Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ня ведаю ніводнага вэтэрана вайны, які б пахваліў Лукашэнку за перайменаваньне праспэкту Машэрава”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Тыдзень таму два галоўныя праспэкты і некалькі цэнтральных вуліц Менску каторы ўжо раз за апошнія дзесяцігодзьдзі зьмянілі свае назвы. Для многіх у Беларусі, у тым ліку і для ўдзельнікаў вайны, ад імя якіх прэзыдэнт Лукашэнка і праводзіў перайменаваньні, гэта стала непрыемнай нечаканасьцю. Сёньняшнюю размову пачну зь ліста на гэтую тэму, які даслаў вэтэран вайны, былы падпольшчык Алег Багданоўскі зь Менску. Ён піша:

“Ня ведаю ніводнага вэтэрана, які б пахваліў Аляксандра Рыгоравіча за тое, што перайменаваў праспэкт Машэрава. І новая назва нейкая дзіўная — праспэкт Пераможцаў. У нас жа пераможцамі каго толькі ні называюць: і на Дажынках пераможцы, і ў хакеі, і ў тэнісе… Лепш бы ўжо тады назвалі “Праспэкт Франтавікоў”. Праўда, тады з Народным Фронтам можа быць блытаніна — таксама нядобра. Але зь Пятром Міронавічам Машэравым Аляксандар Рыгоравіч абышоўся кепска, гэта яму дрэнныя дарадцы падказалі. Машэраў — баявы партызанскі камандзір. Залатую зорку героя Савецкага Саюзу ён атрымаў падчас вайны, у 1944 годзе. А тады зорак абы-каму не давалі. І Беларусь пры ім крочыла наперад сямімільнымі крокамі. Ва ўсім Савецкім Саюзе мяса ды масла давалі па картках, а мы ў Менску маглі іх купіць свабодна. Бо тут быў Машэраў.

Цяпер імя Машэрава замест прыгожага шырокага праспэкту будзе насіць шумная і шэрая вуліца Варвашэні. Мне здаецца, гэта непавага ня толькі да памяці Машэрава, але і да сотняў тысяч беларусаў, якія ваявалі ў партызанскіх атрадах, для якіх 1960—1970-я гады назаўсёды застануцца ў памяці як лепшыя гады жыцьця, калі мы будавалі шчасьлівую будучыню, верылі ў ідэалы, стабільна разьвіваліся”.

Наўрад ці, спадар Багданоўскі, на гэтае перайменаваньне галоўных менскіх праспэктаў неяк паўплывалі дарадцы або памочнікі Аляксандра Лукашэнкі. Імя Пятра Машэрава ў пасьляваеннай гісторыі Беларусі доўгі час лічылася найбольш значным. Ён на працягу 15 гадоў быў кіраўніком рэспублікі, якая тады даволі шпаркімі тэмпамі разьвівалася. Многія з тых, з кім ён разам працаваў, успамінаюць пра яго прыстойныя чалавечыя якасьці. Хоць, натуральна, ён быў часткай камуністычнай сыстэмы, кандыдатам у члены Палітбюро ЦК КПСС — і паслухмяна выконваў усе загады Масквы.

Тое, што праз трыццаць год пасьля вайны ў Менску не было картак на мяса і масла, сумнеўнае дасягненьне з пункту гледжаньня эўрапейца. Але на тле тагачасных савецкіх гарадоў Менск, сапраўды, выглядаў аазай харчовага дастатку. У 1980-х і на пачатку 1990-х гадоў імя Машэрава актыўна выкарыстоўвала тагачасная намэнклятура ва ўласных палітычных мэтах. Прэм’ера Вячаслава Кебіча перад прэзыдэнцкімі выбарамі афіцыйная прапаганда называла “Машэравым нашых дзён”. Выходзіла нямала кніг пра Машэрава, здымаліся фільмы. Былі праекты ўсталяваньня велічнага помніка ў цэнтры Менску, якраз на праспэкце ягонага імя.

Аднак усё гэта спакваля сьціхла пасьля 1994 году, калі ў Беларусі зьявіўся першы прэзыдэнт. Помніка Машэраву так і не ўсталявалі. Яго імя больш ня згадваецца ў дакладах на ўрачыстых сходах. А цяпер вось дайшла справа і да перайменаваньня аднаго з самых прыгожых праспэктаў Менску, па якім Аляксандар Лукашэнка штодня езьдзіць на працу і вяртаецца ў сваю рэзыдэнцыю ў Драздах.

Ліст ад Юзафа Шыдэльскага зь вёскі Беняконі Воранаўскага раёну. Слухач піша:

“З 1992 году цікаўлюся тым, што адбываецца ў палітыцы, і мяне гэта моцна хвалюе. Вельмі крыўдна за гэты народ і за гэту няшчасную рэспубліку. Калі спрабаваць ва ўсім разабрацца, то немінуча прыходзіш да высновы, што пачалося ўсё ў 1917 годзе. Хто тады прыйшоў да ўлады? Куды падзелася самая адукаваная частка грамадзтва? Што зрабілі з дваранствам, з арыстакратыяй? А як змагаліся з рэлігіяй? Як зьнішчалі храмы? Цяпер многія рэлігіяй толькі спэкулююць — абы пакрасавацца са сьвечкай у руках перад тэлекамэрай. Заможна і стабільна жывуць тыя краіны, дзе не было сацыяльных рэвалюцыяў, дзе не змагаліся з манархіяй і дваранамі, не вынішчалі рэлігію. Вазьміце, да прыкладу, Швэцыю, Вялікабрытанію, Галандыю… А ў нас якая б партыя ні прыйшла да ўлады, усё застанецца па-ранейшаму. Зьменіцца хіба што герб — усё іншае застанецца тым жа. Так што трэба нам вярнуць з-за мяжы нашу інтэлектуальную эліту. Можа, тады хоць што-небудзь у сапраўднасьці зьменіцца”.

Тых інтэлектуалаў ці проста адукаваных людзей, якія пакінулі Беларусь пасьля рэвалюцыі, ужо няма жывых, спадар Шыдэльскі. Пасьляваенная эміграцыя — гэта таксама людзі вельмі паважанага ўзросту, і зь Беларусьсю іхныя планы на апошнія гады жыцьця, як правіла, не зьвязаны. Ні дваранства, ні арыстакратыю, якія былі расьцярушаны па сьвеце пасьля шматлікіх сацыяльных катаклізмаў мінулага стагодзьдзя, ужо ня вернеш. Беларускаму грамадзтву давядзецца разьлічваць на ўласныя сілы — на ўласную інтэлігенцыю, на ўласную моладзь. Гэтага зусім ня мала, калі толькі ў нацыі хопіць сілы на тое, каб будаваць сваю незалежную дзяржаву, узяўшы за ўзор дэмакратычную Эўропу, а не каторы ўжо раз вынаходзіць нейкі асаблівы шлях. За любыя сацыяльныя экспэрымэнты разьлічвацца даводзіцца народу. І разьлічвацца дарагой цаной.

Ліст зь вёскі Мокрая Хоцімскага раёну, ад слухача, які падпісаўся як Міхаіл Іваноў:

“Добры дзень, “Свабода”. Заўважыў я, што вы сталі неяк пабойвацца. Няма ў вас вастрыні, ня рэжаце праўду-матку ў твар. А наш забіты, прыгнечаны народ трэба настаўляць на праўдзівы шлях, несьці асьвету. Апошнія тыдні ва ўсіх газэтах, на тэлебачаньні і радыё толькі і размовы было, што пра вайну. Але чамусьці ніхто не сказаў, што ў выніку гэтай вайны больш за ўсіх пакрыўдзілі беларусаў. Калі беларускі народ — пераможца, дык у выніку вайны ён павінен быў бы нешта атрымаць. А інакш за што беларусы кроў пралівалі? Расейцы пасьля вайны забралі ў немцаў Кёнігсбэрг, і палову Ўсходняй Прусіі, украінцы адрэзалі сабе ад Вугоршчыны Закарпацьце. А беларусы? Страцілі Беласточчыну, Віленшчыну. За што ж гінулі на вайне? І чаму цяпер не паставіць гэтага пытаньня перад той жа Расеяй? Трэба аднаўляць гістарычную справядлівасьць”.

Беларускі народ, спадар Іваноў, падчас заканчэньня другой усясьветнай вайны ня меў сваёй незалежнай дзяржавы, а таму ў яго не было магчымасьці ўплываць на пасьляваенны падзел сьвету і ўсталяваньне новых межаў. Сталінскі рэжым, перакройваючы ў 1940-я гады мапу гэтай часткі Ўсходняй Эўропы, ня дужа зважаў на нацыянальныя інтарэсы народаў тагачаснага Савецкага Саюзу. Увойдзе Вільня ў склад Беларускай ССР ці Літоўскай ССР — Маскве было абыякава: у любым выпадку гэта тэрыторыя заставалася савецкай. Ні беларусы, ні літоўцы рэальнай незалежнасьці ў выніку не атрымлівалі. Але ці магчыма сёньня пераглядаць дзяржаўныя межы, што склаліся пасьля вайны? Народы Эўропы яшчэ ў 1975 годзе ў Хэльсынкі дамовіліся пра непарушнасьць пасьляваенных межаў, як пра адну з галоўных умоваў міру на кантынэнце. Бо амаль усе войны мінулых стагодзьдзяў пачыналіся якраз з тэрытарыяльных прэтэнзіяў.

Марыя Кемерава з Горадні адклікнулася на развагі слухачоў, якія на працягу некалькіх месяцаў дасылалі свае творы на конкурс “Мой герой”:

“Мы, старэйшае пакаленьне, прывыклі да агульнадзяржаўных герояў. Нам іх называлі, а мы бяз роздуму верылі, лічылі іх героямі. Зь якім гонарам мы, сямігадовыя савецкія дзеці, насілі акцябрацкую зорачку з выявай кучаравага хлопчыка Вовачкі Ўльянава. А Паўлік Марозаў! Вось гэта герой — пайшоў супраць бацькі. Атрымлівалася, і нам трэба было пільна сачыць за сваімі бацькамі. А Іосіф Вісарыёнавіч! Бацька для ўсіх. Толькі ён прывядзе да камунізму. Нават і цяпер я часам чую ад людзей на вуліцах: “Вось бы на вас Сталіна!” Але не прывёў ён нас да сьветлай будучыні — прыпыніліся мы пасярод дарогі.

Але цяпер на ўсё пачынаеш глядзець па-іншаму. Кліча прывабнае сьвятло эўрапейскіх гарадоў, кліча Амэрыка, якую так шмат гадоў мы лічылі ворагам. Так хочацца быць разам зь імі, роўнымі сярод роўных. Каб было так: купіў білет, і — сёньня ў Бэрліне, заўтра ў Парыжы…Але ці будзе так хоць калі-небудзь?”

Ад Горадні да мяжы з Польшчай нейкі дзясятак кілямэтраў, крыху болей — да літоўскай мяжы. Жыхары суседніх з Горадняй польскага Беластоку і літоўскіх Друскенікаў ужо некалькі гадоў могуць падарожнічаць па эўрапейскім кантынэнце бязь візаў. Тры гэтыя народы стагодзьдзямі жылі ў адной дзяржаве, у іх блізкія культура, мэнталітэт, цесныя гаспадарчыя сувязі. Ды і ва ўзроўні эканамічнага разьвіцьця няма непераадольнай розьніцы. І тое, што Беларусь сёньня адгароджаная ад сваіх эўрапейскіх суседзяў цяжкапераадольнай мяжой ды візавымі абмежаваньнямі, тлумачыцца выключна палітыкай беларускіх уладаў. Ніхто на Захадзе не зачыняў перад Беларусьсю дзьвярэй у Эўрапейскі Зьвяз. Бо немагчыма перапісаць гісторыю ці зьмяніць геаграфію: Беларусь была і застанецца эўрапейскай дзяржавай. А палітыкі, якія прэтэндуюць на нейкую выключную ролю, ігнаруюць агульнапрызнаныя эўрапейскія каштоўнасьці і праводзяць сацыяльныя экспэрымэнты, якія асуджае ўвесь кантынэнт — прыходзяць і сыходзяць.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG