Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Уладзімер Дамашэвіч


Уладзімер Дамашэвіч, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя нататкі мінулага тыдня прадстаўляе вядомы беларускі празаік Уладзімер Дамашэвіч — адзін з тых, хто яшчэ ў 1960-я гады ўзьняў свой голас у абарону беларускае мовы, за што шмат цярпеў ад савецкае сыстэмы.

Усе мы сёньня настроеныя на хвалю ўспамінаў пра вайну, пра перамогу. Сёньня мы, асабліва старэйшае пакаленьне, удзельнікі вайны і яе сьведкі яе, можна сказаць, пакутнікі, і тыя, хто меў тады дзесяць-пятнаццаць гадоў, ня можам ня ўспомніць той страшны час, калі жыцьцё кожнага чалавека вісела на валаску, калі цябе маглі разбамбіць, забіць з аўтамата, або нават спаліць жыўцом.

Мы сьвяткуем перамогу, мы ўспамінаем пераможныя дні мая 1945-га, калі германская ваенная машына, як падбіты трапным снарадам танк, ужо стаяла на месцы зь перабітымі гусеніцамі і дымела з кармы, займаючыся полымем. Савецкія салдаты, тыя, што ўцалелі і дайшлі да перамогі, палілі ў неба, не шкадуючы патронаў. А быў жа вось нядаўна час… Патрон і снарад цаніліся ледзь ня болей, чым чалавечае жыцьцё: “Мы за ценой не постоим”, калі нам патрэбная перамога.

“Медленно двигаетесь”, — казаў праз зубы маршал Жукаў да сваіх падначаленых. Хутчэй, хутчэй! — узяць Зеелаўскія вышыні, а там і Бэрлін. Перамога была патрэбная, каб даказаць, што мы дужэйшыя за немцаў, што мы за іх разумнейшыя. Нам перамога была патрэбная яшчэ і для таго, каб ёю прыкрыць усе нашыя грахі-промахі, усе тыя незьлічоныя ахвяры, якія былі прынесеныя толькі таму, што мы былі не дужэйшыя і не мудрэйшыя за немцаў. Немцы, калі за што браліся, дык рабілі гэта зь нямецкай акуратнасьцю, моцна і надзейна. Такая была і іх ваенная машына.

А наша? Пачатак вайны паказаў, што гэта была за машына: яна ламалася і трашчала, буксавала нават на роўным месцы, ня кажучы ўжо пра калдобіны і бездараж. Вайна, кажуць нават некаторыя гісторыкі, пачалася нечакана, вераломна. Дзіўная рэч! Усе яе чакалі, усе рыхтаваліся, усе былі ўпэўненыя, што яна будзе, пра яе гаварылі нават дзеці. А быў адзін чалавек, які ні за што ня верыў, што яна будзе якраз тады, калі яму ня хочацца, каб яна была.

Пачатак вайны паказаў, якія мы былі непадрыхтаваныя, ды такімі мы былі б і празь месяц і праз год. Бо ў нас за год не маглі вырасьці разумныя генэралы… На жаль, усе ці амаль усе разумныя генэралы і стратэгі былі аб’яўленыя ворамі народу. Іх месца занялі недавучкі, для якіх стратэгія і тактыка была цёмным лесам, у якім яны заблудзіліся. Вайна для нас не была нечаканасьцю. Нечаканасьцю было тое, што немцы пачалі нас біць зь першага дня…

* * *

Толькі цаною шматлікіх і нічым неапраўданых ахвяраў савецкія войскі паступова сталі стрымліваць нямецкую сілу, якая дайшла да Масквы, а потым да Сталінграду. На гэта спатрэбілася два гады, яшчэ два спатрэбілася, каб выбіць ворага са свае тэрыторыі і загнаць яго ў сваё логава і там разьлічыцца за ўсе крыўды.

Якою ж цаною гэта ўсё адбылося? За першыя два гады вайны — пераважна адступленьня — у палон да немцаў трапіла больш за шэсьць мільёнаў байцоў кадравай арміі. Тры з паловай мільёна іх памерла галоднаю сьмерцю. Пад Сталінградам дывізіі прыблізна з 10 тысяч байцоў (поўная дывізія — 15 тысяч) хапала на дзьве гадзіны бою. Камандзір узводу пасьпяваў пажыць і пакамандаваць усяго тры дні, камандзір роты — тыдзень, камбат — да месяца. Пяхота сваімі целамі ўсьцілала зямлю на тысячы кілямэтраў: ад Волгі да Эльбы, ад Масквы да Бэрліна.

Падлічана, што нямецкі салдат за вайну забіў дзесяць савецкіх, а два савецкія — аднаго немца. Вось такая горкая арытмэтыка…

* * *

Слава нашым беларускім партызанам! Але ці разумелі яны, што партызаны — гэта ахвяры той вялікай гульні, якую вёў іх правадыр? Заклік ісьці ў лясы, паліць і зьнішчаць усё, каб не дасталося ворагу, гэта быў крык адчаю: “Ратуйце!”. Бо гінула савецкая камуністычная сыстэма. Рэжым ратаваў сябе цаною неверагодных ахвяраў, сьпісваючы іх жыцьці на тое, што трэба ратаваць радзіму. Радзіму можна было выратаваць значна таньней, нават у некалькі разоў, каб не адгукнулася страта тых тысяч і мільёнаў, якія загінулі яшчэ ў гады “сталінскіх пяцігодак”.

Як хто, а беларусы гэта запомнілі, хто застаўся жывы, а хто загінуў, лічыў, відаць, што так трэба: паміраю за радзіму. Каб жа так!

* * *

Прачытаў у “Народнай Волі” вялікі артыкул Кастуся Тычыны пад назвай “Невядомая танкавая вайна” з падзагалоўкам “Як згубіліся ў гісторыі 1770 танкаў і 70 тысяч чалавек” і жахнуўся: вось так мы ваявалі на пачатку вайны! Яшчэ ня трэба забываць, што вайна для нас пачалася не 22 чэрвеня 1941-га, а значна раней: 17 верасьня 1939-га з Польшчай. Яна пачалася яшчэ зімою 1939—1940 гадоў зь Фінляндыяй, дзе савецкія войскі з бляскам паказалі, як ня трэба ваяваць.

І каб не велізарныя чалавечыя рэсурсы, каб не бяскрайнія прасторы Саюзу і каб не вялікая дапамога саюзьнікаў — Англіі, ЗША, Францыі — да перамогі мы ішлі б доўга-доўга.

* * *

Нас усіх зьдзіўляла, чаму саюзьнікі не адкрываюць другога фронту на Захадзе. А яны проста баяліся свайго ўсходняга саюзьніка, які патроху набіраў сілу. Яны хацелі па кітайскім прынцыпе паназіраць з гары, як два тыгры грызуцца ў даліне. І калі яны добра пусьцяць адно аднаму кроў, калі аслабеюць, вось тады яны спусьцяцца з гары і мо нават падзеляць тыгровыя скуры. Аднак доўга ўседзець на гары яны не змаглі, бо бачылі, што адзін з тыграў стаў паступова слабець, а другі ўжо гатовы нанесьці апошні рашучы ўдар. А гэта значыла, што дужы і злы пераможца ня дасьць ім спусьціцца з гары, трэба ратаваць слабога. Так яны і зрабілі: хай будзе лепш слабы, чым моцны.

Але слабы, акрыяўшы, зноў стаў наводзіць на іх страх. І ўжо праз год пасьля вайны ў Фултане Чэрчыль адкрыта выказаўся за тое, каб аб’яднаць сілы супраць камуністычнай пагрозы. Меў ён рацыю ці не? Час паказаў, што меў — пагроза была. Сёньня, праз шэсьцьдзесят гадоў пасьля вайны, гэтая пагроза як быццам растала. Расея становіцца на дэмакратычны шлях разьвіцьця, хоць пераход гэты надта зацягнуўся…

* * *

Апошняя пагроза над сьветам — тэрарызм. Якая зброя можа яго спыніць? Здаецца, што ні аўтаматы, ні гарматы нічога ня зробяць. Трэба зыходзіць з таго, што тэрарысты — таксама людзі, якімі нехта камандуе, яны некаму служаць. Вось зь імі, відаць, трэба пачаць перамовы, інакш гэтая нябачная і неаб’яўленая вайна будзе цягнуцца бясконца.

Успомнім не такую і далёкую гісторыю. Сталін хацеў дамовіцца з Гітлерам. Ня выйшла, бо ў яго таксама былі агрэсіўныя пляны, як і ў яго партнэра. Ня можна садзіцца за стол перамоваў з каменем за пазухай. Толькі шчырасьць і адкрытасьць можа прынесьці плён. Іншага шляху няма.

* * *

Скончыць свой горкі роздум аб вайне і перамозе хачу вершам аднаго саматужнага паэта:

У Карэі, у Віетнаме, у Аўгане, На далёкім на Суэцкім на канале — Дзе мы толькі ні каналі За нішто і пра нішто!

Ў Этыёпіі, на Кубе, ў Самалі — Дзе мы толькі ні пацелі, ні былі! Дзякуй Богу, што Чачня ўжо за мяжой, За яе хварэем мы душой.

І апошняе: я вельмі хацеў бы, каб той страшнай вайны не было, і перамогі — таксама. Нас, беларусаў, было б ня дзесяць мільёнаў, як цяпер, а мо ў два разы больш. І ўсе мы былі б шчасьлівыя, бо нікога ня трэба было б аплакваць, як сёньня.
XS
SM
MD
LG