Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод дэмактывістаў Віцебшчыны найбольш галасоў атрымаў Мілінкевіч


Браніслава Станкевіч, Віцебск 15-га траўня на Віцебшчыне прайшла абласная канфэрэнцыя ў справе вылучэньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі ад дэмакратычных сілаў. Міліцыянты спрабавалі сарваць канфэрэнцыю, якую і без таго давялося праводзіць у “партызанскіх” умовах – у прыгарадным ляску, куды дэлегаты дабіраліся малымі групамі з дапамогаю праваднікоў.

Абласную канфэрэнцыю ў справе вылучэньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў было вырашана правесьці ў лесе пад Віцебскам, бо правесьці такую імпрэзу ў горадзе тутэйшыя актывісты палічылі немагчымым. Цягам апошняга месяца гарадзкія ўлады адмаўлялі апазыцыянэрам у правядзеньні масавых акцыяў, нават калі яны плянаваліся ў адмыслова вызначаных для гэтага месцах, і таму несанкцыянаваную канфэрэнцыю сёньня праводзілі на самай гарадзкой мяжы – там, дзе раён прыватнае забудовы “Лучоса” пераходзіць ў лясны масіў.

Аднак віцебская міліцыя знайшла апазыцыянэраў і там. На ціхіх вулачках прыгараду наўрад ці бачылі калі-небудзь такую колькасьць міліцэйскіх машын, як сёньня, і дэлегатаў канфэрэнцыі ў лесе сустрэлі каля двух дзесяткаў міліцыянтаў – з Віцебскага раённага і абласнога аддзелаў. Прэтэндэнты на вылучэньне апавялі, што на пад’ездах да гораду іх машыны спынялі па некалькі разоў, нібыта дзеля праверкі дакумэнтаў.

Начальнік абласнога аддзела аховы правапарадку Сяргей Іваноў зьвярнуўся спачатку да прэтэндэнта Анатоля Лябедзькі, які прыехаў на канфэрэнцыю першым, з тым, каб усім прысутным было загадана разысьціся. Спадар Лябедзька гэтыя захады праігнараваў, зазначыўшы хіба, што ў такой сытуацыі тут, на Віцебшчыне, яму давялося апынуцца ўпершыню.

(Лябедзька:) “Я не выключаю, што, калі сёньня ў Віцебску адбываецца якая-небудзь сходка “злодзеяў у законе”, то на ёй няма ніводнага міліцыянта, і няма ніякіх праблем! Крыміналітэт можа спаць спакойна, бо праблемы ёсьць толькі ў тых, хто мае адрозны ад Аляксандра Рыгоравіча погляд на жыцьцё. Таму, калі першыя канфэрэнцыі яшчэ можна было праводзіць бесперашкодна, то цяпер – толькі забарона.

Калі міліцыянты папярэдзілі, што арыштуюць кожнага, хто будзе выступаць з прамовамі, да нечага заклікаць або нават проста засьпявае песьню “неадпаведнага зьместу”, арганізатары канфэрэнцыі прапанавалі іншы фармат яе правядзеньня. 109 дэлегатаў падзяліліся на чатыры групы, да якіх па чарзе падыходзілі чацьвёра прысутных прэтэндэнтаў на вылучэньне: Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Аляксандар Мілінкевіч і Станіслаў Шушкевіч. Яны адказалі на пытаньні і падзяліліся сваімі плянамі. Валеры Арцішэўскі, Мікалай Бусьнюк і Валеры Грыцук на сустрэчу не прыехалі, а прадстаўніком Мікалая Статкевіча стаўся тутэйшы кіраўнік гарадзкой арганізацыі БСДП “Народная Грамада” Аляксей Гаўруцікаў.

Галасаваньне таксама праводзілася незвычайным чынам: хаваючыся ад міліцыянтаў, усе дэлегаты па чарзе падыходзілі да маладога чалавека са скрыняй у плястыкавым пакеце і кідалі ў яе патаемна раздадзеныя бюлетэні. Калі галасы падлічылі, то высьветлілася, што найбольшым даверам у прадстаўнікоў дэмакратычнае грамадзкасьці Віцебшчыны карыстаецца Аляксандар Мілінкевіч, ён набраў 68 галасоў. За Сяргея Калякіна прагаласавалі 53 чалавекі, за Анатоля Лябедзьку – 46, за Мікалая Статкевіча –39, за Станіслава Шушкевіча –27, за Мікалая Бусьнюка – 21, за Валерыя Арцішэўскага і Валерыя Грыцука – па 9 чалавек.

Міліцыянты затрымалі толькі аднаго ўдзельніка канферэныі – Міхася Баўтовіча з Полацка. Але ў пастарунак ён трапіў не за ўдзел у імпрэзе, а за распаўсюд бюлетэня “Полацкі край”, у выходных дадзеных якога міліцыянты знайшлі недакладнасьці. На спадара Баўтовіча склалі пратакол і паабяцалі выклікаць на пасяджэньне адміністрацыйнай камісіі.
XS
SM
MD
LG