Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі тыднёвік "Newsweek" прызнае памылку


Сяргей Шупа, Прага Амэрыканскі тыднёвік "Newsweek" у нядзелю выступіў з прабачэньнямі за памылкі ў сваім артыкуле, дзе пісалася пра зьневажаньне Карану ў турме на базе Гуантанама, дзе ўтрымваюцца падазраваныя ў тэрарызме. Артыкул, які зьявіўся ў мінулым нумары тыднёвіка, выклікаў гнеў мусульманаў ва ўсім сьвеце і прывёў да масавых дэманстрацыяў у некалькіх правінцыях Афганістану. Рэдактар "Newsweek"у выказаў спачуваньні ахвярам хваляваньняў і амэрыканскім вайскоўцам, якія апынуліся ў самым іх цэнтры.

Учора тыднёвік Newsweek паведаміў, што ў нядаўнім артыкуле пра зьневажаньне Карану на базе ў Гуантанама маглі быць недакладнасьці.

Гэтае прызнаньне прагучала празь некалькі дзён пасьля пачатку масавых пратэстаў і хваляваньняў у Афганістане, падчас якіх іх удзельнікі рабавалі і падпальвалі ўрадавыя будынкі і сядзібы гуманітарных арганізацыяў. Некалькі людзей было забіта і некалькі дзясяткаў паранена. Артыкул таксама выклікаў пратэсты ў Пакістане, Інданэзіі і ў Паласе Газы.

Дэн Клэйдмэн, шэф вашынгтонскага бюро тыднёвіка "Newsweek", выказаў шкадаваньні з прычыны ахвяраў у Афганістане:

(Клэйдмэн: ) “Мы адчуваем, што хоць і падышлі да матэрыялу з належнай дбайнасьцю, але памылкі часам бываюць непазьбежныя, і, на нашую думку, гэтым разам так і выйшла”.

У кароткім артыкуле, апублікаваным 9 траўня, цытаваліся паведамленьні неназваных крыніцаў пра сьведчаньні ваенных сьледчых, якія правяралі інфармацыю пра зьдзекі са зьняволеных у Гуантанама.

Сьледчыя нібыта выявілі, што падчас допытаў Караны клаліся на ўнітаз і прынамсі адзін раз сьвятая кніга была змытая ў каналізацыю.

У выданьні тыднёвіка, якое мае выйсьці 23 траўня, гаворыцца, што арыгінальны інфарматар – які ў артыкуле называецца “дасьведчанай ўрадавай крыніцай” – пасьля публікацыі выказаў сумнеў, ці сапраўды ён вычытаў у справаздачы пра зьнявагу над Каранам.

Паводле Newsweek’а, перад публікацыяй рэпартэры Майкл Ісікаф і Джон Бэры папрасілі двух супрацоўнікаў Міністэрства абароны пракамэнтаваць апісаныя ў артыкуле факты. Адзін зь іх адмовіўся ад камэнтароў, а другі паставіў пад сумнеў іншы аспэкт артыкулу, але нічога не сказаў пра выпадак з Каранам.

Джавід Лудын, прэсавы сакратар прэзыдэнта Афганістану Хаміда Карзая сказаў Радыё Свабода, што прызнаньне Newsweek’ам магчымай памылкі можа паспрыяць аслабленьню напружаньня і супакоіць людзей.

(Лудын: ) “Мы абураныя тым, што тут не былі датрыманыя прынцыпы журналізму і што надрукаваны імі матэрыял, як выглядае, не адпавядае рэчаіснасьці. З аднаго боку, добра, што яны прызнаюць сваю памылку, бо гэта вельмі важна для ліквідацыі праблемы. Аднак вельмі шкада, што журналісцкі стандарт апусьціўся так нізка, што такая далікатная праблема была асьветленая так безадказна”.

Паводле Newsweek’а, прадстаўнік Пэнтагону Лорэнс ДыРыта заявіў у канцы мінулага тыдня, што ў артыкуле былі выкладзеныя недакладныя факты. Ён зазначыў, што было расьсьледавана некалькі скаргаў зьняволеных аб зьневажаньні Карану, і ніводная зь іх не пацьвердзілася.
XS
SM
MD
LG