Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка не перадасьць уладу нават на гадзіну, нават сыну Віктару”


Алесь Дашчынскі, Менск. На гэтым тыдні адбудзецца сустрэча патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта ад апазыцыі. Дамоўленасьць пра гэта дасягнутая ў Вільні на пашыраным паседжаньні пастаянна дзейнай нарады дэмакратычных сілаў. Гэтая сустрэча адбудзецца пасьля завяршэньня вельмі важнага этапу – абласных канфэрэнцый па вылучэньні прэтэндэнтаў на адзінага. Якім чынам пойдзе гэты працэс далей?

Чакаецца ўдзел каля 10-ці вядомых палітычных і грамадзкіх дзеячоў, якія пэўным чынам заявілі пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі. Гэта ня толькі тыя асобы, якія бралі ўдзел у абласных канфэрэнцыях, але і тыя, хто застаўся па-за межамі гэтага працэсу.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька, якому даручана сабраць гэтую сустрэчу, адзначае: пакуль невядома, ці пойдзе на кантакт былы рэктар Белдзяржунівэрсытэту і палітычны лідэр сацыял-дэмакратаў Аляксандар Казулін.

(Лябедзька: ) ”Пакуль ён не прымаў удзел у папярэдніх сустрэчах, а па другое, мне падаецца, што ў Казуліна крыху іншая стратэгія ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі, і ён там не прэтэндуе на нішу кандыдата ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў, на нішу “беларускага Юшчанкі”, таму, натуральна, што ў бліжэйшай пэрспэктыве, улетку, тут наўрад ці можа быць паразуменьне. Хаця можа быць супрацоўніцтва па некаторых агульных накірунках дзейнасьці і з Казуліным, я гэтага не выключаю ”.

Лідэр "трэцяга сэктара" Аляксандар Мілінкевіч выказвае шкадаваньне, што Аляксандар Казулін -- безумоўна, адзін з моцных патэнцыйных кандыдатаў, падтрыманы часткай сацыял-дэмакратаў, не далучаецца да агульнага працэсу.

(Мілінкевіч: ) “Яны ставяць пэўныя ўмовы, якія цяжка сёньня рэалізаваць. Я думаю, што перамовы трэба праводзіць, і я асабіста на сябе бяру гэткі абавязак сустракацца з усімі патэнцыйнымі, якія яшчэ цалкам не далучыліся, кандыдатамі ў кандыдаты і буду іх пераконваць, каб яны разам ішлі на кангрэс. Мая прынцыповая пазыцыя, што трэба ісьці толькі адной калёнай ”.

На агульнай сустрэчы патэнцыйных мяркуецца разгледзець сытуацыю з працэдурай абраньня адзінага кандыдата, бо неабходна прымаць канкрэтныя рашэньні ды фармаваць кола ўдзельнікаў. На апошнім паседжаньні 10-кі, пасьля гарачай дыскусіі, была падтрыманая прапанова – адчыніць дзьверы на нацыянальны кангрэс для шэрагу асобаў з прэзыдэнцкімі амбіцыямі і пэўным палітычным ды маральным аўтарытэтам.

Таму Віцебская абласная канфэрэнцыя не разглядаецца ў якасьці апошняга шанцу, да прыкладу, для Ўладзімера Коласа ці Аляксандра Вайтовіча. У іх ёсьць магчымасьць прыняць удзел у кангрэсе дэмакратычных сілаў. Такім чынам, фармальна, у нечым даводзіцца адмовіцца ад выкананьня прынятай працэдуры, але, паводле Анатоля Лябедзькі, ніхто не зьбіраецца спыняць працэс і працэдуру.

А як ставяцца патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта да такой магчымасьці пайсьці разам з астатнімі, хто прайшоў праз абласныя канфэрэнцыі, на кангрэс дэмакратычных сілаў? Напрыклад, былы старшыня Савета рэспублікі Аляксандар Вайтовіч скардзіцца, што ад пачатку “пяцёрка” выкінула астатніх патэнцыйных, не дазволіла ім браць удзел у канфэрэнцыях.

(Вайтовіч: ) “Спачатку адмовілі людзям удзельнічаць у абласных і цяпер людзям прапануюць, якіх не бачылі на абласных канфэрэнцыях, якія не маглі выступіць, паказацца, адказаць на пытаньні, яны ўжо прапануюць напрамую ісьці, дык дзе ж тут, як кажуць, роўнасьць? На кангрэс я магу схадзіць і паглядзець, як там усё адбываецца, але ж удзельнічаць нароўні з тымі, хто прайшоў абласныя канфэрэнцыі, гэта трэба ведаеце, як добра падумаць, таму што мы ня ў роўным становішчы атрымліваемся адразу: яны ўдзельнічалі, а мы ня ўдзельнічалі. Тая працэдура, якая цяпер дзейнічае і падыходзіць да канца, яна не прывядзе да вылучэньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў ”.

Раней некаторыя палітыкі прагназавалі, што кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка можа пайсьці на правядзеньне датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў. Як ставяцца цяпер да падобнага сцэнару разьвіцьця падзеяў?

Найперш я пацікавіўся ў старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, ці магчымы такі варыянт, што Лукашэнка абвесьціць датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары ўжо ў гэтым годзе. Ці разглядаюцца такія ініцыятывы?

(Ярмошына: ) ”Я думаю, не. Мне пра гэта нічога невядома. Я думаю, што прэзыдэнт адказаў выразна на гэтае пытаньне, выступаючы з апошнім пасланьнем перад парлямэнтам краіны, калі ён назваў дату правядзеньня ўсебеларускага сходу, менавіта як справаздачнага, пачатак наступнага году. Гэта гаворыць аб тым, што выбары будуць толькі ў наступным годзе. Як правіла, гэтыя падзеі заўсёды ўвязаныя. Апошні ўсебеларускі сход праходзіў напярэдадні выбараў 2001 году ”.

А як ставяцца да магчымасьці правядзеньня датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў у шэрагах апазыцыі? Меркаваньне лідэра АГП Анатоля Лябедзькі.

(Лябедзька: ) “Беларусь – гэта тая краіна, у якой ніхто нічога прагназаваць на 100 адсоткаў ня можа. Адзінае, што мы прымаем да ўвагі, што беларускае заканадаўства прадугледжвае датэрміновае правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў у трох выпадках, і ў кожным зь іх Аляксандар Лукашэнка мусіць пераўтварыцца з правіцеля ў звычайнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Ён на гэты тэрмін мусціь быць не прэзыдэнтам краіны, не правіцелем Беларусі, а звычайным грамадзянінам. Мне цяжка ўявіць, каб Аляксандар Рыгоравіч хаця б на адзін дзень, на тры гадзіны перадаў велізарную уладу, якой ён валодае, некаму -- ці прэмьер-міністру, ці свайму старэйшаму сыну Віктару. Я гэтага не ўяўляю. Псыхалягічна гэта вельмі складана, каб ён пайшоў на гэты крок, а іншае не прадугледжана ”.

А вось што думае пра магчымасьць датэрміновых выбараў патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч.

(Мілінкевіч: ) “Аб гэтым увесь час гавораць: і сапраўды, калі б ён абвясьціў датэрміновыя выбары ў гэтым годзе, апазыцыі было б значна складаней па той прычыне, што нам зрабіць вядомым чалавека, які абярэцца кангрэсам, будзе надзвычай цяжка. Таму, безумоўна, лепш для апазыцыі выбары ў наступным годзе. Цяжка сказаць -- толькі адзін чалавек у краіне ведае, калі ён прызначыць выбары ”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG