Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Лябедзька – зьвесткі пра зброю апазыцыі гэта чарговая правакацыя


Алег Грузьдзіловіч, Менск “Чарговай правакацыяй” назваў лідэр АГП Анатоль Лябедзька кампанію, якую разгарнулі дзяржаўныя мэдыі вакол зброі, якую знайшлі пад Менскам і Берасьцем. Неназваныя сьледчыя зь міліцыі ўжо абвясьцілі, што гэтая зброя, магчыма, належыць апазыцыі. Між тым, афіцыйныя крыніцы ў міліцыі і КДБ гэтых зьвестак не пацьвярджаюць.

У Міністэрстве ўнутраных справаў дагэтуль не пацьвердзілі зьвестак, якія распаўсюдзіла агенцтва “Інтэрфакс” 13 траўня адносна магчымай прыналежнасьці зброі, знойдзенай пад Менскам і Берасьцем.

Паводле “Інтэрфаксу”, пра тое, што зброя, магчыма, належыць апазыцыі, нібыта паведамілі сьледчыя зь міліцыі, якія расьсьледуюць крымінальныя справы. Між тым, і сёньня, 16 траўня, у прэсавай службе МУС не пацьвердзілі гэтых падазрэньняў.

(Новікаў: ) “Самі факты ёсьць, яны расьсьледуюцца, але прывязваць гэта да апазыцыі… У мяне пакуль няма зьвестак, чыя гэтая зброя”, — сказаў супрацоўнік прэсавай службы МУС Віктар Новікаў.

Кіраўнік цэнтру сувязяў з грамадзкасьцю КГБ Валер Надтачаеў таксама не сьпяшаецца з высновамі. Ён заявіў Радыё Свабода, што справы яшчэ не расьсьледаваныя, таму немагчыма казаць пра прыналежнасьць знойдзенай зброі.

Між тым, беларускія дзяржаўныя мэдыі ўжо некалькі дзён паведамляюць пра тое, што беларуская апазыцыя нібыта завезла ў краіну зброю. Дзяржаўнае тэлебачаньне ілюструе гэтыя заявы кадрамі, на якіх дэманструюцца вялізныя арсэналы. Пры гэтым спасылаюцца на зьвесткі, распаўсюджаныя агенцтвам “Інтэрфакс”.

Я спытаўся кіраўніка беларускага бюро “Інтэрфаксу” Вячаслава Зяньковіча, ці можа ён назваць крыніцы, якія б пацьвердзілі зьвесткі ананімных сьледчых МУС. Вячаслаў Зяньковіч адмовіўся размаўляць, спаслаўшыся на забарону начальства.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна мяркуе, што ў Беларусі распачатая чарговая кампанія ачарненьня апазыцыі, а некаторым журналістам загадана яе абслугоўваць. Між тым, Жанна Літвіна не здымае адказнасьці і са сваіх калегаў:

(Літвіна: ) “Усё залежыць ад сумленьня. Калі сеў перад мікрафонам ці тэлекамэрай, рыхтуеш інфармацыю і перадаеш яе рэдактару — у першую чаргу трэба кіравацца сумленьнем. Каля яго няма, тады няма… Тады пакутуе грамадзтва”.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька рашуча абверг зьвесткі пра тое, што знойдзеная зброя нібыта належыць апазыцыі. Ён лічыць, што міліцыя ці КДБ маглі б лёгка высьветліць, каму належыць знойдзеная зброя, запісаўшы на відэа тых, хто карыстаецца сховамі зброі. Тое, што гэтага не было зроблена, на думку Анатоля Лябедзькі, пацьвярджае правакацыю супраць апазыцыі.

(Лябедзька: ) “У гэта могуць верыць толькі пэнсіянэры. Але мне іх шкада. Бо пасьля таго, што ім паказалі на гэтыя выходныя, яны пайшлі ў аптэку купляць валідол. Гэтых людзей гэтак застрашылі за адзінаццаць гадоў, што за іх крыўдна і шкада”.
XS
SM
MD
LG