Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анжэліка Агурбаш: "у Лёндане я жыву ў нумары, дзе жыла Мадона"


Ігар Карней, Менск Афіцыйная цырымонія адкрыцьця юбілейнага, 50-га міжнароднага песеннага конкурсу “Эўрабачаньне-2005”, праходзіць сёньня ў Кіеве. Артыстычныя дэлегацыі амаль з чатырох дзесяткаў краінаў прыехалі ў сталіцу Ўкраіны: на 19 траўня заплянаваныя паўфіналы конкурсу, дзе дэбютуе прадстаўніца Беларусі Анжэліка Агурбаш. Сьпявачка, як і яе прадусары, накіраваліся ў Кіеў з самымі сур’ёзнымі намерамі. Ці рэальнымі?

Апошнім часам Анжэліка Агурбаш зьяўляецца на публіцы выключна ў суправаджэньні расейскага сьпевака Філіпа Кіркорава, які, дарэчы, у свой час адзначыўся на “Эўрабачаньні” правалам.

Цяпер Кіркораў – прадусар выступоўкі ад Беларусі. Яшчэ адзін прадусар – Мікалай Агурбаш: муж, спонсар і спадарожнік у “прома-турах”. Амбіцыі жонкі цалкам падзяляе.

(Мікалай Агурбаш: ) “Песьня прэтэндуе на 1-3 месцы. Але мы плянуем, што зоймем найвышэйшае месца. Самы вялікі інтарэс на “Эўрабачаньні” да Анжэлікі, іншых практычна ня бачна. Вы можаце прагледзець эўрапейскую прэсу і ўбачыце: самы вялікі інтарэс – да яе. І нават песьні, зь якімі яна выступаць ня будзе, “скачваюць” з нашага сайту ў калясальнай колькасьці. Гэта сьведчыць пра ўзровень сьпявачкі і той інтарэс, які да яе існуе ў Эўропе”.

Напярэдадні бацька Філіпа Кіркорава, сьпявак Бедрос Кіркораў, досыць крытычна выказаўся ў зьвязку з глябалізацыяй “Эўрабачаньня” на прыкладзе той жа Агурбаш. На думку Кіркорава-старэйшага, выглядае досыць дзіўна, калі “нацыянальную песьню” замаўляюць кампазытарам з Грэцыі, а выконвае яе грамадзянка Расеі.

Між тым, падрыхтоўка да конкурсу ў беларускім штабе пастаўленая на сур’ёзныя рэйкі і нявольна ўзьнікае ўражаньне, што для саміх удзельнікаў неўзабаве будзе вялікім сурпрызам – чым займацца пасьля “Эўрабачаньня”? Тым часам, сама Анжэліка досыць хутка пераўвасобілася ў адну з зорак міжнароднай эстрады.

(Анжэліка Агурбаш: ) “Калі мы прыяжджаем ў Лёндан, то спыняемся ў гатэлі “Дорчэстэр”. Я жыву ў нумары, дзе жыла Мадона, дзе спыняюцца толькі вельмі высокія асобы. І гэта ня толькі мае капрызы ці магчымасьці майго мужа. Так мусіць быць: я – зорка Беларусі.

Там разуменьне “зоркі” іншае. Калі ты не адпавядаеш “зорнасьці”, да цябе ня будзе ўвага тэлебачаньня, радыё. З табой проста ня будзе ніхто размаўляць. Але ўсе разумеюць: калі чалавек жыве ў “Дорчэстэры” – гэта зорка”.

Адной з канкурэнтак Анжэлікі Агурбаш у Кіеве будзе яшчэ адна беларуска, магілеўчанка Натальля Падольская, якая выступіць за Расею.

Летась Падольская спрабавала патрапіць у фінал конкурсу ў Стамбуле ад Беларусі, аднак у выніку тэлевізійнага галасаваньня ў Турэччыну паехаў дуэт “Аляксандра і Канстанцін”. Бацька Натальлі, Юрый Падольскі, дагэтуль ня можа супакоіцца: ён перакананы, што дачку ў Беларусі “засудзілі”.

(Падольскі: ) “Чалавека летась заплявалі, пакрыўдзілі, прынізілі. Чалавек паехаў у горад, дзе вучыцца – яна атрымлівае ў Маскве прафэсійную музычную адукацыю, маючы вышэйшую юрыдычную. Адзін з прадусараў накіраваў яе на конкурс. І аказалася, што ня бацька нешта ў тым годзе прыдумаў, што за яе ў сем разоў болей прагаласавала гледачоў – амаль столькі ж, колькі за ўсіх разам. Аказваецца, гэта праўда была, і сёлетні конкурс пацьвердзіў: у вялізнай Расеі, дзе разьвіты шоў-бізнэс, дзе такая маса талентаў, дзяўчына першы раз выйшла і атрымала права выступаць ад Расеі. Аказваецца, сапраўды яе “кінулі” беларусы”.

17 траўня Анжэліка Агурбаш гэтак жа шырока (як, зрэшты, праходзіў і ўвесь яе перадконкурсны тур) адзначыць 35-ты дзень нараджэньня. У гэты дзень будуць адмененыя ўсе рэпэтыцыі, ня гледзячы на тое, што паўфінал мусіць адбыцца ўжо 19 траўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG