Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Скрабец – за кратамі, на яго заведзеная крымінальная справа


Уладзімер Глод, Менск Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец другі дзень застаецца за кратамі. Сяргея Скрабца — кіраўніка дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня — затрымалі 15 траўня ў Менску і адразу перавезьлі ў Берасьце. Берасьцейская пракуратура распачала крымінальную справу супраць Сяргея Скрабца.

Справай Сяргея Скрабца займаецца следчы зь Берасьця Андрэй Ліванаў. На мае пытаньні ён спачатку адказваў неахвотна:

(Ліванаў: ) “Адзінае, што я вам магу сказаць, ён затрыманы ўчора. Іншага пакуль сказаць не магу, бо і сам шмат чаго ня ведаю. Яго ні ў чым не вінавацяць. Абвінавачаньні не выстаўляліся. Ён у нас пакуль затрыманы як падазраваны на трое сутак. Што будзе далей, я пакуль сказаць не магу, бо цяпер займаемся справай — глядзім, правяраем”.

Тады я зачытаў сьледчаму інфармацыю, якую распаўсюдзіла сёньня агенцтва БелаПАН. Паводле яе, крымінальная справа распачатая паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — падрыхтоўка да злачынства і даваньне хабару.

Міліцыя нібыта мае матэрыялы пра тое, што Сяргей Скрабец падбухторваў беспрацоўнага жыхара Бярозы даць хабар 30 тысяч даляраў ЗША супрацоўнікам абласных пракуратуры і суду. За гэтыя грошы быццам бы абяцалі вынесьці апраўдальны прысуд жыхару вёскі Гальшаны Столінскага раёну, які асуджаны на 24 гады за бандытызм ды іншыя злачынствы.

Сьледчы Ліванаў наступным чынам адрэгаваў на мае словы:

(Ліванаў: ) “Калі вы ўсё ведаеце, дык навошта тады мне тэлефануеце? Так яно і ёсьць. Пакуль гэтая інфармацыя адпавядае рэчаіснасьці. Сэнс пакуль такі”.

Жонка Сяргея Скрабца Аляксандра 16 траўня накіравалася ў Берасьце. Там яна мае намер заключыць пагадненьне зь мясцовым адвакатам Міхаілам Хомічам. Паводле спадарыні Скрабец, сябры яе мужа тэлефануюць ёй, спрабуюць запэўніць, што абвінавачаньні на адрас Сяргея Скрабца проста сьмешныя:

(Аляксандра Скрабец: ) “Усё гэта было б сьмешна, калі б не было так сумна, калі б ён там не сядзеў. Можна было сьмяяцца, пакуль ён быў дома. Так мы і рабілі. Але ж зусім ня сьмешна, калі яго схапілі”.

Міхаіл Хоміч ужо ведае, што першая размова зь Сяргеем Скрабцом у сьледчага адбылася:

(Хоміч: ) “Зь яго ўзялі першыя тлумачэньні ў прысутнасьці дзяжурнага адваката. Наступнае будзе толькі пасьлязаўтра”.

Ён патлумачыў, што, згодна зь беларускім заканадаўствам, Сяргея Скрабца могуць затрымаць на трое сутак.

Дэпутат з групы “Рэспубліка” Валеры Фралоў засяродзіў маю ўвагу на пэўным падабенстве ў справах Сяргея Скрабца і Міхаіла Марыніча:

(Фралоў: ) “Існуе заказ уладаў, якія любым спосабам, а гэта ўжо ня першы выпадак, знаходзяць магчымасьць актыўных людзей пасадзіць за краты. Прычым, што сымптаматычна. Мы зь Міхаілам Марынічам некалькі разоў зьезьдзілі ў Маскву, і на наступны дзень пасьля адной з паездак яго арыштавалі. Са Скрабцом мы толькі ў суботу вярнуліся з Масквы, а ў нядзелю яго арыштавалі”.

Валеры Фралоў таксама гаворыць, што апошнім часам у Скрабца былі пэўныя фінансавыя цяжкасьці.

(Фралоў: ) “Ну, як руку мне адсяклі, бо са Скрабцом за апошнія паўгоду мы правялі разам больш часу, чым ён са сваёй сям’ёй, а я — са сваёй. Мы як блізьняты зрабіліся. Мне вельмі горка і крыўдна. А потым, шчыра кажучы, за апошнія паўгоду я яму дапамагаў са сваёй пэнсіі. Таму казаць пра нейкія грошы, што ён камусьці хацеў даць — ну, гэта такая лухта”.

Сяргей Скрабец да абраньня дэпутатам кіраваў Гандлёвым домам “БелБабаеўскі”. Скрабец абвінавачваўся ў незаконным атрыманьні крэдытаў ад дзяржавы. У кастрычніку мінулага году ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай даць яму палітычны прытулак. Аднак станоўчага адказу ён не атрымаў. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што праваахоўчыя органы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў для фінансваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.

Як паведаміла мне ў другой палове дня 16 траўня супрацоўніца прэсавай службы Пракуратуры Беларусі Антаніна Літвінчук, экс-дэпутату Сяргею Скрабцу вызначылі меру стрыманьня -- утрыманьне пад вартай.
XS
SM
MD
LG