Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабодны прафсаюз Беларускі прымушаюць пакінуць памяшканьне


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня сыходзіць тэрмін, адведзены Свабоднаму прафсаюзу Беларускаму на высяленьне з памяшканьня. Учора арэндаваную сядзібу мусіла пакінуць партыя Беларускага народнага фронту й грамадзкая арганізацыя БНФ “Адраджэньне”. Гэтага ад грамадзка-палітычных арганізацыяў патрабуюць камунальныя службы гораду.

Як паведамілі ў сядзібе БНФ, камунальныя службы Савецкага раёну, нібыта, адклікалі свой ліст-патрабаваньне. Але толькі на словах, ніякага адпаведнага дакумэнту кіраўніцтва штаб-кватэры не атрымоўвала. Акрамя таго, раённая й гарадзкая адміністрацыя доўгі час не прымаюць ніякага рашэньня адносна працягу тэрміны арэнды. І па-сутнасьці, высяленьня яны могуць запатрабаваць у кожную хвіліну. Адначасна кіраўніцтва БНФ сумняецца, што ўлады будуць гэта рабіць. І вось, як гэта патлумачыў намесьнік кіраўніка партыі Віктар Івашкевіч. (Івашкевіч: ) “Над нашым памяшканьне дзьве кватэры, якія гадоў дзесяць належаць КДБ і адтуль працягнутыя кабелі праслухоўваньня. Гэтае ведамства зацікаўленае ў кантролі за грамадзкай дзейнасьцю й ім ня трэба, каб мы сышлі на нейкія прыватныя кватэры. З іншага боку – ёсьць тупыя палітычныя рашэньні – давіць і разганяць.” Наколькі аптымістычныя настроі ёсьць у Свабодным прафсаюзе Беларускім? Тут становішча яшчэ горшае, бо камунальнікі працягваюць настойваць на высяленьні, спасылаючыся на запазычанасьць па аплаце й на завяршэньне тэрміну арэнды. Прафсаюзныя лідэры гэтыя закіды зьняпраўджваюць. У ЖРЭА Партызанскага раёну такое становішча патлумачыць адмаўляюцца, а лідэр Свабоднага прафсаюзу Беларускага Генадзь Быкаў пракамэнтаваў гэта наступным чынам. (Быкаў:) “Ня ЖРЭА ж вырашае такія пытаньні. Мы там адзінаццаты год і нікіх праблемаў ніколі не было. Гэтак закрываюцца ўсе арганізацыі, якія не кантралююцца ўладай. Самі ўлады штурхаюць нас у плечы, каб мы займаліся не эканомікай, не сацыяльнымі ці прафсаюзнымі пытаньнямі, а палітыкай. Ну, дык, можа хутчэй разьбярэмся з рэжымам у гэтай краіне. Ужо даўно гэтая праблема высьпела.” І лідэры Беларускага народнага фронту й прафсаюзнае кіраўніцтва заяўляюць, што не пакінуць займаныя памяшканьні й будуць дамагацца вырашэньне спрэчкі ў судах. Акрамя таго, Генадзь Быкаў намерваецца давесьці новыя факты перасьледу ўладамі незалежных прафсаюзаў да міжнароднай супольнасьці. Напачатку чэрвеня распачынаецца сэсія Міжнароднай арганізацыі працы, якая мусіць разгледзець адмысловае пытаньне пра становішча з правамі прафсаюзаў у Беларусі. Ці будуць улады рабіць больш актыўныя захады ў справе высяленьня – пытаньне застаецца адкрытым.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG