Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беспрацоўных накіроўваюць на будоўлю Нацыянальнай бібліятэкі


Любоў Лунёва, Менск Сталічныя цэнтры занятасьці штодня прыцягваюць беспрацоўных да грамадзкіх працаў на будаўніцтве Нацыянальнай бібліятэкі. Кіраўнікі будаўнічага аб’екту сьцьвярджаюць, што ім патрэбныя рабочыя рукі, але самі беспрацоўныя лічаць, што яны не патрэбныя на будоўлі.

Былы старшыня менскай абласной арганізацыі БНФ Валянцін Баранаў адмовіўся працаваць на будаўніцтве Нацыянальнай бібліятэкі. Яго туды накіраваў цэнтар занятасьці, у якім ён два гады стаіць на ўліку як беспрацоўны.

Валянцін Баранаў распавёў Радыё Свабода, што ў цэнтры занятасьці яму паведамілі пра загад гарадзкіх уладаў накіроўваць беспрацоўных на будаўніцтва бібліятэкі. Ён пагадзіўся, але, калі прыйшоў ў будаўнічае ўпраўленьне № 66, жаданьне працаваць зьнікла.

(Баранаў: ) "Сёньня раніцай я прыйшоў у будаўнічае ўпраўленьне і спадзяваўся, што буду ўдзельнічаць у грамадзкіх працах на будоўлі Нацыянальнай бібліятэкі. Але там мне сказалі, што я не магу сёньня працаваць, і я павінен прыйсьці пазьней. Мяне абразілі, калі я спытаўся, чаму я вымушаны прыйсьці яшчэ раз. Мне адказалі, што я - дзявяты ў сьпісе на інструктаж, і што беспрацоўныя павінны хадзіць так, як ім загадаюць. Я адмовіўся ўдзельнічаць у гэтых працах."

Валянцін Баранаў у кнізе прапановаў напісаў, што стаўленьне чыноўнікаў да людзей абразьлівае. Тое, што кожны дзень цэнтры занятасьці робяць справаздачы, колькі людзей накіравалі на будаўніцтва бібліятэкі і не цікавяцца – працуюць яны там насамрэч, ці – не, паводле Валянціна, ёсьць прафанацыяй.

Галоўны інжынэр будаўнічага ўпраўленьня № 66, якое будуе аб’ект, Аляксандр Рэпічаў патлумачыў Радыё Свабода, што рабочых пачалі набіраць апошнім часам, але ў вялікай колькасьці няма патрэбы.

(Рэпічаў: ) "Калі ёсьць, напрыклад, спэцыяліст, то мы яго прызначаем у брыгаду. Калі прыходзіць чалавек, далёкі ад будоўлі, то прызначаем як рознарабочага."

Галоўны інжынэр запэўніў, што рабочых накіроўваюць на розныя працы ў залежнасьці ад іхных пажаданьняў. Спадар Рэпічаў паведаміў, што насамрэч на будаўніцтве патрэбныя спэцыялісты-будаўнікі, а не былыя навукоўцы і супрацоўнікі дзяржапарату.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG