Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На саміце Рады Эўропы ўздымаюць пытаньне Беларусі, беларусы правялі пікет


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Варшаве распачаў працу трэці саміт Рады Эўропы, у якім бяруць удзел прадстаўнікі 46 краінаў-сябраў гэтай арганізацыі, у тым ліку 21 прэзыдэнт і 18 прэм’ер-міністраў. Галоўная задача саміту – вызначыць галоўныя задачы Эўропы ў 21-м стагодзьдзі. Пра беларускія акцэнты ў першы дзень саміту расказвае наш карэспандэнт.

У першыя гадзіны працы саміту, прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус заявіў, што на форуме “не хапае адзінай эўрапейскай дзяржавы – Беларусі”.

(Адамкус: ) “Грамадзяне гэтай дзяржавы прызнаюць каштоўнасьці Рады Эўропы, але ня могуць імі карыстацца ў практыцы... Я спадзяюся, што эўрапейскія краіны ня будуць заплюшчваць вочы на спробы абмежаваньня свабоды ў беларускім грамадзтве”.

Тое, што дэмакратычныя каштоўнасьці не замацаваліся ў Беларусі, Адамкус назваў “агульнай паразай” усіх эўрапейскіх краінаў. Беларусь застаецца "ў шэрай зоне на мапе Эўропы", лічыць прэзыдэнт Літвы.

Між тым сёньня раніцай, каля дзесяці беларусаў са Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі з Польшчы і Беларускага эўрапейскага задзіночаньня з Бэльгіі віталі ўдзельнікаў саміту бела-чырвона-белымі сьцягамі і плякатамі з надпісамі па-ангельску: “Рэжым Лукашэнкі гэта палітычныя забойствы і палітычныя вязьні”, “Беларусь гэта таксама Эўропа”.



(Цялежнікаў: ) “Мы стаялі каля ўезду на Замкавую плошчу, дзе адбываецца саміт. У гэтым месцы прыпыняліся ўсе картэжы з ўдзельнікамі саміту і нас добра было бачна”, – сказаў Радыё Свабода адзін з удзельнікаў акцыі Антось Цялежнікаў.
XS
SM
MD
LG