Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці лічыце вы, што з Захаду сыходзіць пагроза для Беларусі?


Ганна Соусь, Менск Ці давяраеце вы афіцыйнай прапагандзе, якая сьцьвярджае, што з краінаў Захаду зыходзіць пагроза для бясьпекі Беларусі? З гэтым пытаньнем нашая карэспандэнтка зьвярнулася да людзей на менскіх вуліцах.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, як вы лічыце, ці зыходзіць з Захаду рэальная пагроза для Беларусі?”

(Спадарыня: ) “Не, я так не лічу, бо Захад — гэта тое, да чаго трэба імкнуцца. Я не лічу, што ён можа нам неяк пагражаць”.

(Спадар: ) “З Захаду? Не. Трэба пашыраць межы, трэба жыць у згодзе з Эўропай. Эўрапейскія краіны аб’ядноўваюцца. Тэндэнцыя ідзе, каб усе жылі па-сяброўску. Я лічу, што пагроза ідзе больш з Усходу”.

(Спадар: ) “Пагрозы ніякай няма”.

(Спадар: ) “З Захаду не зыходзіць, хутчэй за ўсё, Беларусь для Захаду ўяўляе пагрозу. Я так лічу, бо ведаю палітыку нашага ўраду”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што не, таму што наша насельніцтва вельмі моцна падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку. Я асабіста таксама за яго. Да таго ж, у нас падняць людзей на рэвалюцыю проста нерэальна”.

(Спадарыня:) “Напэўна, нешта ёсьць. Адчуваецца пэўны ўплыў, нейкі ціск”.

(Спадар: ) “Я думаю, што ня ўсё так страшна. Ня ведаю, чаго народ баіцца і пра што яны гавораць. На маю думку, усё залежыць ад людзей. Мы можам зрабіць сваё жыцьцё лепшым самі, незалежна ад іншых краінаў, і тым болей ад Захаду”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што мы выстаім”.

(Спадар: ) “У нас свая пагроза ўжо шмат гадоў. Можа, яны чым-небудзь дапамогуць. А так, пакуль Лукашэнка на месцы, у нас нічога добрага ня будзе”.

(Спадар: ) “Не, там занятыя ўласным будаўніцтвам. І не стаяць у нас на межах 120 дывізіяў, як гэта было, калі пачалася вайна”.

(Спадарыня: ) “На мой погляд, такой пагрозы няма, і Беларусь павінна ісьці сваім шляхам разьвіцьця, і не глядзець на Захад або на Расею”.

(Спадарыня: ) “З Захаду?.. Для Беларусі?.. Я гэтага не адчуваю”.

(Спадар: ) “На мой погляд, не. Гэта зьвязана з тым, што, па сутнасьці, улада кантралюе сытуацыю ў краіне, і таму Захад ня мае вырашальных вагароў для ўзьдзеяньня на апазыцыю ў краіне. Таму наўрад ці ён можа сапраўды ўзьдзейнічаць неяк прымусова. Іншая справа, што непасрэдна ад пазыцыі народу Беларусі штосьці сапраўды залежыць”.
XS
SM
MD
LG