Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі штогоду ухіляюцца ад службы ў войску больш як дзьве тысячы чалавек


Вячаслаў Кулік, Менск Учора адзначаўся Міжнародны Дзень адмаўленца ад вайсковай службы па перакананьням сумленьня. Пра гэта дамовіліся на першай сустрэчы ў Капэнгагене ў 1981 годзе прадстаўнікі розных краінаў Эўропы, хто перасьледваўся ў часе Другой усясьветнай вайны ці пасьля за адмову ад вайсковай службы і ўцёкі з арміі.

Адмаўленец – гэта заходні тэрмін. А ў Беларусі той чалавек, які не жадае служыць у войску паводле перакананьняў свайго сумленьня, вымушаны ўхіляцца ад прызыву, уцякаць ад арміі. Ён – ухіліст. Зараз якраз абвешчаны чарговы набор у войска. Паводле Міністэрства абароны, на мэдычны агляд мусяць з”явіцца больш як 30 тысяч юнакоў. Адтэрміноўку можна атрымаць толькі на вучобу, па сямейных абставінах і паводле захворваньняў. Іншых прычынаў беларускія вайсковыя начальнікі не прызнаюць. Таму ў асяродзьдзі маладых людзей прысутныя настроі ўхілістаў.

(Першы юнак: ) “Лічу, што служба ў арміі – дарэмная страта часу.Таму, што за гэты час можна пэўным чынам уладкаваць сваё жыцьцё. Мне ніхто добрага не сказаў пра армію”.

(Другі юнак: ) “У нас ва ўнівэрсітэце вучыцца юнак. Я ня ведаю, якая ў яго рэлігія, але яна не дазваляе яму служыць у войску, дзяржаць зброю ў руках. Таму ён адмаўляецца, кажа, што будзе дамагацца свайго. Падтрымліваю гэта. Сам лічу, што служба ў арміі мне карыснага нічога не дасьць”.

(Трэці юнак: ) “Наконт службы ў арміі мяркую, што яна была б карыснаю, калі б, напрыклад, была ўведзеная альтэрнатыўная службы. Але, на жаль, у краіне няма яшчэ такога закону.Таму гэты тэрмін можна лепш скарыстаць – зарабіць грошы ці атрымаць адукацыю. Трэба неяк уладкоўваць пытаньне аб альтэрнатыўнай службе на дзяржаўным узроўні”.

Гаварылі прызыўнікі зь Менску. У ваенкаматах сталіцы нагадваюць, што праект закону аб альтэрнатыўнай службе быў распрацаваны ў 2003 годзе і з таго часу ён не прайшоў у парлямэнце нават першае чытаньне. Па словах кіраўніка незарэгістраванай рэлігійнай суполкі крышнаітаў Сяргея Малахоўскага, за братоў – ўхілістаў, якіх усё-такі “зацягнулі у войска па прымусу”, даводзіцца змагацца.

(Малахоўскі) “Перадусім, просім камандзіраў, каб ім забясьпечылі вэгетарыянскае харчаваньне. Па – другое, – час на малітвы, на чытаньне Сьвятога пісаньня і іншае. Пасьля такой працы, як правіла, іх альбо звальняюць альбо ўладкоўваюць такім чынам, каб яны маглі сумяшчаць службу і духоўныя абавязкі”. Па словах Сяргея Малахоўскага, Міжнародны Дзень адмаўленца ад службы якраз нагадвае, што ўсе краіны маюць абавязак паводле Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. Калі служба ў войску супярэчыць асабістым перакананьням, то чалавек мусіць мець гарантыі бясьпекі. Гэтага, аднак, не прызнаюць у Міністэрстве абароны. Нядаўна ваеннае ведамства накіравала ў парлямэнт прапанову аб увядзеньні крымінальнай адказнасьці за ігнараваньне прызыўніком нават першага пазову ў ваенкамат. Афіцэр, які паведаміў пра гэта, спасылаўся на сакрэтную інфармацыю аб павялічанай колькасьці ўхілістаў ад службы.

(Афіцэр: ) “Калі ласка, вы мае ініцыялы не называйце. Мы цяпер ня можам прыцягнуць прызыўніка да адміністрацыйнай адказнасьці , пакуль не накладзём штраф. Штраф ня можам накласьці, бо няма яго подпісу ў пазове. Пазоў ня можам падпісаць, бо ён па афіцыйнаму адрасе не пражывае. Атрымліваецца замкнёнае кола…” Па розных ацэнках, у Беларусі штогоду ухіляюцца ад службы ў войску больш як дзьве тысячы чалавек. У працэнтных адносінах гэта адзін з найвышэйшых паказьнікаў у краінах Усходняй Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG