Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці быў рэфэрэндум 14 траўня 1995 году сродкам народнага волевыяўленьня?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 14 траўня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня журналіст Мікола Маркевіч з Горадні і экспэрт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Сяргей Леўшуноў зь Менску.

(Валер Карбалевіч: ) “За дзесяць гадоў, што прайшлі з дня рэфэрэндуму 1995 году, шмат гаварылі і пісалі пра тое, якую шкоду ён нанёс беларускаму нацыянальнаму адраджэньню. Але ёсьць і іншыя наступствы гэтай гістарычнай падзеі. Рэфэрэндум зьявіўся важным рубяжом на шляху фармаваньня ў Беларусі аўтарытарнага рэжыму. Лукашэнка знайшоў выдатны сродак, з дапамогай якога ён узмацніў сваю легітымнасьць. Атрымаўшы грамадзкую падтрымку, прэзыдэнт стаў узурпаваць уладу, забіраць яе ў іншых дзяржаўных інстытутаў. Магчыма, прапануючы на рэфэрэндум пытаньні пра сымболіку ці мову, Лукашэнка імкнуўся ня столькі нанесьці ўдар па беларускім адраджэньні, колькі імкнуўся атрымаць падтрымку насельніцтва. Проста ён знайшоў тыя пытаньні, у галасаваньні па якіх ён быў упэўнены. Як травеньскі рэфэрэндум паўплываў на фармаваньне рэжыму асабістай улады Лукашэнкі?”

(Мікола Маркевіч: ) “Гэты рэфэрэндум сапраўды стаў такім паваротным пунктам разьвіцьця Беларусі. Грамадзтву былі прапанаваныя новыя правілы гульні, новыя падыходы, паводле якіх у цэнтар усяго грамадзка-палітычнага жыцьця станавілася асоба Лукашэнкі. Гэта быў такі пробны шар. Лукашэнка быў да канца ня ўпэўнены, што грамадзтва прыме такія правілы гульні. Таму разглядалася грамадзкая рэакцыя: прыме грамадзтва гэтае беззаконьне (бо там былі пытаньні, якія паводле Канстытуцыі і закону аб рэфэрэндуме нельга было выносіць на рэфэрэндум), праглыне моўчкі ці будзе супраціўляцца. На жаль, усё атрымалася паводле таго пляну, які задумаў Лукашэнка. Бо грамадзтва не было гатовае да такога нахабства, не было падрыхтаванае арганізацыйна. І сапраўды, гэты рэфэрэндум стаў першым крокам на шляху ўсталяваньня аўтарытарнай улады ў Беларусі”.

(Сяргей Леўшуноў: ) “Я, можа, крышачку запярэчу спадару Маркевічу наконт таго, што грамадзтва было не падрыхтаванае да гэтай падзеі. Мне здаецца, што грамадзтва з пэўным энтузіязмам успрыняла тыя пытаньні, якія былі вынесены на рэфэрэндум. Пытаньне пра мову і інтэграцыю з Расеяй былі даволі актуальныя ў той пэрыяд, адпавядалі настроям значнай часткі грамадзтва. Лукашэнка проста задаў тыя пытаньні, наконт якіх яно хацела выказацца. Пазытыўныя адказы на прапанаваныя пытаньні былі ўспрынятыя Лукашэнкам як падтрымка значнай часткай грамадзтва. На самай справе гэта так і было. Безумоўна, Лукашэнка выкарыстаў атрыманую падтрымку на рэфэрэндуме на сваю карысьць.

Гэта моцна паўплывала на асобу прэзыдэнта ў псыхалягічным сэнсе. Бо з моманту ягонага абраньня і да рэфэрэндуму ніякіх значных посьпехаў ні ў эканоміцы, ні ў палітыцы ў яго не было. З дапамогаю рэфэрэндуму ён пацьвердзіў сваю легітымнасьць, якую атрымаў у 1994 годзе. Таму, безумоўна, гэта была важная падзея на шляху ператварэньня прэзыдэнта ў правадыра”.

(Карбалевіч: ) “Спрэчкі наконт выкарыстаньня такога інстытуту дэмакратыі, як рэфэрэндум, ідуць ня толькі ў Беларусі, але і ў шмат якіх краінах. Што такое рэфэрэндум? Гэта самы дэмакратычны сродак народнага волевыяўленьня, ці інструмэнт маніпуляцыі, сродак палітычнай барацьбы? У незалежнай Беларусі адбыліся тры рэфэрэндумы. Пры гэтым рэфэрэндум 1995 году быў, мусіць адзіным, калі падлік галасоў быў больш-менш сумленным. Можна згадаць рэфэрэндум 1991 году пра захаваньне СССР. Цяпер большасьць эўрапейскіх краінаў стаяць напярэдадні рэфэрэндуму адносна Канстытуцыі Эўразьвязу. У Францыі ён адбудзецца ўжо ў траўні, прычым, зь непрадказальнымі вынікамі. Дык што такое рэфэрэндум?”

(Маркевіч: ) “З майго гледзішча, калі рэфэрэндум праводзіцца ў сапраўды дэмакратычных краінах з трывалымі дэмакратычнымі традыцыямі, то гэта сродак народнага волевыяўленьня. У іншым выпадку ўсё інакш. Гэта пацьвярджае досьвед беларускіх рэфэрэндумаў, рэфэрэндумаў у постсавецкіх краінах, тыя рэфэрэндумы, якія праводзіў Гітлер. Гэта ўжо сродак маніпуляцыі, палітычнай барацьбы, мэтад навязваньня грамадзтву тых ці іншых прававых калідораў. У любым выпадку гэта заўсёды вельмі шкодна. Тады рэфэрэндумы пачынаюць выконваць ролю такой дубінкі, з дапамогаю якой зьнішчаецца іншадумства. Голас кампэтэнтных людзей, якія разьбіраюцца ў той ці іншай праблеме, часта бывае заглушаны. А наверх выходзіць палітычная воля чалавека, які хоча стаць дыктатарам і дыктаваць грамадзтву свае ўмовы”.

(Леўшуноў: ) “Сапраўды, рэфэрэндум можа быць і сродкам народнага волевыяўленьня, і сродкам маніпуляцыі выбаршчыкамі. Паглядзім на нашую нядаўнюю гісторыю. Калі распадаўся СССР, то на працягу аднаго году ў некаторых савецкіх рэспубліках спачатку народ прагаласаваў за захаваньне Савецкага Саюзу, а потым за незалежнасьць. У абодвух выпадках адказы выбаршчыкаў былі станоўчыя. Яшчэ адзін прыклад. У свой час у Аўстрыі былі праведзеныя два рэфэрэндумы на працягу месяца. Спачатку за ўхваленьне сувэрэнітэту, а потым за аншлюс зь Нямеччынай. І ў адбодвух выпадках “за” галасавала больш 90% насельніцтва. Таму для ацэнкі рэфэрэндуму трэба ўлічваць тыя ўмовы, у якіх ён праводзіцца”.

(Карбалевіч: ) “З нашага дзесяцігадовага досьведу сёньня якія можна зрабіць высновы адносна рэфэрэндуму? Якія ўмовы патрэбныя дзеля таго, каб можна было лічыць рэфэрэндум сродкам народнага волевыяўленьня? І ці адпавядаў гэтым умовам рэфэрэндум 14 траўня 1995 году?”

(Маркевіч: ) “Рэфэрэндум праводзіцца па актуальных, вельмі балючых для грамадзтва праблемах. І тут на першае месца павінна выйсьці пытаньне свабоды інфармацыі, свабоды абмеркаваньня той праблемы, якая баліць грамадзтву і паводле якой грамадзтва павінна вызначыцца. Усім бакам, якія зацікаўленыя ў выніках рэфэрэндуму, павінны быць прадстаўленыя аднолькавыя ўмовы для абмеркаваньня. Не павінна быць так, як гэта робіць Лукашэнка і Ярмошына, каб гульня ішла ў адны вароты, калі дзень і ноч з усіх тэле- і радыёканалаў даводзіцца толькі адзін пункт гледзішча. І калі гэтых аднолькавых умоваў няма, то гэта не рэфэрэндум, а прафанацыя, правакацыя і злачынства.

Я менавіта так бы ацаніў рэфэрэндум, які адбыўся ў траўні 1995 году. Таксама гэта тычыцца і ўсіх астатніх рэфэрэндумаў з адной толькі розьніцай, што з кожным наступным рэфэрэндумам мы маем усё горшыя і горшыя ўмовы для ягонага правядзеньня. Як сябра Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, я добра памятаю, як прадстаўнікі фракцыі БНФ адзін за адным выходзілі да мікрафона і доказна, спасылаючыся на законы, даводзілі, што тыя пытаньні, якія Лукашэнка выносіў на рэфэрэндум, нельга ўвогуле выносіць. Бо гэта было забаронена заканадаўствам. Але прававыя аргумэнты ў парлямэнце ня дзейнічалі. Нас ня слухалі, нашыя пытаньні ня ставіліся на галасаваньне, нам не давалі слова, нам выключалі мікрафоны.

Ужо толькі гэта паказвае, што не былі створаныя аднолькавыя раўнапраўныя ўмовы для абмеркаваньня такіх важных пытаньняў. Ішла гульня ў адны вароты. Да таго часу былі манапалізаваныя СМІ, уключаючы радыё і тэлебачаньне. Людзям не давалі ўсёй інфармацыі наконт таго, дзеля чаго праводзіцца рэфэрэндум, якія ён дае перавагі альбо кепскія наступствы для грамадзтва. Свабода абмеркаваньня, якой было пазбаўлена беларускае насельніцтва, неаднолькавыя ўмовы для бакоў — гэта, бадай, самае галоўнае, што было ў рэфэрэндуме 1995 году”.

(Леўшуноў: ) “Магу пагадзіцца з спадаром Маркевічам. Неабходныя ўмовы для правядзеньня рэфэрэндуму — гэта свабода абмеркаваньня, свабода СМІ,свабода аб’яднаньняў, з дапамогаю якіх бакі маглі б публічна адстойваць свае пазыцыі. Гэта той мінімум, без існаваньня якога гаварыць пра сапраўдны рэфэрэндум як сродак волевыяўленьня народу немагчыма. Я б толькі хацеў паапанаваць спадару Маркевічу. На мой погляд, той першы рэфэрэндум у нейкай ступені адпавядаў нормам прыстойнасьці. У мяне няма сумненьня у тым, што тыя афіцыйныя лічбы вынікаў рэфэрэндуму ў значнай ступені адпавядалі настроям тагачаснага грамадзтва.

А што тычыцца ацэнкі апошніх рэфэрэндумаў, то можна пагадзіцца, што гэта былі не рэфэрэндумы як сродак волевыяўленьня народу. Гэта, без усялякага сумненьня, былі маніпуляцыі”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, рэфэрэндум, як усялякі палітычны інструмэнт, можа быць як сродкам народнага волевыяўленьня, так і інструмэнтам маніпуляцыі. Усё залежыць ад гістарычнай эпохі, краіны, ступені дэмакратычнасьці дзяржавы і іншага. Галоўная умова, калі рэфэрэндум сапраўды зьяўляецца сродкам народнага волевыяўленьня — гэта разьвітая дэмакратыя. Відавочна, што такой умовы ў Беларусі ў 1995 годзе не было”.
XS
SM
MD
LG