на пратэсты надзвычай жорстка – супраць людзей былі кінутыя войскі, па натоўпе вялі агонь з кулямётаў.

Пра цяперашнюю сытуацыю ў Андзіжане распавядае карэспандэнт Радыё Свабода Андрэй Бабіцкі.

(Бабіцкі: ) "Цэнтар гораду перакрыты, стаяць войскі, вайсковая тэхніка, горад ўзяты ў шчыльнае кальцо, усе выхады і ўваходы таксама заблякаваныя. У самім Андзіжане ўжо некалькі дзён ідуць павальныя арышты, мясцовыя праваабаронцы называюць лічбу да 1500 чалавек, якіх звозяць у гораддзел міліцыі і ў абласны аддзел міліцыі".

У выходныя забурэньні перакінуліся на горад Кара-Суу , памежны з Кіргізстанам. Адной з прычынаў забурэньняў сталі ўдзельнікі пратэстаў у Андзіжане, якія пабеглі ў Кара-Суу, спрабуючы перайсьці мяжу ў Кіргізстан.

Вось што распавеў сёньня з Кара-Суу наш карэспандэнт Элмюрод Юсупаліеў.

(Юсупаліеў: ) "Калі я ішоў па Кара-Суу , я бачыў спаленыя будынкі мясцовай міліцыі і падатковай інспэкцыі. Яшчэ шмат будынкаў былі пашкоджаныя. Былі спалены шмат машынаў, у тым ліку і міліцэйскіх".

Прэзыдэнт Узбэкістану Іслам Карымаў расцаніў падзеі ў Андзіжане, як мяцеж радыкальных ісламістаў.

(Карымаў: ) "Мы іх усіх практычна ведаем па прозьвішчах, і яны зьяўляюцца сябрамі адной з плыняў арганізацыі “Хэзб-ут-Тахрір”, якая ў Андзіжане называецца “Акрамія”. Іх першая задача – зрынуць існы канстытуцыйны лад, зрынуць мясцовую ўладу, стварыць гэтак званы халіфат, які б аб’ядноўваў усіх мусульманаў, але быў бы катэгарычна супраць любога канстытуцыйнага ладу, сьвецкага шляху разьвіцьця".

У той жа час шмат экспэртаў і назіральнікаў не пагаджаюцца з ацэнкай афіцыйнага Ташкенту. Паводле іх, няма дакладных доказаў таго, што ўдзельнікі пратэстаў зьвязаныя менавіта з ісламісцкай апазыцыяй. На думку некаторых экспэртаў, прычына хваляваньняў ва Ўзбэкістане – у незадаволенасьці народа палітыкай уладаў.

Гаворыць аналітык Радыё Свабода Дэніэл Кімадж.

(Кімадж: ) "Карымаў заўсёды сьцвярджаў, што пагроза, перад якой апынуўся Ўзбэкістан, настолькі небясьпечная, што патрабуе самых жорсткіх мераў у адказ, у той час як ягоныя крытыкі казалі, што менавіта гэтыя меры радыкалізуюць людзей, якія ў іншым выпадку былі б ў канструктыўнай апазіцыі".

На думку кіраўнічкі ўзбэцкай службы нашага радыё Адалат Наімавай ня варта чакаць, што палітыка Ташкенту зьменіцца, бо Іслам Карымаў стаў у пэўным сэнсе закладнікам гэтай палітыкі.

(Наімава: ) "Карымаў па сутнасьці ня мае стратэгіі выхаду з сытуацыі. Ён ня мае выбару, ён ахвяра ўласнай жорсткай палітыкі і ён разумее, што абурэньне ўзбэкаў ягонай палітыкай даволі моцнае. Калі ён страціць уладу, наступствы будуць непрадказальныя".

Расейскую пазццыю адносна падзеяў ва Ўзбэкістане выклаў на мінулым тыдні першы намесьнік міністра замежных справаў гэтай краіны Валер Лашчынін.

(Лашчынін: ) "Тут спалучэньне розных праблемаў, не ў апошнюю чаргу сацыяльна-эканамічных. Зразумела, у гэтым рэгіёне даволі моцны ісламскі фактар. Усё гэта разам узятае і справакавала такія наступствы. Самае жахлівае, гэта, зразумела, гібель людзей. І мы асуджаем такія вылазкі экстрэмістаў і выказваем спадзяваньне, што сітуацыя будзе ўзятая пад кантроль".

Паводле прэсавага сакратара прэзыдэнта ЗША Скота Маклелана, падзеі ва Ўзбэкістане сьведчаць пра тое, што “народ гэтай краіны хоча бачыць больш прадстаўнічы і дэмакратычны ўрад”.

“Але ён павінен выказваць сваё меркаваньне мірнымі сродкамі, а не пры дапамозе гвалту” – заявіў прэсавы сакратар прэзыдэнта ЗША.

• Фотарэпартаж Радыё Свабода
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG