Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыяцыйныя плямы ў Быхаве – узровень радыяцыі ў 500 разоў вышэй за норму


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць На тэрыторыі гораду Быхава знойдзены радыяцыйныя плямы. Паводле Магілёўскай абласной управы Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, на сёньняшнюю раніцу надзвычайная сытуацыя зьліквідаваная і пагрозы для людзей няма. Аднак жыхары Быхава, якім мясцовыя ўлады нічога не паведамілі, занепакоеныя сытуацыяй.

Быхаўскі раён пацярпеў ад чарнобыльскай катастрофы, і таму жыхароў райцэнтру моцна ўсхвалявалі пагалоскі пра новую радыяцыйную навалу. Не дачакаўшыся афіцыйных паведамленьняў, людзі самі пачалі шукаць праўдзівую інфармацыю.

(Спадарыня: ) “Ну, сапраўды, у нас ужо ўвесь горад “на вушах”, што радыяцыя вялікая. Канечне, кіраўніцтва гэта замоўчвае. А людзі ў паніцы — куды ўвогуле зьяжджаць адсюль?”

У Быхаўскім райвыканкаме пацьвердзілі, што здарэньне з радыяцыяй сапраўды было, але намесьнік кіраўніка вэртыкалі Зьміцер Ігнацьеў адмовіўся паведаміць падрабязнасьці:

(Ігнацьеў: ) “Выкіду не было, а былі проста дзьве плямы. Пагрозы ніякай няма. Ні для каго”.

Першы намесьнік начальніка Магілёўскай абласной управы МНС Сяргей Лысенка сёньня афіцыйна паведаміў, што ў Быхаве на тэрыторыі былой савецкай вайсковай часткі знойдзены дзьве радыяцыйныя плямы.

(Лысенка: ) “Крыніцай забруджаньня стала ампула з рэчывам “Радый-226”. Яе знайшоў чорны капальнік, які шукаў каляровыя мэталы ў зямлі”.

На месца выехалі спэцыялісты ў справе ліквідацыі надзвычайных сытуацыяў, санітарныя дактары. Першыя замеры праводзіліся 14 траўня, а самі плямы, паводле некаторай інфармацыі, былі ўтвораныя тыдні два таму.

Паводле Сяргея Лысенкі, у эпіцэнтры плямаў было зарэгістравана перавышэньне дапушчальнага ўзроўню радыяцыі ў 500 разоў, аднак ужо празь пяць мэтраў ад эпіцэнтру ўзровень быў нармалёвы. Гэта дае падставы сьцьвярджаць, што ад радыяцыі ніхто не пацярпеў.

(Лысенка: ) “Гэта на ўскраіне гораду. Да бліжэйшых жылых дамоў мэтраў 300—500. Гэта пустэча, па сутнасьці. Пагрозы жыцьцю насельніцтва няма”.

Адзін з капальнікаў зьвярнуўся да мэдыкаў па дапамогу, аднак на гэты момант ён ужо выпісаны са шпіталю. Надзвычайная сытуацыя, паводле афіцыйнай інфармацыі, поўнасьцю зьліквідаваная: у плямах зьняты грунт, праведзеная дэзактывацыя. Аднак людзі ў Быхаве пакуль не супакоіліся. Досьвед аварыі на Чарнобыльскай АЭС навучыў не давяраць поўнасьцю афіцыйным крыніцам. Гаворыць адзін з жыхароў Быхава:

(Спадар: ) “Яны гавораць, што ўсё нармалёва, усё чыста і пры гэтым вочы адводзяць. А мы ж не дурныя людзі і разумеем, што радыяцыю пыласосам жа не зассаць. Фон усё роўна застаецца. Дзеці ходзяць у школу, ходзяць у садкі, а апраменьваньне, напэўна, адбываецца. І ўсе пра гэта ведаюць”.

У Быхаўскім райвыканкаме сказалі, што ўлада зробіць паведамленьне для жыхароў раёну ў мясцовай газэце і на радыё, што небясьпекі для іх жыцьця і здароўя няма.
XS
SM
MD
LG